Выбрать главу

Нават калі было што-небудзь важнае, яна звычайна не гаварыла, асабліва калі гэта было непрыемнае: такая была ўжо ў яе, ды i ў яго, звычка: нішто не павінна было хмарыць сустрэчу, час радасці — усяму свая пара. Прыйдзе пара i клопату, цяпер здарожанаму чалавеку трэба адпачыць, пажыць бясхмарнай радасцю сустрэчы. І радасць жыла, з ёю ён — за поўнач, на досвітку — клаўся спаць, з ёю стомлены, нязвыкла спакойны, чуючы жонку, малых, засынаў — плывец, што даплыў нарэшце да свайго берага.

Калі ён уставаў раніцай, яе ўжо не было. Не было i Ніначкі, i Валодзі: Валодзя быў з ёю, у школе, Ніначка — у дзіцячым садзе. Праз сон Апейка чуў, як яна пяшчотным шэптам супакойвала малую — каб не будзіла татку! — як ціха i спакойна загадвала Валодзю; усё гэта праз сон праціналася да яго i знікала: змора сцірала ўсё. Абуджаўся ён ці сам, ці — дачасна — будзіў пасыльны з выканкома з якой-небудзь пільнай справай. Апейка, хутка памыўшыся, перакусваў тым, што Вера паставіла на стол, i ішоў на вуліцу, у клопатны дзень.

Ён часта думаў пра жонку, шкадуючы: нялёгка ёй, маючы дваіх, рабіць у школе — няхай сабе i на палавіну стаўкі. Ён, вядома, разумеў, чаму яна не хацела кідаць школу; ён разумеў: школа была не толькі працаю, a i ўцехаю, без якой жыццё было б бяднейшае; тут, ён ведаў, была не толькі звычка дзесяці гадоў, тут была i любоў яе, якую нішто не заменіць. Апейка i не настойваў, каб яна ішла са школы; яму было даспадобы, што яна жыве, як i раней, не толькі домам — актыўным грамадскім жыццём. Сапраўдны грамадскі дзеяч, i яшчэ які! Хто-хто, а Апейка ведаў, якая з яе настаўніца. І ўсё ж тое, што яна працавала ў школе, рабіла i ў школе i дома, рабіла за дваіх, надмеру, турбавала яго адчуваннем несправядлівасці, якую невядома было як паправіць. Апейка i сам з сабою, i з ёю ўдваіх не раз меркаваў, што б можна было зрабіць, каб хоць трохі вызваліць яе, але нічога добрага так i не вымеркаваў. Можна было б перавезці бацьку i матку: бабуля глядзела б малых, але старым шкода было кутка, набытку сваіх. Пра тое, каб наняць хатнюю работніцу, i гаварыць не сталі: наняць яе — гэта ж усё роўна што наняць парабка; камуністу, старшыні райвыканкома! Як ні думалі, аставалося адно: аддаваць Ніначку ў дзіцячы сад — адчынены, трэба для праўды сказаць, пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкома. Аддаваць дачушку ў дзетсад, глядзець за Валодзем, хадзіць у школу, у крамы, на рынак, рабіць усё, што трэба i што хочацца рабіць. І яна рабіла — упраўлялася неяк i ў школе, i з дзецьмі, i па гаспадарцы. Праўда, іншы раз i з дапамогаю старшыні райвыканкома, які часам — калі быў узрушаны ці стомлены — наракаў на неўладкаванасць сямейнага жыцця. Яна хоць i крыўдавала на яго ў такі момант, але перамоўчвала яму. Ён злаваўся, бурчаў, але, нарэшце, астываў, спакайнеў.

Найболей жа яны жылі дружна. Як бы ні былі напоўнены турботамі дні, было часу, каб хоць коратка, хоць урыўкам пасядзець разам, падзяліцца бачаным, чутым, думаным; няхай сабе найбольш увечары, пасля Апейкавага дня ў выканкоме. І разумелі яны адно аднаго з паўслова, часта з аднаго позірку…

У другой палавіне дома жыў даўні Апейкаў знаёмы — Харчаў. Калісьці Апейка сам угаварыў былога начальніка міліцыі пераехаць з не вельмі зручнай кватэры, якая была ў памяшканні міліцыі; радаваўся, капі той пасяліўся побач, цэлымі гадзінамі, бывала — увечары ці выхаднымі днямі,— сядзелі адзін у аднаго ў гасцях або на Апейкавым ці Харчавым ганку. Часам спрачаліся, i разыходзіліся найбольш кожны са сваёй цвёрдай думкай, але гэта не шкодзіла нібы жыць мірна, нават у добрым сяброўскім ладзе. Толькі ж з часам, асабліва пасля таго, як Харчаў вярнуўся з Масквы, з курсаў, лад сяброўскі парушыўся. І цяпер, здараецца, пасядзяць, пагавораць, сустрэўшыся на двары, але сядзяць i гавораць ужо, можна сказаць, не як сябры, а як знаёмыя, якім даводзіцца быць на адным двары. Праўду кажучы, цяпер абодва, гамонячы, не часта i сядаюць, больш стаяць: гаворкі цяпер не такія доўпя. Не, гэты нялад не адтаго, што Харчаў зазнаўся пасля курсаў, пасля новага прызначэння, прычыны тут іншыя. Думкі розныя, розныя погляды; розныя, як сам жа Харчаў сказаў, прынцыпы. Розныя i цвёрдыя ў кожнага — i ў Харчава i ў Апейкі. Гэта праверана ўжо не раз; таму цяпер амаль ніколі не даходзяць да спрэчкі; як бы згаварыліся: нашто траціць час марна! Ці дзіва ж, што цяпер няма шчырасці, прыхільнасці былой; хоць бы такой, як у Веры з жонкай Харчава, добрай, спагадлівай Марусяй. І ці дзіва, што жыць цяпер побач з Харчавым, сустракацца не толькі на працы, a i дома Апейку не вельмі даспадобы. Так што ў Апейкавым доме ёсць i свае, як кажуць, мінусы…