Выбрать главу

— Не плач, не сумуй тут адна! Я скоранько вярнуся! Скоранько!..

Акуратна затуліла калыску полагам ад камароў, ухапіла граблі i хутчэй падалася да пракосаў.

Пераварочвала граблямі сена, a думкі, а душа былі ўсё каля дуба, каля дачушкі: ці не захацела есці, ці не мокранькая, ці не кусаюць камары. Пераставала грэбці, пільна ўслухоўвалася — ці не чуваць плачу.

Плачу не было, шыркалі адно косы наводдаль ды звінела, стрыкала балотная драбната.

Усё ж трывала неспакой нядоўга: уткнуўшы канец фабель у балота, подбегам падалася зноў да дубка.

У калысцы было ціха. Верачка спала. Адно некалькі камароў зашылася пад полаг, адзін — пачырванелы ўжо — сядзеў на шчочцы.

Сагнала, забіла камара, выгнала іншых — супакоеная пабегла да грабель.

Так было ўвесь дзень. То шастала сенам, то бегла к дубку, мяняла, сушыла пялёнку, давала малой грудзей, гушкала, супакойвала, прысынала. Стары Глушак, бачачы гэтае бясконцае беганне, зазлаваў, прасіпеў з папрокам:

— Што ты ето ўсё бегаеш туды! Ляжыць — i няхай ляжыць! Не зробіцца нічого!..

Нарабілася, набегалася за дзень так, што ўвечары, даючы грудзей малой, каб хацела, не магла б стаяць. Сядзела, прытуліўшыся да дубка. Усё ж i ў зморы тлела, жыла пяшчота, радасць. Ціха, санліва, лагодна вяла:

Люлі, люлі, Верачка, Люлі, люлі, маленькая…

5

Вечарам на балоце то там, то тут пачалі збірацца купкі: дробныя, большыя, мужчынскія, жаночыя, мяшаныя. Ля калёс, каля вогнішчаў, пад якім-небудзь дубком.

Некалькі жанок сышлося да агеньчыка, ля якога корпалася Дзятліха. Пачалося з таго, што па дарозе аднекуль забегла Сарока, яна i прывабіла да Дзятлішынага агеньчыка цікавасць. Не прайшло i некалькі хвілін, як каля Дзятліхі, што варыла картоплю ў казане, растарэквалі з Сарокаю ўжо Нібыта-Ігнаціха, Чарнушкаў мачыха, Дзятлікавых нявестка Маня, яшчэ некалькі суседак. Захопленыя гамонкаю, яны не зважалі на малога Дзятліхі — Валодзьку, тым больш што гаспадара — Васіля — ля агню не было: ён недзе паіў каня.

Нібыта-Ігнаціха пры спачувальным маўчанні жанок іірамовіла, што, можа, яшчэ нічога такога i не будзе, што, можа, страхі тыя людскія — пустое, i ўсе, хто быў пры агні, зразумелі, аб чым яна. Дзятліха ахвотна падтрымала: добра было б, каб пустое было, каб адумапіся, адступіліся…

Сарока нібы чакала гэтага, рынулася адразу:

— Не адступяцца! Не адступяцца, i не думайце! — Яна ўпэўнена напрарочыла: — От толькі вернемся ў хаты! Пабачыце! Пачуеце, як дома пераначуеце!

— Пэўне, што не адступяцца так, — разважліва згадзілася Васілёва маці.

Куліна, Ганніна мачыха, раптам нецярпліва адрэзала:

— Няма дурных!

— Е ці няма, a толькі так не кончыцца. Не для таго гаворано, штоб кінуць няворано!..

Куліна аж гарэла:

— Ето ж дадумаліся! Аддай свае ўсё, усё, што нажываў век мазалём сваім! Адцай чорту лысаму, а сам — астанься як ні з чым! Як усе адно голы!

— Коніка, кароўку, воз, усё! — падтрымала Нібыта-Ігнаціха. — Землю — аддай, насенне — аддай, усё аддай! Усё, што з дня на дзень набываў, агораў, жывучы!..

— Ад бацькі, ад маткі што асталося! — дадала сваю долю Васілёва жонка Маня, што карміла з грудзей малое.

— Дзе ето відано, — кіпела Ганніна мачыха, — кеб усё сяло — як адна сям’я була! Тут i ў сям’і грызешся вечно, брат брата за горло бярэ! А то кеб з чужым — мірно! Смех, дый го дзе!

— І ўсё-такі — не адступяцца! Не так завязалі, штоб добра й так сказалі! Ждуць толькі час, штоб павесці ў кал гас!

— Не даждуцца!

— А от жа ў Апешніках, тым часам, жывуць неяк! — адгукнуўся дзед Дзяніс, які дасюль нібы i не слухаў нічога: сушыў адно лапці, анучы.

— Жывуць?! Не дай Бог жыць каму так!..

Дзед перавярнуў анучу, падблізіў зноў к агню, прамовіў спакойна:

— Жывуць, тым часам. Не паелі адзін аднаго…

— Жняярку прывезлі! — ускочыў у гаворку Валодзька, радуючыся, што ведае такую навіну. Ён здзівіўся: ніхто на яго навіну не абазваўся словам, нібы не чулі; нават дзед.

— Алешнікі — то шчэ віламі па вадзе пісано! Пажывем, пабачым: па-людску ці па-сабачым!

— Алешнікі — не Вадавічы! — дастаючы казан з агню, зазначыла Дзятліха.

— A Вадавічы — што?! Була я там, у тых Вадавічах, к залвіцы хадзіла. Бачыла! — Нібыта-Ігнаціха пакруціла галавою.

Дамеціха, што падышла пазней за іншых, запярэчыла:

— Вадавічы — то Вадавічы! Пра Вадавічы няма чаго казаць!