Выбрать главу

Як бы там ні было, Міканор усяму быў кіраўнік галава быў; як потым зразумелі, i брыгадзір, i бухгалтар, i старшыня. Што помніў, а што запісваў у сшытак: i колькі чаго намалочана, i хто намалаціў, i хто дзе рабіў. Сам асабіста ставіў кожнаму за дзень "палачку", па якіх, казаў, будзе відаць, колькі хто рабіў…

З прычыны асаблівага значэння Міканора цемнаватая i цесная Міканорава хата ўсё больш станавілася як бы цэнтрам тых, хто пайшоў у калгас. Сюды збіраліся на сходы, на нарады, нярэдка збіраліся i проста так. Пайсці ў Міканораву хату рабілася ўжо як бы прывычкай. Вечарамі ў Міканоравай хаце цяпер век свяціліся вокны, век гаманілі, меркавалі пра нешта калгасаўцы; іншы раз — было так — без Міканора: калi Міканору даводзілася прападаць вечарамі ў Алешніках ці Юравічах.

Раз ці два гэтымі вечарамі няпрошаны заходзіў у Міканораву хату Глушакоў Сцяпан. Сядзеў ён звычайна моўчкі, амаль увесь час глядзеў толькі ды слухаў. Міканору не даспадобы былі гэтыя яго наведванні, але старшыня неяк прамаўчаў: у хату прыходзіла нямала іншых пабочных, ды i сакрэтаў якіх-небудзь у тыя вечары не было. Так што праганяць хлопца не было i прычыны.

Але праз некалькі дзён хлопец паявіўся на двары ўранку, стукнуў дзвярыма, улез у хату. Міканор яшчэ не ўправіўся вочы працерці пасля сну, санліва сапучы, нацягваў сухія, абпыленыя боты, зіркнуў спадылба, недавольна.

— Чаго прыйшоў? — не адказаў на прывітанне.

Хлопец нібы няёмка — прыдурваецца! — стаў каля дзвярэй, пачаў мяць у руках шапку.

— У калгас… прасіць хочу…

— У калгас?! — Міканор паглядзеў на яго, нібы хацеў зразумець: што ён удумаў. Пацікавіўся непрыязна: Чаго ето?

— Як усе. Жыць.

Міканор устаў, націснуў на бот. Зноў глядзеў пранікліва.

— Хто ето навучыў цябе? Бацько ці Яўхім?

Сцяпан збянтэжыўся больш, пачырванеў.

— Сам я…

— Сам! — Міканораў позірк паказваў: думаў знайсці дурня! Сказаў спакойна, насмешліва: — Ідзі скажы свайму бацьку ці брату… Скажы: мы не такія дурныя, як ён думае!

— Чаго? — не зразумеў Сцяпан. На твары яго паявілася нешта разгубленае i дурнаватае.

— Скажы: няхай сам прыйдзе! — жорстка сказаў Міканор.

— Чаго? Ён i мяне… не пусціць…

Міканор сабраўся ісці мыцца.

— Вы мне… не верыце?

Міканор зазлаваў:

— Не верыце? Не верыце? Знаю я вас! Твой бацько таксамо — сіратою ўмее! Слязу пусціць!..

— Мне бацько не ўказ. У мяне свая галава. — У Сцяпанавым голасе пачулася ўпартасць. — І Яўхім мне не пара!

— Пара не пара, аднаго поля!

— На адным полі рознае расці можа. Не канешне, як бацько такі, дак i я…

— Не для вас ето! Ясно? — узяла нецярплівасць Міканора.

— Дак… як жа мне?.. — Сцяпан стуліўся, нібы прасіў аб літасці.

Міканору стала шкада яго. Ён i злаваў таму, што ўвесь час лезла агіднае шкадаванне. Якога не павінна было быць. Адужаў чуласць, адрэзаў:

— Не блытайся пад нагамі! От як!

Зачэрпнуў карцом вады i нахіліўся над начоўкамі. Ужо за спіной пачуў недарэчнае:

— Дак… бувайце здаровы!..

Добра, не было на гэты час у хаце маткі. Калі ўвайшла, запыталася, чаго прыходзіў Сцяпан, Міканор толькі махнуў рукою. Ведаў, што матцы лепей не гаварыць пра гэта.

Увесь дзень было дзіўна ніякава: лезла, тачыла непаслухмяная вінаватасць, як бы несумленна, пагана абышоўся са Сцяпанам. Гнаў развагі, што Сцяпан i стары яго — розныя зусім, што са Сцяпана — не сакрэт — мог толк быць. Падтрымліваў ранішнюю цвёрдасць: тое, што можа быць, яшчэ не значыць, што так канешне i будзе, што Сцяпан не можа — калі захоча стары — стаць за яго, за Яўхіма, за ўсё кулацкае кодла. І Іераконваў сябе: правільна зрабіў, так i трэба. Стараўся не прызнаваць, што злаваў на Сцяпана, нецярплівы быў асабліва таму, што Глушакі, гэта ужо не раз чапляла матка, хоць i няблізкія, a сваякі. Ён i матцы казаў i сам думаў, што лічыць такіх сваякамі можна толькі на здзек яму, але, як там ні кажы, сваяцтва усё ж нейкае было i што ні думай, нейкі цень на яго кідала. І ад гэтага ў яго была асаблівая злосць на Глушакоў, як бы яны хацелі падкапацца да яго такім спосабам. Таму лічыў, што з імі трэба быць асабліва цвёрдым, бязлітасным. Таму не хацеў, каб пра гаворку яго са Сцяпанам ведала матка…