— Ціхо, кажу! — зноў шапнула, просячы, матка. Сказала з папрокам: — Пра дзяцей трэба думаць!
— Ты адна думаеш, нібыто!..
— І ты думай! Не адны!..
Бацька плюнуў i, чуваць было, важка павярнуўся. Не спаў таксама доўга, але ужо не загаворваў з маткаю. Думаў штосьці сам сабе.
Хадоська думала мала, неахвотна, чула сябе дзіўна адзінокай, пакінутай. Дзень гэты нібы адабраў у яе надзею; яшчэ ўчора яна спадзявалася, што Хоня ўсё ж адумаецца, вернецца да яе; чула, што мае хоць якую сілу i ўладу над ім, а сёння пабачыла, што ні ўлады, ні сілы ніякай няма; няма таго радаснага, цёплага, чым жыла ўжо даўно, з чым песціла самыя дарапя надзеі. Хоня не паслухаўся, пайшоў далей; зусім разышоўся. Казала ж яму: пра калгас каб i не думаў; у калгас, казала ж, яна не пойдзе, хоць што; калі не выпішацца, каб i не думаў пра яе; дык от — завёў усё сваё, аддаў; зусім ступіў за мяжу, якую яна не пяройдзе ніколі. За мяжу, якая ix раздзяліла; навек раздзяліла.
"Ну i няхай! Няхай жыве сабе! Не канешне ето, пражыву адна! Доля такая ўжэ: жыць адной!.. Е чаго бедаваць!.."
Бедаваць, здавалася, не было чаго, а маркота дзіўна не адыходзіла. І чула сябе Хадоська ўсё адзінокай, пакінутай. І ніяк не магла даўмець: што будзе далей?..
У старога Глушака пад цьмянай, з прыкручаным кнотам, лямпаю сядзелі Яўхім i маўклівы, пануры Пракоп. Пракоп моцнымі локцямі ўпіраўся ў стол, вялізнымі чорнымі далонямі трымаў важкую, зарослую да вачэй галаву.
Яўхім, трохі горбячыся на ўслоне, па-дамашняму ўвесь у зрэбным, у лапцях, прыжмурваючы вока, дыміў папяросаю.
— Дзядзько, не думайце багато, — казаў, пасміхваючыся, Яўхім. — Вам, ей-бо, няма чаго голаву ламаць!.. Вам, дзядзько, самы мамент — у калгас!..
Пракоп варухнуў брывом, коса i люта зірнуў на яго. Ён апошнімі днямі быў заўсёдным госцем у Глушаковай хаце, бавіў тут дымныя вечары, слухаючы развагі i парады старога. Стары быў рады яму; калі сядзелі ўдваіх, гаворка ішла заўсёды ў добрым ладзе. Трывожыў гэтыя вечары толькі Яўхім, што іншы час не прападаў недзе, a ўвальваўся ў бацькаву хату. Яўхім век падкусваў Лесуна.
— Ей-бо, дзядзько, самы мамент — у калгас!
Глушак на другім услоне абстругваў, забіваў калкі ў граблі, глянуў на сына недавольна.
— Не трывож чалавека! — вялеў Яўхіму суха, цвёрда.
— Час такі, тато, — лагодна, нібы паслухмяна запярэчыў Яўхім, — думаць трэба. Хочаш не хочаш, а трэба трывожыцца. Думаць трэба. Балото над нагамі зараз прарвецца. Штоб не було позно!.. — Ён зноў жмурыўся на Лесу на. — Ей-бо, адзін выхад, дзядзько, калгас!
Пракоп важка выкаціў мацюк.
— Ето не трэба, дзядзько! Ето дзелу не паможа, — i вам штоб шкоды не нарабіло! Да й ні на што усё: вам, як трудавому чалавеку, калгас — адзіная дарога! Ісці трэба, падскокваючы ад радасці, маліць, штоб скарэй забралі ўсё! Ісці да й другіх шчэ весці з сабою!.. Прыклад другім паказуваць, каторыя несазнацельныя. Каторыя дабра свайго для савецкай уласці шкадуюць. Ето ж е такія гады, каторыя коней, кароў, авечак сваіх для савецкай уласці шкадуюць!..
— Яўхім! — зноў загадаў Глушак.
— Ей-бо, тато, е такія шчэ гады!.. Трэба ж, дзядзько, карміць начальнікаў, каторыя ў гарадах. Дзяцей ix, жонак, палюбоўніц ix, да й не абы-чым, не расолам якім. А мясам, мукою, булкамі, каклетамі!..
Сазнацельным трэба буць, дзядзько! Бегці скарэй, падскакуючы да й другіх шчэ цягнучы! А вы, эх вы, дзядзько, нашто толькі галава ў вас на плячах! — думаеце шчэ!.. Скарэй у калгас бяжыце! Ей-бо!.. Не бойцеся, што Міканор не дасць рады! Ён — спрытны, скора знайдзе збыт усяму! Вам голаву ламаць не прыйдзецца!.. Не бойцеся!.. Бяжыце!..
— Што ж ето, праўда, будзе? — адгукнулася ад палацяў старая, якая то драмала, то абуджалася.
— Будзе, што хоча савецкая ўласць. Што хоча, тое i будзе!.. — Яўхім дакурыў, плюнуў на акурак, растаптаў лапцем на падлозе. — Савецкая ўласць — уласць цвёрдая. Што намерыцца — тое i зробіць!.. — Адолеў сур’ёзнасць, зноў загаварыў з насмешачкай: — Я, калi б не цвёрдае заданне, з радасцю б у калгас!.. А то ж не прымуць — элемент класавы! Не паглядзяць, што i жонка з трудзяшчаго элемента!
Устаў, сабраўся ісці. Задумаўся чагосьці, неспадзявана сур’ёзна сказаў:
— Такі i праўда, пайшоў бы. Усе адно жыць не жывеш. А там — хто знае. Mo i будзе нешто… Толькі ж, — зноў прамовіў з насмешкай, — не просяць! А лезці — калі б’юць — не люблю!
— Наплёў! — пакруціў галавою стары, калi Яўхім бразнуў сенечнай клямкаю.
Стары ў гэты вечар быў нязвыкла маўклівы i пануры. Так i бавілі рэшту вечара: адзін корпаўся з граблямі, другі толькі час ад часу шалёна варушыў брывамі ды жаваў чорную пасму вусоў.