Выбрать главу

Думны i розны быў куранёўцам гэты вечар.

4

Пад вечар Зайчыха i Вольга падаілі кароў, сталі раздаваць малако калгасаўскім жанкам. Пад прыглядам старшыні, які явіўся асабіста праверыць, як будуць выконваць яго ўказанне, Вольга карцом мерала малако, налівала ў гладышкі, якія йрынеслі жанкі.

— Строго па колькасці едакоў! — нагадваў важны, цвёрды Міканор Вользе, што зачэрпвала з вядра. — Штоб — па справядлівасці!..

Ён казаў не так для Вольгі, якая ўсё ўжо ведала i якая, канешне, будзе рабіць так, як трэба, — новы старшыня казаў для тых, што цікаўна тоўпіліся навокал, назіралі.

— Па справядлівасці штоб. Пароўну. А не так — каму густо, каму — пусто!

Міканор быў давольны: чуў, што кожнае слова яго ловяць, панясуць па хатах, будуць абмяркоўваць, думаць над кожным словам. Давольны быў, што ўсе бачылі: калгас жыве, ён, Міканор, недарэмна біўся; ужо не словамі, справаю можна было паказваць прыклад, як трэба жыць i тым, што стаялі ўбаку, глядзелі. Няхай глядзяць, думаюць, можа, таксама за розум возьмуцца!

Блізка была матка, перахапіў нейкі маркотны i чакальны позірк яе, але не падаў знаку, што заўважыў: не месца для сямейных спраў, не сын тут, а старшыня. Сам, можна сказаць, бацька.

— Ну, дак — як першы дзень рабілася? — павярнуўся старшыня да Зайчыкавай, што, склаўшы рукі на жываце, глядзела, як Вольга дзеліць малако. Была, прыкмеціў Міканор, узрушаная, шчаслівая, але шчасце стрымлівала, таіла. І нібы ніякавела пад людскімі позіркамі.

— Да чаго ж. Рабілася добра. — Яна ўзрадавалася, даўгаваты, худы твар засвяціўся, ніякавасць прапала. — Рабілася весело… Толькі Алёшава, — зноў узрадавалася нібы, — не даецца! Не прызнае быццам! Я i так, i так да яе — не хоча! Адну Арыну падпусціла!

— Яна i дома адну мяне прызнавала! — сказала Арына.

— Не прывыкла. Старыя прывычкі! — уставіў хтосьці з жанок.

— Прывыкне! — заявіў Міканор спакойна i паважна. З той жа паважнасцю загадаў Хведару, даяркам:

— Давайце корму нанач. І можно — дадому. Заўтра штоб рано, як паложано па рэжыму.

— Не бойся. Не апознімся, — паабяцаў Хведар.

— Ну, дак я — пайду, — сказаў заклапочана. — Трэба шчэ паглядзець, што там на канюшні!

Мерна, упэўнена ступаючы, прайшоў паўз цікаўных, падаўся вуліцаю. Па тым, як ішоў, у шэрым, у пасачку, пінжаку, у картовых святочных, першы раз надзетых, штанах, у добра намазаных дзёгцем ботах, у кепцы, насунутай на лоб, было відаць, што ідзе чалавек заклапочаны, чалавек, на якога паклалі нялёгкі абавязак. Мерна, дзелавіта выйшаў з двара, па-гаспадарску стала рушыў вуліцаю. Востра заўважаў позіркі з-за платоў, з вокнаў.

На Хоневым двары, каля хлява, таксама купчылася чародка. Як i ўдзень, чародка была з мужчын, каля якіх круціліся, шнырылі дзеці; з жанок тырчала адна Сарока.

— Пара ўжэ, не сакрэт, i разыходзіцца! — нібы распарадзіўся Міканор; не прыпыняючыся, дзелавіта падаўся ў хлеў.

— Не гані! Прыйдзе пара — самі пойдзем да двара! — пачуў услед, але не стаў, не адказаў нічога.

У хляве было ўжо цемнавата, упоцемак, вылучаючы Хоневу i Зайчыкаву постаці, бадзёра кінуў:

— Як тут у вас, канюхі?

— А так што, — нібы рапартуючы, звонка адгукнуўся Хоня, — можно сказаць: служба ідзе!..

— Усё як трэба, братко!

— Не братко, а — старшына! — паправіў Зайчыка Хоня. — Адказуваць не знаеш як!

— Малады шчэ! Не навучыўся! — захіхікаў Зайчык.

Далі коням сена, Міканор прайшоў, праверыў, як прывязаныя. Разам з Хонем i Зайчыкам выйшаў з хлява.

— Не вельмі, старшына, пабагацелі! — пачуў Міканор з чарады злараднае.

Стаў, рэзка адказаў:

— Не радуйся, дзядзько! Будзем — багацей! Пародзістых скора прывядзем з Юравіч!

— Ждуць вас там!

— Ждуць! Прывесці павінны скора! З коннаго завода!

— Занудзіліся там, ждучы вас!

— Ето паглядзім, як прыйдуць!

Міканор з Зайчыкам i Хонем пайшлі ад хлява. Следам паслухмяна рушыў i натоўп. Хоня зачыніў вароты за ўсімі, вярнуўся к Зайчыку i Міканору, што курылі перад ганкам.

Міканор ужо збіраўся падацца дадому, але Зайчык сказаў:

— Такі дзень грэх пускаць сухім, братко, ей-бо!

— Не Мікола святы, дзядзько Іван, — штоб піць канешне! — запярэчыў Міканор.

Зайчык кінуў вачыма да Хоні, што ішоў да ix, загаварыў жвавей, гарачэй:

— Не кажы, старшына! Свято шчэ большае, дак i выпіць больш трэба б!

— Ето праўда! — падхапіў Хоня. — Дак давайце ў хату! Mo знайдзем слязу якую!

У хаце было цёмна, у цемру, туды, дзе ляжала звычайна Хонева матка, далі "добры вечар". Хоня запаліў лямпу, i Міканор з Зайчыкам убачылі добрыя, уважлівыя вочы старой, дзяцей, якія стаялі пры стале, сачылі з палацяў, з печы. Хоня адчыніў скрыню, дастаў пляшку самагонкі, паставіў на стол тры чарачкі, адну з адбітай ножкай палажыў. Пад вясёлае крыўлянне i жартачкі Зайчыка выпілі, разам з Хоневай маткай. Хоня падаў старой чарку перш, чым выпіў сам, — памог падняць галаву. Толькі калi матка выпіла, калi даў закусіць гурка з хлебам, вярнуўся зноў да сяброў.