Паўзуць i паўзуць полем вазы з лазовымі кашамі. Вазы з кашамі на полі, на дарогах, на прыгуменнях. Пры гумнах ледзь не ў кожным двары ладзяць капцы — картоплю ўкрываюць ад зімніх халадоў. Вялікія, доўпя, як аборы, капцы ссыпаюць пры калгасных дварах; доўпя капцы гэтыя яшчэ ў навіну, як i самі калгасныя аборы.
Ідуць вазы з кашамі к вялікім раённым дарогам, па шляхах з бярозамі i вербамі, з тэлефоннымі слупамі. Палавіна вазоў у адзін раён, палавіна — у другі. На станцыях зноў людна i тлумна: сыходзяцца, ціснуцца дзесяткі, сотні вазоў. Храпуць, іржуць коні, раз-пораз ускідваецца лаянка, гатова загарэцца бойка: кожнаму хочацца прабіцца да вагаў раней. Зноў Апейку бярэ трывога аб вывазцы: марудна ідзе яна. З акругі ж — што ні дзень — званкі, запытанні: як з нарыхтоўкамі, як — план? Напамінкі, што бульба — Ленінграду i Маскве, накачкі: падводзіце акругу! Нібы ён вінаваты, нібы ўсё таму, што ён — не хоча ці мала хоча, каб было лепш! І от жа: хоць не вінаваты, хоць ведаеш — няма на табе віны, a ездзіш ужо як вінаваты; гаворыш ужо ў сельсаветах, у калгасах, у вёсках неспакойна. Сам падганяеш ужо, i сам накачваеш, хоць часта бачыш, што ўсё гэта i не трэба. Неспакой, гарачка — нервы не вытрымліваюць. Спакой, дзелавітая разважнасць не ўдаюцца.
А можа, такое з ім i адтаго, што ён адчувае: цішыня гэта асенняя — не такая лагодная, як магло б здацца, — зманлівая. Нельга падцавацца яе мірнай супакойлівасці: спакою — няма. Спакой нам толькі сніцца, праўду казаў Блок. Нярэдка сустракаюць у сёлах незычлівыя, нядобрыя позіркі. Нярэдка позіркі людзі хаваюць — хаваюць душы. Стараюцца ўтаіць, што там у ix. Заўважыўшы яго блізка, спяшаюцца адысці падалей. І на сходы вечарамі няпроста склікаць: доўга сыходзяцца, i не ўсе. Паўзуць нядобрыя чуткі, што гэты год цвёрдыя заданні будуць не толькі кулакам i сераднякам — нават маламоцным. Што не абмінуць потым i беднякоў, у каторых будзе што ўзяць. Што забіраць будуць усё, дачыста; што павязуць усё ў горад — рабочым i партыйным. Не ў адным сяле чуў ён: кулакі шэпчуцца, згаворваюцца, гатовы падняць галаву. Харчаў сказаў, што ў яго ёсць дакладныя матэрыялы пра тое, што рыхтуецца змова.
Не ціхая, зусім не ціхая гэтая залатая, асенняя цішыня. І ў гэтую восень — як i летась — натыкаешся на спробы ўхіліцца ад здачы абавязковых падаткаў. Як i летась — дзе-нідзе спрабуюць утойваць збожжа i бульбу. Адгаворка ўсюды адна: падаткі не пад сілу, здаваць няма чаго. Hi ўгаворы, ні пагрозы часта не памагаюць. Даводзіцца арганізоўваць актывістаў. З ix помаччу знайшлі не адзін тайнік, схованку збожжа i бульбы. Знайшлі — рэквізавалі. На саміх тых, хто хацеў ухіліцца ад падаткаў, ашукаць, аформілі некалькі спраў, перадалі ў суд. Пяцёх, найбольш злосных, пасадзілі наваг.
Можа, таму так востра чуеш прыроду, што бачыш, колькі яшчэ сярод людзей ёсць нялюдскага. Работа старшыні райвыканкома — не для беленькіх рук. З дня ў дзень прыходзіцца лезці ў гразь, браць яе сваімі рукамі — ачышчаць зямлю ад гразі. Гэта толькі збоку здаецца, што работа яго лёгкая: таратайка са скураным сядзеннем, возчык Ігнат, свой кабінет у раённай сталіцы. Прэзідыўмы за сталом з чырвоным сукном; слава i ўлада. Работа старшыні райвыканкома — гэта работа таго будаўніка грэблі, які першы ідзе i ў ваду, i ў твань, першы сячэ зараснік, вядзе дарогу i па полі i цераз балота. Работа байца i маленькага — аддзялённага — камандзіра, які з сакратаром райкома, без адгаворак, галавою сваёй i сэрцам адказвае за ўсё, што дзеецца ў раёне. У такі складаны час…
І радасць, i неспакой вечны ў сэрцы i ўдзень, i ўвечары, i начамі. І ў сёлах, i ў мястэчку, i ў дарозе. Адтаго ён i так часта ў дарозе, па сёлах — няма ніколі спакою.
Радасць увесь час з клопатам. Радасць: вясёлы, імпэтны гуд калгасных малатарань прыглушыў мернае цупанне цапоў ужо не ў адным i не ў двух сёлах. У кожным сельсавеце між цеснага бязладдзя мізэрных палосак — шырокія, прасторныя абшары калгасных уладанняў. Яны шырэй сталі за год. Касыя рады аратых, адзін пры адным, ступаюць калгаснымі палямі; баразна пры баразне пакідаюць за сабой вільготную свежасць пахкай зямлі — рыхтуюць да новага калгаснага засеву. Не толькі аратыя з коньмі — нястомныя трактары, пыхкаючы сінім дымам, гаманліва, па-маладому порстка, рушаць, як новыя працаўнікі, пачынальнікі новых, знаных пакуль толькі ў марах, часоў. За гумнамі, за крайнімі агародамі, пры дарогах растуць нязвыкла шырозныя двары з доўгімі аборамі i свірнамі. Ix складваюць са старых свірнаў i гумнаў; для ix прывозяць з лесу смалістыя сосны; хораша тады пахне свежай смалою на калгасных дварах!