Першага верасня школьны званок паклікаў малых у тры новыя школы; Апейка ў той вераснёвы дзень дапаў да адной з ix, у Мокуці: сам бачыў, колькі радасці-ўцехі было ў бацькоў i дзяцей. Усё сяло, старыя i малыя, сышліся як на свята; заняткі доўга нельга было пачаць адтаго, што кожнай матцы, кожнаму бацьку хацелася паглядзець, як будуць іхні — ці іхнія — вучыцца. Потым разышліся, праўда, па палосах, па гумнах, але вечарам, каб не было Апейкі, спаілі б з радасці далікатнага настаўніка, адзінага пакуль на ўсю школу. Свята праўдзівае было, i Апейка не дзівіўся: раней трэба было перціся ў школу за цэлых сем кіламетраў, ды ледзь не ўсё лесам, па незлічоных лужынах, якія i летам не высыхал i; цераз балота за Куранямі. І лес там быў найбольш чорны, непралазны, поўны ўсякага звяр’я ды гадаўя… У саміх Юравічах — тут былі i Апейкава задума i яго кіраванне — зрабілі інтэрнат для дзяцей з далейшых сёл: школ другой ступені ў раёне нягуста: пакуль што — поўная — толькі адна; дык от i няхай будзе сталы прытулак усім, хто хоча ісці з балот да святла. Няхай будзе цёплы куток i страха перад вучобай, пасля вучобы; не ўсякаму бацьку ёсць на што наняць ix у мястэчку. Сам-насам Апейка радаваўся — ганарыўся нават, як асобым дасягненнем, — што ў гэтым годзе школы будуць не толькі з апалам: дрывамі ўдалося забяспечыць школы непагана, дзецям не давядзецца мерзнуць у халодных класах; у гэтым годзе ва ўсіх школах будуць для дзяцей гарачыя снеданні — хлеб i чай з цукрам! Ba ўсіх школах цяпер ёсць тытаны ці бачкі гатаваць чай! Есць хлеб i ёсць цукар!.. Гэта ўжо нешта ад будучыні, гэта ўжо, можна сказаць, — з’ява сацыялізму!..
Цяпер, калі восень відна не па нейкіх асобных прыкметах, a ўладарыць усюды, беспадзельна, можна ўжо скінуць з душы трывогу пра ўраджай. І налілося ўсё, i выспела, i прыбралі з поля, — за ўсе зернавыя можна быць спакойным: i за жыта, i за ячмень, i за авёс. Тoe — леташняе — лета было няўдалае: зернавыя ўрадзілі слаба; што вымакла з вясны, а што пагарэла; i людзям было мала, i перад дзяржавай у даўгу асталіся: не выканалі нарыхтовак. Была цяжкая восень: у трывозе аб людзях, з усякімі непрыемнасцямі зверху за нявыкананы план; i яшчэ больш цяжкая зіма i вясна. Людзі ў некаторых сёлах дамешвалі ў муку жолуд, пяклі з жалудовага цеста; не адной сям’і, некалькім сёлам гразіўся голад; трэба было памагаць, ратаваць колькі змогі. Памагалі i выратавалі: узялі з багацейшых сёл, выціснулі з кулакоў. Тым-сім, дзякаваць ёй, падсабіла акруга. Пасля ўсяго асабліва неспакойныя былі i вясна i лета; таму i асаблівая радасць, што не падвялі: ураджай сёлета — непаганы, калі раўняць нават з тым, што збіралі ў добрыя гады. Жыццё павінна выправіцца. Цяпер неспакой толькі пра картоплю; каб з ёй добра было ўсё…
Восень пакуль — не прыдумаеш лепшай. Золата — не восень. Дні — як адзін — сонечныя, лагодныя, неяк надзіва чыстыя: усё навокал у ласкавай, дзівоснай яснасці. Усё агорнута млявым, велічным спакоем: белаватае неба, далёкія i блізкія лясы, трава пры дарогах; усім гэтым, небам i зямлёю, прырода нібы кажа: я папрацавала нямала, нашчыравалася за вясну ды лета i от хачу пакволіцца ў спакоі. Яна, можа, i мае права на спакой, а людзям не да яго, не да спачыну. Людзі поўныя клопату, адвечнага асенняга імкнення. І таксама повен клопату Апейка; толькі ў клопаце яго не адна сям’я, не адна гаспадарка. Тысячы сем’яў, дзесяткі вёсак i вёсачак, раён…
Цупаюць цапы ў тысячах гумнаў — за палямі, за барамі i зараснікамі, за абшарамі бапотных чаратоў i асакі. Цупаюць у дзённай яснасці i ў чорныя, з першым подыхам холаду, ночы — пры святле "лятучых мышаў". Звіняць i ўдзень i ўночы яшчэ не частыя калгасныя малатарні: удзень — танчэй, як бы празрысцей, уночы — басавіцей. Гул ix яшчэ не ўсюды звычны i таму вяселіць асабліва: ён — як нейкая новая, i вельмі звонкая, мелодыя ў даўняй песні восені.
Людзі начамі пры святле ліхтароў i на сваіх гумнах i каля малатарань выглядаюць трохі незвычайнымі. На стрэхі, на сцірты, на поле ліхтары кідаюць вялізныя цені, ад ценяў гэтых людскія рукі з бічамі цапоў, з віламі — нібы рукі асілкаў, самі людзі выдаюцца асілкамі. Можа быць, яны i ёсць асілкі: з ночы ў ноч, да світання цупаюць цапы, гамоняць малатарні; людзі робяць, не шкадуючы сілы, да знямогі. Цяпер самае галоўнае — хлеб. Хлеб трэба ім, трэба гарадам, трэба арміі; у хлебе — жыццё народа i магутнасць краіны, якія будуюць пяцігодку. Хлеб гэты, якога раён дасць небагата, — толькі некалькі кропель у хлебным моры краіны, але i яны не лішнія. Краіна жыве не легка, не рас кош на — кожная кропля на ўліку.