Выбрать главу

Сядзелі ўтраіх за сталом, чвякалі гуркамі, сёрбалі расол, дружныя, пажвавелыя, гаманілі, як браты.

— Перагародкі рабіць, няйнакш, трэба! — меркаваў дзіўна гаспадарліва Зайчык. — Штоб не пакалечылі адзін аднаго!

— Канюшню трэба! Як паложано! — Міканор чуў, як ад выпітай гарэлкі мацнее ў ім задзірыстая ахвота спрачацца, выстаўляць сваё. — На трыццаць коней! З кармушкамі i ca станкамі! Як у Вадавічах!

— Не пагано б! — засмяяўся Хоня. — Толькі што малаціць трэба да араць!

— Аранне адложым покуль! Землеўпарадкаванне наўперад правядзём! Штоб адзіны масіў адрэзапі! Да кеб землі, не сакрэт, як паложано калгасу! Лепшай! Што каля цагельні, я трэбую!

— Непагано! Нагледзеў! — засмяяўся Хоня.

— Выбраў! — пахваліў i Зайчык. — Калі б адрэзалі ето, анігадкі булі б, ей-бо!

— Адрэжуць! Я трэбую! Пад калгас — па закону папожано — лепшую павінны!

— Лепяцца там ужэ на лепшай! Гвалт падымецца на ўсё сяло! — разважліва сказаў Хоня.

— Як муравейнік, забегаюць! Калі кіем разварушыш! — Зайчык пакруціў галавою. — У самы муравейнік уткнем кій, браткі!

— Дзятлік Васіль вытаргаваў там палоску ад Лесуна, — згадаў, быццам спачуваючы, Хоня.

— Будзе галасу! — радаваўся Зайчык.

— Е такія, што i так зубы точаць! — пану pa сказаў Міканор. — Кеб далі рады — з’елі б!

— З’елі б, кеб зубы такія мелі! Ето праўда, Міканорко! — весела падтрымаў Зайчык.

— Багацеі смяюцца: "Галадранцы сышліся!.." Няхай смяюцца! — Міканор стукнуў кулаком па стале. — Пабачым, хто потым смяяцца будзе! Хто смяяцца, а хто — плакаць!

Калі выпілі яшчэ па чарцы, Хоня пакруціў галавою, з дружбацкаю, шчыраю ўсмешкай прызнаўся:

— Адвярнулася ад мяне прысуха мая! З сягонняшняга дня любоў мая дала трэшчыну! — Не так ужо весела дадаў: — Наперакор ёй зрабіў!

— Правільно зрабіў! — заявіў голасна, ні трохі не вагаючыся, Міканор. — Даўно трэба було ламаць ето з ёю! Кулацкае, не сакрэт, нутро ў яе, у Хадоські! Точно такое, як i ў бацькі яе!

— Пра бацьку не скажу нічога, а на яе ты — дарэмно, — ціха, але ўпэўнена сказаў Хоня.

— Недарэмно! Нібыто-Ігнат — стопрацэнтны кулак па нутру! І яна — недалёко ад яго! Ты правільно ето, што — паламаў! Канчаць трэба зразу!

Хоня памаўчаў трохі, не тоячыся, прызнаўся:

— Не магу! От сягоння — як успомню, кошкі душу шкрабуць! Сам сабе не рады!

— Цвёрдасці ў цябе мало! — сказаў з папрокам Міканор. — Ніякай пралетарскай стойкасці!

— Мало! — ахвотна згадзіўся Хоня. Неспадзявана, са звычайнай сваёй бесклапотнасцю зарагатаў.— Да яе — праўда — мало!

Міканор ад гэтага рогату нахмурыўся больш: не таіў, што яму не падабаецца неразумны Хонеў смех. Зайчык раптам заўважыў, кіўнуў Хоню на палаці:

— Матка штось сказаць хоча…

Хоня ўстаў, схіліўся над палацямі.

— Усё сваё! — прамовіў, давольны, вярнуўшыся. — Харошая, кажа, Хадоська! Штоб — жаніўся!.. — Засмяяўся. — От, а ты гаворыш!.. — Са смехам, нібы з адчаем, рашыў: — Жанюся!

— Як ето! — у Міканоравым голасе былі здзіўленне i абурэнне.

— Не знаю сам! — перавёў усё на жарт Хоня. — Ажанюся! Праўда!..

Зайчык ускочыў у гаворку, смешачкамі адвёў яе з небяспечнага кірунку…

Рэшта вечара ішла зноў у добрым ладзе, у агульным клопаце. Гаманілі зноў, як браты. І разышліся прыхільныя, таварыскія, не нагаварыўшыся, здавалася, удосталь.

Калі Міканор вярнуўся дахаты, матка i бацька яшчэ не спалі. Бацька, што сядзеў разуты, у споднім на палацях, зірнуў насустрач з радасцю i гонарам:

— Дзе ето заседзеўся, старшына? — У тым, што ён назваў не "Міканор", а "старшына", у тым, як сказаў гэта, чуўся таксама гонар сынам.

Матка адразу дастала з печы чыгун, насыпала ў місу картоплі, паставіла скавародку з салам. Звычайна ў вячэру падавалі гуркі ці капусту, i Міканор гэта адзначыў таксама як знак павагі да сённяшняй яго працы. Можа быць, што зрабіць гэта параіў матцы бацька…

— Тато, пойдзеце заўтра на канюшню, — сказаў бацьку. — Кармушкі рабіць i перагародкі…

Бацька кіўнуў: "Добра" — паслухмяна i з радасцю.

Міканор еў ахвотна, са смакам, i прычынаю гэтаму бьші не толькі гарэлка ды бедная Хонева закуска, a i вясёласць, што зноў поўніла ўсяго. З-за гэтай вясёласці не бачыў, якім маркотным йозіркам глядзела матка, што сядзела па другі бок стала, цярпліва склаўшы на грудзях рукі.