Выбрать главу

— Нічога сабе любоў! Аж заенчыў!..

Праверыўшы, што трэба, аддаўшы распараджэнні, Міканор паведаміў Хоню, што пойдзе зараз паппядзіць кароўнік, заклапочана, дзелавіта падаўся з хлява, з двара. Людзі пачціва расступаліся перад ім, некалькі чалавек з гуртам дзетвары рушылі ўслед. У цэнтры натоўпу, што застаўся, Руды ўзрадавана ўзяўся тлумачыць:

— У кожнай культурнай канюшні абязацельно павінны буць, так сказаць, ячэйкі на кажнаго каня…

— Зноў ты, братачко, за агітацыю сваю! — учапіўся нейкі сур’ёзны Зайчык.

— Я не агіцірую, я саўсім, так сказаць, — наабарот. Крыцікую: што вы робіце няправільно. Замест таго штоб, як вучыць парція, строіць канюшні, вы ўсё разабралі па хлявах. Ето ж скрыўленне, а не калгас!

— Ты глядзі, дзядзько, — шмаргануў носам Алёша Губаты, — а то за агітацыю проціў калгасаў — мы не пагладзім па галаве! Знаеш, што — за агітацыю?

— Знаю. Дак я ж, — не траціў гонару Руды, — крыцікую не проціў калгасаў у цэлым. Я проціў, так сказаць, няправільных калгасаў. Следавацельно — за правільныя. Як вучыць парція.

— Там разбяруцца, дзядзько, — у тоне Алёшавай гаворкі чулася пагроза, — за што ты агіціруеш!

— Ты не вучы мяне, — зазлаваў Руды. — Рано вучыць узяўся! Не знаеш нічого, дак другіх слухай!..

Але ўсё ж прыціх, неўзабаве i зусім сышоў з двара. A іншыя яшчэ доўга тоўпіліся, вязалі стрыманую гаворку, маўчалі, курылі…

3

Тое, што бачылі, чулі, было самым вялікім клопатам Куранёў. Мала было такіх хат, двароў, дзе б не гаварылі пра гэта, не меркавалі, не думалі. Гаварылі, думалі ў хлявах, у гумнах, у полі, дома, зморана вячэраючы, у думнай начной цішыні на палацях.

Абышоўшы ўсе двары, дзе збіраліся людзі, наслухаўшыся i нагаварыўшыся, Куліна Чарнушкавых толькі апоўдні вярнулася на свой двор. Чалавек каля хлява сек нажом свежае, толькі што нарванае зелле — рыхтаваў яду свінням.

— Як падурнелі! — не першы раз абурылася, быццам i не заўважаючы таго, што робіць чалавек, не дзівячыся, што робіць яе справу: не да таго ёй!

Чарнушка нібы не чуў, наўколенцах сек i сек зелле — заняты быў, здавалася, толькі сваім клопатам. Потым ужо спакойна, стала параіў:

— Не заракайся!

— Я?! А не даждуцца!

— І не будуць дажыдацца! Сама пойдзеш… Як прыйдзе пара!..

— Ето я?!

— Ты, — Чарнушка не спыніўся на момант — звыкла сек зелле.

Мачыха, яшчэ распаленая няўвагай чалавека, яго недавер’ем, не ведаючы, што сказаць, вартае таго гневу, які гарыць у ёй, склала раптам фігу, ашалела тыцнула кудысьці ў сяло:

— От ім!

Чарнушка зноў стала параіў:

— Не заракайся!

Кінуўшы секчы, ён устаў, зірнуў на жонку зморана i як бы не разумеючы:

— Чаго ты ето бядуеш так? — Ён выдзеліў асабліва "ты". — Можно падумаць — ты найболей утраціш!.. Багацце самае вялікае, можно падумаць, у цябе!

— А не багацце? Як мы толькі ім i жывем! — Куліна глядзела на чалавека i, здавалася, таксама не разумела яго.

— Багацце, штоб яно правалілася! Свету белаго не бачыш, а толк які!.. Дочку ў багатыя вывелі! — загаварыў ён раптам інакш, болесна, як бы са слязамі.— Багацейкаю, паняю зрабілі!.. Цешся адно!.. — Зазлаваў, загадаў мачысе: — Бяры, зелле свінням давай, багачка!..

Чарнушчыха, збітая трохі папрокам за Ганніну бяду, у якой яна чула сябе такі вінаватаю, хоць i не паказвала гэтага, момант шукала, што б такое сказаць чалавеку, — калі ўбачыла, што Хведзька, які паявіўся аднекуль, сочыць пільна i з нейкім смехам.

— А еты, еты — зноў гультаваў! Зноў не ганяў на выган! Абы матка адвярнулася на хвілінку — гуляць!.. Выскаляецца шчэ! — Чарнушчыха ў запале пашукала, ці няма поблізу дубца, не знайшла, i раптам ухапілася мяшаць свінням зелле.

— Няма капі i етаму рабіць! — прамовіў Чарнушка. — У матку пайшоў. Таксамо жыць не можа без паліцікі!..

Пад вечар зайшла Ганна, i спрэчка, што, здавалася, забылася ўжо, зноў узгарэлася, толькі што цяпер i бацька i мачыха — як нейкаму праўдзіваму суддзі — даводзілі Ганне кожны сваю праўду.

Хведзька таксама быў тут, упоцемку моўчкі сядзеў за стапом, чакаў, што скажа праўдзівы суддзя матцы i бацьку.

Сабраліся вячэраць, а не вячэралі. Нібы забыліся, чаго сышліся.

— Не багацце, кажа, — скардзілася мачыха. — Як усе адно я не знаю, якое багацце! Гора, а не багацце! Але i тое забуваць не трэба, якое ні е, а жывем з яго! Жывем, не памерлі!..

— Толькі што! — неахвотна — не любіў спрэчак! — азваўся Чарнушка.

— Жывем, дзякуваць Богу! І ядзім нешто, i адзеты! І хлеб твой, i хата твая! І карова, i авечкі твае! Як там ні жывеш, а жывеш спакойно! Знаеш: калі што якое, дак выручыць е каму!..