Выбрать главу

Час ад часу балота змяняў лес, таксама мокры з балотнай травою, з асклізлым ламаччам. У ім яшчэ вастрэй біў смурод гнілі, яшчэ назольней лезла ў вочы у вушы камарэча, што кідалася цэлымі хмарамі. Балота, мокры лес, зноў балота; выспачкі, нават пясчаныя, былі рэдка, сыходзілі вельмі ж скора.

Іншы раз лес абступаў пануры, чорны, з такімі зараснікамі, што сонца не магло прабіць, з такой густой навіссю ўгары, што не было відаць неба. Станавілася сярод белага дня цёмна, як увечары. Дарога была ужо нібы не дарога, а пяшчэра. Колькі ні бачыў такіх дарог, a чуў Апейка, як нешта сціскаецца i чарнее i ў яго душы, як бярэ нейкая маркота, нейкая трывога. Калі ехаў з ім выканкомаўскі возчык Ігнат, Апейка заўважаў, што i ў таго прападае звычайная дарожная санлівасць, у вачах паяўляецца неспакойны бляск. Азіраецца мімаволі.

Мала дзе даводзілася бачыць Апейку такія агромністыя алешыны, бярозы, асіны, часам дубы, што ціснулі бедную дарогу, прымушалі яе віляць i туды i сюды. То там, то тут каляіны прападалі ў лужынах, i вада ў ix была таксама чорная, як дзёгаць. І гадзіну, i другую ішлі, ціснулі з абодвух бакоў магутныя камлі, чорна звісалі галіны, здавалася, ніколі не будзе ўжо ні поля, ні сонца; але — нарэшце — наперадзе між дрэваў выблісквала нешта вясёлае, a неўзабаве сляпілі вочы вольны прастор, радаснае неба, воблакі.

2

Ba ўсім раёне не было цяпер сяла ці нават хутарка, у які хоць бы некалькі разоў не наведваўся Апейка.

Яшчэ ў першыя паездкі свае па раёне Апейка заўважыў, што людзі ў розных месцах жылі неаднолькава, што тыя, хто жыў падалей ад ракі, між балот ды лясоў, багата чым розніліся ад яго знаёмых змалку землякоў — жыхароў пясчанай надпрыпяцкай вёсачкі. Розніліся некаторымі звычаямі, розніліся гаворкаю: раптам прыкмеціў, што ў блізкіх, можна сказаць, суседніх сёлах па-рознаму вымаўлялі адны i тыя ж словы, быццам гаварылі на розных мовах! Дзіўна было чуць, як дзядзькі ці хлопцы аднаго сяла пацяшаюцца з гаворкі тых, што жылі за тым жа балотам, з другога боку яго! Пацяшаліся, хоць у саміх гаворка была дзіўная, хоць тыя, з другога боку, таксама падсмейваліся з ix! Апейка, дабіраючыся да разгадкі такога дзіва, меркаваў, што гэта была, мабыць, памяць далёкай даўніны, калі вёсачкі на сваіх выспах між багнішч жылі яшчэ больш асобна.

Дзе-нідзе сярод палешукоў трапляліся палякі i яўрэі. Палякі, прыкмеціў Апейка, трымаліся купкамі, каля мястэчка, у засценку, яўрэі ж, акрамя тых, што аселі ў мястэчку, жылі па адным, па два ледзь не ў кожным большым сяле, блізка ад дарогі. Палякі корпаліся ў зямлі. Яўрэі таксама нярэдка аралі i малацілі, але большасць кармілася розным рамяством — найчасцей кавальствам ды шытвом. Там-сям спрабавалі гандляваць. Любілі зямлю гэтую i цыганы: не дзіва было Апейку бачыць ці калёсы-буданы на грэблях, ці шумлівыя табары на выганах. Не раз самога якая-небудзь прычэплівая смуглявая маладзіца хапала на дарозе за руку, дабівалася расказаць, што чакае яго…

І палякі, i яўрэі, i цыганы былі тут свае людзі. Палякі часта радніліся з тутэйшымі; яўрэі мірна курылі на прызбах разам з палешукамі; амаль у кожным сяле знаходзілася хата, якая давала цыганам цяпло i прытулак на ўсю доўгую зіму. Яны былі ўсе, i цыганы, i палякі, i яўрэі, як ручаінкі, што ўліваліся ў вялікую раку, што самі станавіліся той жа ракою.

Раён быў, як вычьггаў Апейка ў адной краязнаўчай кніжцы, "даволі аднародны". Апейка чытаў кніжку ўжо тады, як нямала прыгледзеўся да раёна, i ў словах пра "аднароднасць" пачуў быццам іронію. Яму здалося — нішто не было больш далёкае ад ісціны, як гэта — "аднароднасць"! Ужо тое, дзе жылі, у якім месцы, розніла нямала людзей. Яго землякі, што ўмелі смаліць лодкі i закідваць у прыпяцкія затокі сеці, не ва ўсім былі падобны на тых сваіх братоў, хаты якіх ляпіліся ўздоўж шляху, якія з вясны да зімы толькі i корпаліся на сваіх перадзеленых, перамераных палосках. Людзі па шляху таксама бывалыя, звыклыя да блізкіх i далёкіх гасцей. Не дзіва тут сустрэць граматнага чалавека, амаль у кожным вялікім сяле — школы, настаўнікі. Але ўсё ж гэтыя не такія ўжо галасістыя, не такія вольныя на людзях. Гэтым лодка ды сець як дзіва якое, гэтыя не вераць у раптоўную ўдачу, калі за адзін дзень пабагацець можна. Мабыць, таму i гандлююць так ціха, асцярожна, паважна, i далей за Юравіцкі кірмаш выбіраюцца рэдка. Рачныя ж — рухавыя, i ў Нароўлі сустрэць лёгка, i ў Мазыры, i за Мазыром. Легка набываюць i легка трацяць.