Першымі ў акрузе былі чырвоныя абозы з ix, з Юравіцкага, раёна. Адзін абоз павёў у Калінкавічы на станцыю новы сакратар райкома Башлыкоў, з другім у няблізкую дарогу, у Хвойнікі, выправіўся Апейка. Апейка вёз абоз з сёл, якія былі бліжэй да Хвойнікаў. Збіраліся на шляху: вазы з сёл ішлі к шляху цераз грэблі, цераз маеты, па польных дарогах; з жалезных абадоў цёк то руды, тарфяны, то белы, як мука, дарожны пыл. Па шляху рушылі разам: вазы з мяхамі збожжа паўзлі па белых, пясчаных каляінах, між старых i шумных бяроз, праз сёлы i міма сёл, міма хат наводдаль i ветракоў, што паважна круцілі крыламі. Ехалі пад вясёлыя марты i полечкі куранёўскага гарманіста Алёшы, пад песні возчыкаў, між якіх асабліва стараўся Міканор; калі ж гарманіст i ахрыплыя возчыкі сціхалі — пад доўгі, задуменны гоман тэлефонных правадоў. Толькі сцяг на пярэднім возе ўвесь час весела, агніста хадзіў пад лагодным, цёплым ветрам.
З полечкамі ды кадрылямі прагрымелі коламі па бруку галоўнай вуліцы мястэчка, паўз балота выбраліся ў строгі сасоннік далёкай станцыі. Абпыленыя, прытомленыя, з прытомленымі коньмі — але гаманлівыя, галасістыя…
Пра гэтыя абозы пісалі потым газеты; гэта была падзея не толькі для раёна, але i для акругі i, можна сказаць, для рэспублікі. Башлыкоў чуу сябе тады героем: абозы гэтыя як бы прагрымелі аб тым, які кіраўнік, якога палёту, прыехаў у раён. І трэба сказаць, што для абозаў гэтых ён нямала пастараўся, так што иачатковы гэты яго трыўмф быў зусім заслужаны. Але, як i здаралася не раз мінулымі гадамі, пачаўшы першымі, набыўшы шумную славу рэспубліканскага маштабу, усю гэту славу неўзабаве ж страцілі, ганебна адсталі — не зважаючы на ўсе старанні сакратара райкома i на яго вялікае шкадаванне. Апейка, вядома, таксама шкадаваў, што нарыхтоўкі зацягваюцца, але ён перажываў спакайней: быў i характарам больш стрыманы, i аб славе не так бедаваў, i, галоўнае, браў тое, што здарылася, як пакуль няўхільную бяду. Яна не першы раз абыходзілася з ім так. Усё ж бяда гэта i яго тачыла: дарогі рэзалі, прымушалі траціць попусту столькі часу i сілы! Каб мог палічыць хто-небудзь, колькі патрачана ix за ўсе гады; колькі паламана адных калёс, ператомлена коней! Ва ўсім раёне ні адной вярсты чыгункі, ні адной станцыі. Палавіна вёсак кіруе на станцыю ў адзін суседні раён, другая — у другі. І як ні выгадвай: i ў адзін i ў другі бок менш як па трыццаць — сорак, а каму-нікаму i па пяцьдзесят кіламетраў не выходзіць. Тут як ні старайся, хоць абозы будуць рыпець не толькі ўдзень, a i ўночы да ранку — усё адно не ўправішся добра. Усё роўна раён спозніцца…
У такія дні Апейка нецяргіліва думаў пра той блізкі i далёкі час, калі i па ix лясных ды польных дарогах запыляць аўтамашыны. Гэта была яму адна з самых дарагіх мар: з добрымі дарогамі ды машынамі, быў ён упэўнены, глухая старана ix вельмі хутка зменіць сваё аблічча, стане краем багацця i культуры. Машыны, лічыў ён, борзда разгоняць застаялую, дзікую цішыню, радасна панясуць у знябытыя вёскі шчырыя i шчодрыя дарункі гарадоў. Пакуль жа, ужо не першы год, ён недавольна паглядваў на раку: усцяж раёна больш за паўдзесятка прыстаней — чаму б не арганізаваць хоць бы вывазку паставак па рацэ, на баржах. Ужо не раз гаварыў, дабіваўся ў акрузе, у Мазыры; адтуль пісалі, званілі ў Мінск, у Кіеў — ва ўпраўленне параходства; нічога не дабіліся — не было барж i буксіраў.
He ўправіліся вывезці i палавіны збожжа — падаспела бульба. Усе рынуліся на поле — капаць картоплю. Абапал усіх дарог, на ўсіх палосах — даўно ўжо не зялёных, рудых: зеляніна бульбоўніку пасохла, парудзела даўно, — заклапочаныя постаці: i старыя, i малыя, усе, хто можа рабіць. Падкопваюць, выбіраюць картоп’ лю, зносяць у кучкі ці ў кашы на вазах. Над полем, над дарогаю — з дня ў дзень пяшчотная сонечнасць. Дні пагодныя, як на заказ. Чыстыя i вельмі ціхія: галасы як бы звіняць, але ціха. Усюды плавае "бабіна лета". "Бабіным летам" абчапляны рудыя кусты бульбоўніку, трава пры дарозе, чапляецца яно за ногі, за крылы таратайкі. У конскай грыве таксама "бабіна лета". І спакойная, мудрая журлівасць над усім. І пахне дымам: там i тут на полі белыя дымы — паляць сухое бацвінне. Пякуць бульбу — радасць малым, i грэюцца старэйшыя: зямля ўжо не летняя, стынуць рукі. Днём яшчэ цёпла, а ночы — волкія, важкія, i ранкамі на бульбоўніку, на траве белыя махры інею.