— Я папярэджую цябе. Штоб потым не жалуваўся, што рабіў дарэмно!
Ён пусціў каня, цвёрдым крокам пайшоў да калёс. Нелагодна шмаргануў лейцамі. Калёсы ападалі коламі ў разорах, хісталіся, уціскалі пожню, ён не заўважаў нічога. У ім жыло, шчымела: "Кажны камандуе, каму ахвота", "Ты — шчэ не ўлада", "Закону не маеш!" Думаў помсліва, люта: "Я пакажу табе — "кажны", я ці — не "кажны". Араб які ці — уладай пастаўлены за сяло адказуваць! Няма ў мяне закону ці — е закон!.. Дзержыцца шчэ як! Як i праўда — закону на яго няма! Горай Глушака старого! Той хоць прамаўчыць! А еты — адкрыто! Не прызнае нічого!.. Што ж, падажджы — пабачыш! Пакажам — е ці няма на цябе ўлады!.."
Раніцай, яшчэ праз дрымоту, пачуў матчынае: сказала бацьку — Васіль сеяць збіраецца. Хутка ўстаў, адзеўся, выйшаў на ганак: на Дзятлавых двары — запрэжаныя калёсы, на калёсах — два мяшкі. Трапілася акурат: Дзяцел вынес каробку-сявеньку. Спяшаўся. Адразу заўважыў Міканора — недавольна адвёў вочы. Ткнуў сявеньку ў перадок.
Міканор сышоў з ганка, стаў каля плота.
— Куды ето?
Дзяцел нядобра зіркнуў спадылба, прамаўчаў. Паказваў, што папраўляе мяшок.
— Сеяць?
Зноў прамаўчаў. Нецярпліва зіркнуў на хату: чакаў кагосьці.
— Глядзі — папярэджую: прападзе! — Паспрабаваў падступіцца па-добраму: — Слухай ты, ей-богу. Вазьміся за галаву. Кінь ето, ідзі к нам. Будзе табе зямля! Усё будзе!..
— Чаго ты прычапіўся! — сказаў Дзяцел. — Дыхну ць не дае!
— Дыхай, колькі хочаш. Толькі, не сакрэт, знай: i мы дыхаць хочам. Ясно?
— Ето з-за цябе трудно ўсім!
Дзяцел кінуў недавольны позірк на хату i рашуча пайшоў да яе. Доўга не паяўляўся. Калі Міканор зноў выйшаў на ганак, двор быў пусты. Калёс не было.
Увечар Міканор даведаўся: Дзяцел пасеяў. "Ну, што ж, няхай не крыўдзіцца!" — падумаў з пагрозай, хочучы помсціць.
7
Вечарамі ў Міканоравай хаце часта меркавалі, як абжывацца, дзе што трэба будаваць. Калі размова пачыналася пра гэта, то, было прыкметна, людзі жвавелі, гаварылі гарачэй, перабівалі адзін аднаго. Амаль заўсёды такая размова пераходзіла ў спрэчку. А гаварыць i спрачацца было пра што: якія прылады i машыны дабівацца, якія i дзе ставіць канюшню, кароўнік, свіран. Чуліся такія думкі, што трэба лазню, канечна, i школу, i яслі для дзяцей. І хоць ведалі ўсе, што ўсё трэба, спрачаліся, што — найперш, з чым пачакаць пакуль; раілі, як гэта разумна зрабіць, з чаго пачынаць, куды падацца, каб памаглі. Часта выгаворвалі сваё набалелае: як пагана без школы, без ясляў…
Можна было заўважыць, што спрачацца пра гэта людзі не прывыклі: многія, асабліва жанкі, гаварылі нясмела, няёмка, як бы прасілі загадзя прабачыць. Былі такія, што слухалі з недавер’ем i раз-пораз устаўлялі разважныя, не вельмі бадзёрыя рэплікі: лёгка казаць усё! — але большасць хваляваліся i верылі, што мяркуюць недарэмна. Асабліва горача гаварыў Міканор: яго проста абурала, што нехта можа думаць, нібы ўсе ix намеры — пустая фантазія; ён ні на момант не сумняваўся, што усё будзе зроблена. Ён так маляваў, якія будуць Курані праз пяць гадоў, што не ў аднаго дух займала. Ён нібы бачыў ужо ix сваімі вачыма: з шырокім калгасным дваром, з фермамі, дзе адны пародзістыя каровы, з трактарамі, што аруць i жнуць i малоцяць усё; з ветранымі рухавікамі, якія даюць электрычнасць у фермы, у хаты, што забудуць не толькі лучыну, a i газу. Ён нібы вёў па непазнавальнай куранёўскай вуліцы, на якой не тое што не ірузнуць па калені, a i ног не пэцкаюць, бо ўся яна забрукавана, а паўз платы пакладзены тратуары. І гэта пры тым, што людзі ходзяць не ў лапцях ці босыя, а, не сакрэт, як у горадзе, у ботах i чаравіках. Хораша было з Міканорам у гэтых Куранях, i калі хто-небудзь падаваў зноў слова недавер’я, дык большасць брала злосць.
Такія заглядкі наперад у другіх, найбольш — гарадскіх, людзей называліся марамі. У Куранях слова такога не ведалі: няпростае, нібы панскае было яно, стагоддзямі было яно ні на што ў куранёўскіх хатах; як думка пра белую булку таму, у каго няма чэрствай, чорнай скарынкі. Не жыло гэтае слова i цяпер у Міканоравай хаце. Тыя спрэчкі, якія вяліся пад ціхае хліпанне Міканоравай лямпы, называліся па-новаму — строіць планы. Слова гэтае ахвотна i хвалююча абжывалася ў старой, люднай хаце…
У тыя дні ў Куранях зацікавіліся тым, што Міканор чагосьці стаў заходзіць на пясчаністы, шырокі пляц за сялом, дзе-нідзе адно падзяленены рэдкімі, чэзлымі купкамі травы, хвашчу, рознага пустазелля. Пляц звалі выган, але пасвілі тут рэдка, ганялі ўсе жывёлу на другі канец сяла; тут жа найбольш гулялі дзеці, падшыванцы-падлеткі. Заўважылі, што Міканор ходзіць нейкі заклапочаны, як бы з нейкім намерам; здаровы, няўклюдны, у ботах, пашытых Хведарам, падыбае па выгане, стане, абглядвае месца, як бы мяркуючы нешта, пачне вымерваць штосьці крокамі. Выбера на позірк яшчэ месца, пяройдзе туды i зноў вымяркоўвае штосьці, мерае крокамі. І кожны раз, калі б ні прыйшоў, аглядваецца дзелавіта, вылічвае, мяркуе нешта.