Выбрать главу

— Гаварылі ж ужэ, — сказаў бацька. — Ахвота дурыць хлопцу голаву попусту!

— Я разумнае яму раю, — стрымалася матка. — Не канешне бурыць усё, што складзено…

— Дай пад’есці хлопцу, — строга папрасіў бацька.

Яна прамаўчала, тоячы крыўду на бацьку. Падышла да печы, па-мужчынску рослая, зірнула ўсярэдзіну, узяла качаргу — падгарнула вугаль. Велікаваты, амаль бязбровы твар яе няроўна, хістка чырвоніла полымя.

— Не чапай, Міканорко, — папрасіла, калі Міканор выцер губы далоняю, устаў з-за стала. — Лесу багато.

Ён распрастаў плечы: добра пад’еў, чуў у плячах, у нагах, ва ўсім целе непатрачаную, радасную дужасць.

— Яго, мамо, i трэба багато, — сказаў паблажліва, сыта. — Новаму дзераву, мамо, таксама хваціць дзела, не бойцеся. Усё пусцім у дзело. І новае i старое. — Раптам загаварыў дзелавіта, сур’ёзна, нібы тлумачыў: — Мамо, нам трэба хутко зрабіць. І часу, i рук лішніх няма, не разгонішся. А тут — дзеразо гатовае саўсім. Зразу складуваць можно. Ясно?

На прызбе ўжо гаманілі калгаснікі. Міканор надзеў пінжак, цвёрдай хадою выйшаў на вуліцу. Памеркаваўшы, паслаўшы ўсіх працаваць, ён вярнуўся ў хату, хацеў узяць сякеру, якую паклаў пад лаўку каля дзвярэй. Сякеры не было. Ён здагадаўся: узяў бацька. Зноў заўважыў, што матка сочыць, я к бы чакае чагосьці; не азірнуўся, выйшаў з хаты.

Яшчэ ад хлява ўбачыў, што каля гумна цэлы натоўп. "От жыць стаў: куды ні пойдзеш, усюды — чарада, — падумаў, чуючы ахвоту смяяцца. — Кеб грошы браць за глядзенне, дак пабагацець можна було б!.." Ён легка, дужа пайшоў травяной, пажоўклай ужо дарожкай, з той ахвотай, гарэзнасцю, з якімі выходзіць борацца спрытны, упэўнены ў сабе хлопец перад усімі хлопцамі i дзяўчатамі, усім сялом.

Калі заўважыў, што яго ўбачылі, сочаць, пайшоў яшчэ лягчэй.

— Народу, — азірнуўся, быццам здзіўляўся, — як — на вяселле!

Заўважыў блізка Андрэя Рудога, Сароку, Грыбка, Зайчыка. Амаль усе калгаснікі стаялі тут — не пайшлі рабіць.

— Занудзіліся, мабуць! — падтрымаў Хоня. — Вясёлаго даўно не було!

— Будзе сягоння! — шмаргануў носам Алёша.

— Ну, дак што ж: калі ўжэ такая ахвота — пакажам, можа? — Міканор павёў вачыма на Хоню, на Алёшу, на Зайчыка.

— А можно i паказаць! — зарагатаў Хоня. — Мы не ганарлівыя!..

Міканор вынес з гумна загадзя падрыхтаваную лесвіцу. Прыставіў да страхі, на самы рог гумна. Праверыў, ці добра стаіць. Разуўся, аддаў боты бацьку, ступіў нецярпліва на папярэчыну. Хоня i Алёша самі ўзяліся падтрымліваць лесвіцу. З верхняй папярэчыны ўхапіўся пальцамі за жмут парослай зялёнымі струпамі моху страхі. Учарнелая, патлелая зверху салома крышылася — ён стараўся ўшыць пальцы глыбей. Чапляючыся рукамі, уцінаючы пальцы ног у салому, намагаючыся не асклізвацца, амаль на карачках, спрытна пабег угару. Ён бег па зломе страхі, па самым хібе — каб не так крута было, бег з нечакана згаданай хлапечай праворнасцю; увесь час радасна помніў: знізу глядзяць людзі. Не думаў ніколі, што так спатрэбіцца даўняя навука лазіць па стрэхах: умомант дапаў да самага верху, стрымліваючы частае дыханне, стаў. Стоячы наўколенцах, на самым вільчыку выпрастаўся — усярэдзіне штосьці радасна i — жудасна дрыжала. Знаёмае, забытае.

— Мо — перадумаў! — крыкнула знізу нейкая жанчына; здаецца, Сарока.

— Лезь уніз! — пазваў хтосьці з мужчын.

Другі падхапіў:

— Покуль не позно!

Ён зварухнуўся, зірнуў уніз: адтуль глядзелі, чакалі,— падумаў з хлапечай гарэзнасцю: "Глядзіце! Прывыкайце! Шчэ не раз глядзець трэба будзе!.."

— Сцеражы-ыцеся! — Міканор адвязаў, ірвануў сівую бярозавую паплеціну. Яна не адразу паддалася, нібы ўрасла ў страху, — ён ірвануў мацней, адарваў, стараючыся не траціць раўнавагі, учапіўшыся другой рукой у страху, штосілы штурхнуў. Паплеціна непаслухмяна хіснулася i пераламалася каля самай Міканоравай рукі; перавярнулася разы два, пасунулася наўкася трохі i лягла над краем страхі. Унізе засмяяліся:

— Aгe, не хоча!..

Міканор скінуў другую паплеціну, ухапіў яшчэ адну, але тая была старэй, счарнела зусім, — трэснула, ледзь Міканор паспрабаваў адарваць ад моху. Міканор кінуў уніз толькі канец яе. Адарваўшы паплеціны, Міканор рашуча скубянуў чуб абадранай ветрам, пасечанай дажджом саломы на самым верее. Зверху чорная, крохкая, яна ўнізе была бура-рудая, тхнула даўнім пылам, тлеласцю. Дажджы прыбілі яе, спрасавалі, яна аддзіралася неахвотна, непадатна. Міканор екубаў яе жменя за жменяю, люта шпурляў убок — частка яе ляцела ўніз, частка застравала на страсе, асобныя пасмы з радасцю хапаў, нёс вецер.