Выбрать главу

— Aгe! Няма чаго! — Сарока апярэдзіла Ганніну мачыху, гатовую рынуцца ў бой, захапіла гаворку: — Добра ім камуну сваю рабіць було на ўсём гатовенькім! І дом гатовы, i ўсе друпя асновы! І хлявы, i свірні: жывіце, коні i свінні. Усё гатовенькае! І сад шчэ етакі! На цэлую вярсту сад!..

— І ўсе адно — толку з таго! — перабіла Сароку Ганніна мачыха. — Радасць з таго каму, як яно ўсё чужое! І хлеў — не твой! І свірань — не твой, i хата — чужая! І конікі, i кароўкі — усё чужое! Не возьмеш сам! І ўсё — па камандзе! Зрабі тое, зрабі другое — хочаш не хочаш! Як пры пане!

— Што па камандзе, то шчэ не страшно! Було б што есці, давалі б што ў рот несці! На ўсём гатовенькім, панскім — то легко! Да шчэ й з помаччу ад казны! Мало што пан аставіў здароў, дак шчэ й казна — коней ды кароў!

— Дак i ў калгас еты, казалі, помач даваць будуць! — ціха згадала худая, адны косці, Зайчыха.

— Памогуць! Дадуць калі крыхотку, дак патом забяруць пудам! Налог дзяржаве, скажуць!..

— Кеб сваё пры сабе, — зноў перабіла Сароку Ганніна мачыха, — дак можно було б шчэ падумаць! А то — сам усе дай ды дай ім! Дай ім — а ад ix табе, можа, дуля!

— A няўжэ ж што другое!..

— Алешніцкім памагаюць непагано, казалі! Коней прыгналі надысь добрых! З якогось заводу!.. Грошай даюць! І налог з ix не вельмі бралі…

— Aгe, памагаюць! Пакуль не запрагуць добра!

— У Глінішчах ускочылі, цяпер круцяцца, як ад заразы! Выпісацца хочуць каторыя, дак ix i слухаць не хочуць!

— Hi коней, ні зямлі не даюць назад! — уламалася мачыха. — Ідзі голы ў свет! Васіль, брат мой, упісаўся — дак каецца не перакаецца! А вярнуцца назад няма як!..

— Eтo i я чуў, тым часам, ад глінішчанскіх… — пацвердзіў дзед Дзяніс.

— A алешніцкія i туманоўскія — дзержацца! Дзержацца — i не бядуюць.

— Хто не бядуе, а хто — i бядуе, пра сваё добрае шкадуе! A толькі як хто ў пельку ўскочыў — дак канечне i нам? У ix свая, a ў нас свая галава!

— Ето правільно, — кіўнуў дзед Дзяніс, перакідваючы з рукі ў руку бульбіну, што пякла пальцы.

— Я думаю, як сабяруць шчэ на сход, так i рэзаць трэба: не хочам! Не пойдзем! — твар Ганнінай мачыхі быў рашучы, непахісны. — Хоць пяць, хоць дзесяць разоў сабіраць будуць! Усе адно рэзаць трэба: не хочам! Не жалаем!

— Не хочам! Так i сказаць трэба! — загаманілі жанкі.— Няма чаго тут! Не хочам i не хочам! І ўсё!..

Зайчыха i Дамеціха маўчалі, таілі сваё, асобнае. Але ix не заўважалі: іншыя жанкі былі поўныя сваёй рашучасцю, ад якой стала зноў лёгка, ясна на душы. Трывожыцца як бы не было чаго, усё проста было: не хочам! Не пойдзем, i ўсё!.. Стал i гаварыць весела, без запалу, пра розныя дамашнія дробязі.

6

Амаль у той жа час ля другога агню — непадалёк — сышлося некалькі мужчын. І групка была выпадковая, i выпадковы агонь, раскладзены маткай Алёшы Губатага. Вячэра ўжо скончылася, матка пайшла да воза ладавацца на ноч; сабіралася спаць i Алёшава сястра Арына, што дашкрабала чыгун ад прыгарэлага куляша, i сам Алёша, які нешта санліва плямкаў, бы іграючы. Тады прыйшоў Хоня. Звонкі Хонеў голас умомант абудзіў i Алёшу, i яго бацьку, што ўжо ў сне ссаў сваю векавечную люльку. За Хонем вельмі хутка прыбіліся жвавы Зайчык, пануры Міця-ляснік, ціхі, сумны Чарнушка. Ужо Зайчык i Хоня памеркавалі, чаго гэта паклікалі ў сельсавет Міканора, калі з цемры за агнём вырас Васіль, у белай кужэльнай адзежы, расхрыстаны, з вуздэчкай у руках. У святле ад агню добра акрэслівалася моцная, мужчынская шыя, загрубелы, абветраны твар, хіб неслухмяных, шорсткіх валасоў над закланочаным i лбом. За гэтыя гады валасы яго прыкметна пацямнелі, але, як i раней, пшанічна жаўцелі на кончыках — над самым ілбом i на скронях, яшчэ выгаралыя на летнім сонцы.

Васіль з хмурнаватым, цвёрдым позіркам, са стала", паважнай дужасцю ў рухах, пастаяў трохі, акінуў вачыма ўсіх, хто быў каля агню, падышоў бліжэй, стомлена апусціўся на траву. Усе глянулі на яго, прымоўклі на момант, сталі адно смаліць цыгаркі.

Першы заварушыўся Зайчык:

— Робіш, ліхо яго матары, а для каго — чорт лысы знае!..

Васіль нібы ўздыхнуў:

— Трава ж дабрэнная, як скажы ты!

— Калі тая вайна пачалася, такое сено добрае було… — успомніў чамусьці Алёшаў бацька, стаў зноў санліва ссаць люльку.

— Сено — годнае! — абазваўся звонка Хоня. — Дзякуй скажуць!

— Скажуць!.. — нібы пашкадаваў зноў Васіль.

Зайчык жвава заёрзаў:

— Чаго вы, хлопчыкі! У цябе дабрэннае, дык i ў мяне не паганае. Мой конь тваё з’есць, дак твой — маё! Адзінакая выгада!

— Не будзе ні твайго, ні майго! — прахрыпеў Міцяляснік.

— Aгe! Напужаў! — Зайчык узрадаваўся. — Такую здыхляціну, як у мяне, дзетачкі, я — хоць з кім! Заплюшчыўшы вочы!.. — Яшчэ весялей заёрзаў.— Тады ж Карча Халімончыка, братачкі, коні будуць усе адно як мае! Eтo — непагано, ей-бо!