Выбрать главу

Некалькі разоў Міканор ездзіў у Юравічы па каморніка, a прыязджаў адзін. Каморніка ўсё не давалі. Вяртаючыся аднойчы, ён убачыў у полі некалькі постацей, што ішлі, горбячыся, за плугамі. Дзве постаці былі i на пол i каля цагельні. Міканор хутка разгледзеў — Нібыта-Ігнат i Васіль Дзяцел. Ён падцягнуў рукою лейчыну, пакіраваў калёсамі цераз разоры напрасткі к Васілю. Спыніў каня, саскочыў з калёс, стаў чакаць, пакуль той, завярнуўшы баразну, падвядзе плуг да яго.

Міканор прыкмеціў: Дзяцел убачыў здалёк, але паказвае, што не бачыць нікога. Гэта няцяжка яму: з-за каня Дзятла амаль не відаць. Сівы конь дзелавіта ступае звыклай дарогай; заўважыўшы Хоневу кабылу, ідзе бадзёра, ахвотна, так што араты вымушаны нават стрымліваць, нацягваючы лейцы. Чым бліжэй, Дзяцел усё больш выступае з-за каня: відаць ужо шапка, плячо, рука, што моцна трымае ручку плуга, пільна кіруе ім. Твару не відаць, ён схілены, яго амаль закрывае старая, выгаралая шапка; уся постаць паказвае адно, што Дзяцел заклапочаны справай, сочыць толькі за баразной. У зрэбнай, расхрыстанай сарочцы, зрэбных, зарудзелых ад зямлі штанах, у лапцях з наліплай, вільготнай зямлёй, абветраны, з рудаватым шчэццем на шчаках, падышоў упрытык, не ўздымаючы галавы, намерыўся прайсці міма. Міканор ступіў крок да яго, ухапіў за аброць, спыніў каня.

Дзяцел узняў галаву, хмурна, нядобра глянуу Недавольна чакаў, што будзе далей. На брывах, на няголеных шчаках наліпла пылу, пыл поўніў раннія маршчыны каля рота, на лбе. 3-пад шапкі цераз шчаку ішоў засохлы потны пісяг.

— Ты што ето! — не так запытаў, як загадаў Міканор.

— А што! — недавольна, не паддаючыся, адказаў ён.

— Чаго арэш!

— Хочу, дак ару. — Дзяцел сказаў так спакойна, што Міканору пачуўся ў гэтым здзек.

— "Хочу"! Можа, ты шчэ чаго захочаш! — сказаў ён, як бы загадваючы, грозячы.

Ад бяссільнасці, ад таго, што Дзяцел не хоча лічыцца з яго правам, брала злосць. Дзяцел, як бы паказваючы, што яму ні на што гэтая гаворка, тузануў лейцамі, хацеў ісці далей. Міканор стрымаў каня. Не выпускаючы аброці, строга сказаў:

— Цябе папярэджувалі: ета зямля — пад калгас!

Дзяцел непрыхільна павёў вачыма наперад. Міканор нібы ўбачыў у яго позірку: от прыперла чорта не ў час!

— Гаварылі,— прамовіў ён, не тоячы прыкрасці, што от трэба бавіцца дурной гаворкай. Дадаў спакойна: — Мала хто што скажа!

— Цябе папярэджувалі, не сакрэт, — ад імя ўлады!

Дзяцел зноў павёў вачыма: от прыліп! Па-ранейшаму не таіў, што ўся гэта гаворка нудзіць яго.

— Ты — шчэ не ўся ўлада! — У тым, як Васіль гаварыў, была непрыступная ўпэўненасць, яка я проста збівала Міканора. — He ўсе i табе можно! Е шчэ — закон!

— Дак от закон такі: лепшую зямлю — калгасу!

— Ето — твой такі закон, — нібы выкрываў, судзіў Дзяцел. Судзіў спакойна, упэўнена. — Які ты выдумаў, штоб табе выгадно було! Штоб заставіць другіх у калгас твой пайсці! Думаеш, усё табе пазволено!

— Ето разгаворчыкі, не сакрэт, — з кулацкім духам! — Міканор сказаў гэтыя словы з усёй сур’ёзнасцю, якой яны варты былі.— За такія разгаворчыкі, не сакрэт, можа не паздаровіцца!

— Што ты пужаеш! — прамовіў Дзяцел, ледзь стрымліваючыся, з нецярплівасцю, з упартасцю. — Свайго ўжэ не ары! Сваім ужэ не распараджайся! — У ім расло раздражненне. — Ты даў мне яе? Ты даў ету землю — што распараджаешся? Прырэзаў паўдзесяціны, дак я магу аддаць! Вазьмі сабе етае сваё дабро, пясок свой. На які гною не навозішся. — Зноў стрымаў сябе, як бы скардзячыся некаму, са здзеклівай непашанай прамовіў: — Кажны прыходзіць, кажны камандуе, каму ахвота! Кажны — уласць над табой!..

Даючы знак, што гаворка скончана, зноў, ужо рашуча, тузануў лейцамі. Міканор пачуў, што спрачацца далей няма толку; злуючыся на сваю бяссільнасць перад упартасцю гэтага зацятага Дзятла, пагразіўся: