Выбрать главу

Нярэдка бавіў вечары ў Міканоравай хаце Андрэй Руды. Ссаў свае далікатныя папяросы-люлечкі, пускаў ноздрамі далікатныя струменьчыкі дыму, слухаў іншых, улазіў са сваімі меркаваннямі, парадамі. Тым, як ён слухаў іншых, — прыжмурыўшы вочы, з паблажлівай усмешачкай, як гаварыў, павучальна, тонам старэйшага, мудрага, ён як бы паказваў, што ведае i ў гэтым даволі, вельмі можа быць — больш за іншых. Ён так трымаўся, нібы быў тут не госцем, якога ніхто не прасіў, а ледзь не галоўнай асобай, ва ўсякім разе, другой пасля Міканора. Міканор, якога Руды не раз дапаўняў, а аднойчы ўзяўся нават папраўляць, ускіпеў:

— Дзядзько, чаго вы лезеце ўсюды! Куды вас не просяць! Без вас разбяромся! Прыйшлі, дак сядзіце ціхо — ясно?

— Ты чаго кідаешся? — не хацеў траціць годнасці Андрэй. — Яжэлі савет даюць, так сказаць, дзякуваць трэба. Што памагаюць разумным словам. А не гырчаць!

— Я не гырчу! Я папярэджую, штоб не разводзілі тут сваю агітацыю i штоб не падрывалі аўтарыцет! Ясно?

— Я толькі хацеў памагці! Штоб аўтарыцет буў, следавацельно, большы! — Руды ўстаў, не хаваючы, а нават знарок паказваючы, што яго неразумна, няўдзячна абразілі: за яго ж добрае! З годнасцю заявіў:—Я думаў ужэ, так сказаць, далучыцца. Сабраўся ўжэ напісаць прашэніе. Але як ты так кідаешся, то, следавацельно, падажду.

Ён паважна пайшоў да дзвярэй, стукнуў дзвярыма. На другі дзень ён падсцярог Міканора каля Хведаравага свірна, паздароваўся з той велікадушнасцю, якая паказвала, што як ні вінаваты Міканор перад ім, ён гатоў забыць крыўду.

— Я напішу прашэніе, — сказаў, як бы хацеў супакоіць Міканора. — Толькі штоб мне, следавацельно, інцілігентную работу. Штоб бугалцерам, напрымер. Ці кладаўшчыком…

— Зразу вы, дзядзько, выгаду шукаеце, — папракнуў Міканор.

— Ета выгада найперш, так сказаць, для калгаса, — паправіў Міканора Руды. — Патом ужэ для мяне… — Дадаў, вучачы: — Трэба цаніць грамату! І скарыстоўваць граматнаго як кадраваго спіцыліста!..

Міканор мірна сказаў, каб падаваў заяву; паабяцаў падумаць аб просьбе…

6

Усе ў Куранях заўважылі: калгасаўцы вельмі трымаліся адзін аднаго. Нядаўна, здавалася б, чужыя, цяпер разам былі ў гумнах, на працы, разам — вечарамі. "Як сваякі", — дзівіліся людзі. Калгасаўцы нібы ўстанаўлівалі сваё сваяцтва, асобнае ад таго даўняга, ад веку, ад Бога, якое заўсёды i ўсюды шанавалі людзі.

І яшчэ заўважылі ў Куранях: калгасаўскія як бы ганарыліся сабой, сваёй адвагай i розумам. Глядзелі на іншых быццам на чорную чараду, што нічога не бачыць i не разумее. Не тое што ад Міканора, такое можна было чуць i ад Хведара, i ад Зайчыка. Зайчык, той знарок пацяшаўся, чапляў, абы паспрачацца, абы пасмяяцца з куранёўскай слепаты ды скнарлівасці.

У тых, што не ішлі ў калгас, была свая цвёрдасць, i, значыцца, свае меркаванні, i свае адказы, у якіх было таксама багата насмешкі. Так што Зайчыку давалі бой, i бой гэты Зайчыку не проста было выйграць. Можна сказаць, што бой гэты ніколі i не канчаўся чыёй-небудзь перамогай: i адны i друпя байцы разыходзіліся не паддаўшыся, са сваёй цвёрдасцю. Яму, гэтаму бою, можна сказаць, не было канца.

Міканорава хата была ў гэтым змаганні як нейкая ўправа, ад якой багата залежыць, чым скончыцца цяперашняя, найважнейшая ў гісторыі Куранёў, спрэчка. Усе ў Куранях з хваляваннем глядзелі на вокны, што чырвоніліся адным трывогаю, пагрозаю, другім — надзеяю, добрай зычлівасцю. Усе выведвалі, што там робіцца ў гэтай неспакойнай хаце, што там чакаюць, што рыхтуюць…

У Міканораву хату найперш прыходзілі важныя для калгаса, а значыць, так ці інакш i для ўсіх Куранёў, навіны. Навіны гэтыя прыходзілі звычайна з Міканорам, які, распрогшы на Хоневым двары каня, стомлены запылены, уваходзіў у хагу, дзе акрамя маткі ды бацькі сустракаў звычайна i нямала сваей новай сямЧ. Гэта ён, сёрбаючы боршч, пад маркотным назіркам Дамеціхі далажыў, што малатарні, на якую спадзяваліся, не дадуць i трэба, не сакрэт, спадзявацца пакуль на сваё на цапы. Сюды адразу прывёз ён, давольны, з гонарам, тры мяхі адборнага, сартавога насення, жыта i ячменю’, якое прывезлі ў Юравічы аж з-пад Гомеля, са спецыяльнага саўгаса. Міканор пазволіў развязаць мяхі, паглядзець, якое яно, гэтае насенне, што нібы таіла ў сабе заваблівы цуд будучага лета.

Сярод клопатаў, якімі жылі тыя, што збіраліся ў Міканоравай хаце, найбольшы быў пра зямлю, пра вялікі перадзел, які штовечара ўспаміналі, штовечара абмяркоўвалі. Перадзелу гэтага чакалі асабліва, у размовах нязменна быў неспакой пра тое, каб, чаго добрага, не запазніліся з ім: самая пара араць пад азімае. Аднойчы загаварылі, што некаторыя, хоць ведаюць, што можа быць перадзел, збіраюцца араць свае пал осы; хочуць араць свае палосы i каля цагельні. Кажуць, што ніякага перадзелу не будзе, што ўсё гэта выдумка тых, каму няма чаго рабіць, хто хоча нажыцца чужога дабра. Міканор, пачуўшы гэта, з абурэннем заявіў, што гэта гаворкі шкодныя, з кулацкім духам, што такія гаворкі трэба абразаць са ўсёй строгасцю. Ён зноў заявіў, што перадзел раней ці пазней, а будзе абавязкова, i трэба, каб ніхто ў гэтым не сумняваўся. Але сумненні былі — не аднаго трывожыла такое, што калі i будуць дзяліць, то можа ж выйсці так, што нарэжуць не канешне каля цагельні, а дзе-небудзь у іншым месцы, так што з таго перадзелу не багата радасці будзе. Міканор i на гэта рэзаў, што дагаворана выдзеліць масіў на лепшай зямлі, што Апейка сам згадзіўся, каб выдзелілі не якую іншую, а тую, што каля цагельні.