Выбрать главу

Калгасаў пакуль небагата. Дзевяць калгасаў у раёне — як астраўкі сярод даўняга балота. Але бяда не толькі ў тым, што ix мала лікам, большая бяда, што амаль у кожным — мала народу. І — што яшчэ горш — мала парадку. Ладу мала. Мала калгасных будынкаў: жывёла найбольш па ўсім сяле, па розных хлявах. Будаўніцтва ідзе слаба. Тэхнікі вельмі мала. І людзі не заўсёды старанна працуюць. Без вялікай ахвоты. Як бы аглядваючыся назад. Свядомасці не хапае; i агітацыя не заўсёды даходзіць. Невядома, як зацікавіць, запаліць ix. Багата што яшчэ невядома; i чым далей, чым шырэй разгортваецца калгаснае, тым больш гэтых загадак. Але галоўнае: як дабіцца, каб людзі стараліся, каб рабілі ад усёй душы; каб любілі i зямлю, i коней агульных, як любяць сваё, адзінае!..

Багата клопату i неспакою было ў Апейкі. Але над усім — i дробным i нядробным — было адчуванне блізкіх вялікіх падзей. Подых гэтых вялікіх падзей чуўся ўсё мацней i шырэй па меры таго, як сыходзіла восень, набліжалася зіма.

4

Другая частка Апейкавага жыцця была ў мястэчку. Тут нязменна канчаліся ўсе яго вандраванні па раёне.

Тут быў, на тым баку, што бліжэй да хвойніку, да Прыпяці, яго дом. Палавіна дома, у якую ён усяліўся па праву старшыні райвыканкома. Тут была жонка Вера, былі малыя: сын яго большы — Валодзя, i шчабятуха Ніначка. Вяртаючыся пад поўнач ці пад досвітак, ён падыходзіў да чорнага акна, ля якога ён, здавалася, знадворку чуу цеплыню ix пасцеляў, цеплыню ix сну; прытульваўся, мімаволі прыслухоўваючыся да цішыні там, ціха, радасна стукаў. Ён чуу асцярожны шорхат, што адразу адзываўся на яго стук: Вера прачыналася так хутка, нібы i не спала; момант бачыў ці ўгадваў цьмяны абрыс яе твару, што прыпадаў да шыбы; нецярпліва пералазіў каля сцяны плот, скакаў на двор. Чуў з ганка, як яна адчыняе хатнія дзверы, як упоцемку ідзе праз сенцы, стукае засаўкаю.

Цяпло любага чалавека, цяпло роднага дома — як чуў Апейка ix пасля холаду, беспрытульнасці дарогі, пасля чужых канап i ўслонаў, пасля навалачы турбот. Вера тулілася да яго, уся поўная маўклівай пяшчоты, ды i ён, казаць праўду, чуў сябе так — нібы i не было ў ix тых васьмі гадоў — васьмі гадоў пад адной столлю. У пакоі заўсёды напагатове чакала лямпа, упоцемку Вера шамацела запалкамі; да таго часу, калі Апейка звыкла намацваў кручок i вешаў паліто, лагоднае жаўтлявае святло ўжо адводзіла цемру. Ціхая пяшчотная цеплыня бруілася ў сэрцы, калі Апейка на пальчыках ступаў у непрычыненыя дзверы, станавіўся пры ложках. Ніначка ляжала на матчыным; кожны раз, калі ён глядзеў на яе, вейкі яе пачыналі чула дрыжаць; нярэдка яна прачыналася, момант санліва, няцямна пазірала абы-куды; тады бацька шаптаў што-небудзь супакойлівае, i яна паслухмяна заплюшчвалася. Сын спаў на бацькавым ложку, каля другой сцяны, найчасцей носам у падушку, так што Апейку звычайна былі відны толькі кволая шыя ды неспакойны віхорчык на макаўцы.

З пачатку восені ён прыязджаў штодня i ў вялікай трывозе: дачка гарэла ад шкарлятыны — баяўся за дачку, баяўся за сына, ложак якога тады перастаўлялі ў сталовую. Цяпер бяда была ўжо ззаду: дачка выдужала i, на шчасце, Валодзьку хвароба абмінула. Трывога ныла хіба трохі як успамін пра нядаўняе, як нязжытая яшчэ дамешка да радасці, ад якой радасць, можа, толькі чулася вастрэй.

Адышоўшы ад дзяцей, ён сядаў за стол, аглядваўся, быццам хочучы без слоў даведацца, як тут жылі, што рабілі. Валодзева торбачка з лемантаром i сшыткам на канапе, падрыхтаваная — пад матчыным прыглядам на заўтра, да школы; сын пачаў працоўнае жыццё, з восені стаў вучыцца. Апейка яшчэ не зусім прывык да гэтай перамены — калі думае пра Валодзю, разам з радасцю паяўляецца часта i шкадаванне: нялёгка малому!.. Вунь там, ля парога, — канькі, сын катаўся; бацька амаль бачыў ужо, як ён, чырванашчокі, шчаслівы, уваліўся ў пакой… Каленкі, бок у лапінах снегу: падаў ці дурэў… Ніначчыны лялькі на гнутым крэсле, шматкі тканіны — спавівала, люляла ляльку перад тым, можа, як сама пайшла спаць. Сукеначка малой на спінцы крэсла — Вера латала сукеначку. Новая акуратная латачка на Валодзевым паліто, што вісіць ля парога, — на локці…

Яны ў такія хвіліны гаварылі мала. Вера не пыталася нічога — у тыя познія сустрэчы больш поўнілася клопатамі: вымак, мабыць, — дождж унь які; перамёрз — мароз унь цісне! Скінь боты, надзень сухія шкарпэткі, перамяні бялізну!.. Шкарпэткі i чыстая бялізна заўсёды былі напагатове; спрытна паяўляліся з аблезлага пузатага камода, паслухмяныя яе клопату, яе каханню. Праходзіла якіх некалькі хвілін, як Апейка стаяў ужо ў сухой бялізне, у сухіх, цёплых шкарпэтках, з асалодаю ўмываўся, садзіўся зноў за стол, на які яна збірала вячэру. Сабраўшы ўсё, яна садзілася сама, ціхая i маўклівая, поўная спакоем сустрэчы.