Пачатак чысткі ў І0 гадзін раніцы".
Аб’ява датычылася Апейкі: супрацоўнікі райвыканкома таксама ўваходзілі ў райкомаўскую партячэйку.
Усё, што аб’яўлялася, было яму ўжо вядома: i тое, што чыстка будзе, i дзе, i ў які дзень; i ён чытаў аб’яву i адышоў ад яе з такім выглядам, як бы нічога асаблівага не здарылася, — а ў грудзях усё ж зашчымела, нядобра, трывожна. Брала гэтае трывожнае не ўпершыню, але сёння неспакой быў багата чутнейшы. "Кампрамеціруюшчыя матэрыялы" — засела ў памяці, не адсіўпала, не ціхла.
"Глупства! — прымусіў ён сябе адагнаць непатрэбны неспакой. — Глупства… Мае сумленне — чыстае… Чыстае… І ніхто яго не запляміць… Ніхто i нішто!"
Адсюль ужо блізка было да райкома. Райком быў у яшчэ новай будыніне з жаўтлявых, толькі трохі пасівелых бярвенняў, з вішнёвага колеру бляшаным дахам. Сама па сабе будыніна была падобна на дзесяткі іншых; вылучала яе з абывацельскага рада іншых хіба толькі шыльда "Юравіцкі райком КП(б)Б", зробленая нядаўна ў Мазыры — важная, багатая, серабром па чорным, адзіная на ўсё мястэчка сапраўдная шыльда. Акрамя яе, вылучаў райкомаўскую хату яшчэ хіба радок белых чашачак на сцяне — з тэлефоннымі правадам!.
Апейку пашанцавала: Башлыкоў быў акурат у райкоме. Апейка павітаўся з русявым хлопцам у гімнасцёрцы, памочнікам сакратара, папытаўся — больш для прыліку, — што новага, пайшоў у кабінет Башлыкова. Башлыкоў быў не адзін: перад ім на крэсле, у свіце, з пугаю ў руцэ сядзеў Чарнаштан, старшыня глінішчанскага калгаса. Сам Башлыкоў стаяў насупраць, за сталом, — стройны, прыгожы, у строгай сіняй гімнасцёрцы i сініх штанах. Звыкла трымаючы адну руку ў кішэні, ён весела адказаў Апейку на прывітанне, моцна, энергічна паціснуў руку, зноў павёў бліскучымі, прыязнымі вачыма на Чарнаштана. Па-сяброўску, як старэйшы, мудрэйшы маладому таварышу свайму, тонам парады сказаў:
— Усё гэта — настроі! Адсталыя настроі, Павел Васільевіч. Я вам раіў бы паменш прыслухоўвацца да ўсякіх настрояў, да ўсякіх гаворачак! Цвёрда весці сваю лінію!
— Дак жа знаць не хочуць нічого!.. — У мяккім голасе Чарнаштана чулася вінаватасць. — Слухаць нічого не хочуць!..
— Паслухаюць! Трэба толькі пагаварыць як належыць, павесці ix! Пераканаць!.. На тое i кіраўніцтва, каб кіраваць, весці людзей туды, куды ўказвае партыя! Улічваць асаблівасці селяніна, канечна, трэба, але гэта не значыць, што трэба ісці на паваду ў яго. Нельга ісці на паваду! Нельга патакаць усякім настройчыкам! Весці за сабой, весці — вот што трэба!
— Дак як ты ix павядзеш! Толькі i чутно: хто робіць, хто не робіць — толк адзінакі! Усім палачка ў ведамасці! Справядлівасці, кажуць, няма!
— У ix свая мерка справядлівасці, сялянская, уласніцкая. Im цягнуцца i цягнуцца трэба, каб зразумець справядлівасць нашу, пралетарскую! Яны прыраслі к старому, усе мераюць старым аршынам! Аддзіраць трэба ix, не шкадуючы! Аддзіраць i весці за сабой! Весці з кожным днём усё больш людзей! — Башлыкоў загаварыў заклапочана, дзелавіта: — Мы павінны ўзмацніць тэмпы калектывізацыі. У гэтым — галоўная задача, якую паставіла партыя перад нашым раёнам у цяперашні момант. Выкананне яе, гэта ясна, будзе нямала залежаць i ад вас. Сяло ваша — вялікае, віднае, на вас, я заўважыў, паглядваюць i друпя. Таму кіраўніцтва раёна спадзяецца, што вы пакажаце добры прыклад іншым…
— Дак мы — што ж, мы б — з радасцю, калі б — ладзілася! Калі б людзі дружно рабілі!..
Башлыкоў стаў ля стала, строга задумаўся. Костачкі пальцаў цвёрда, нібы ў лад думкам, пастукалі аб стол.
— У вас там, па ўсім відаць, кулач’ё ваду муціць! Карыстаючыся вашай i нашай слепатой i бяспечнасцю, робіць сваю работу! У гэтым, канечна, i соль уся таго, што класава чуждыя настроі ў вас так развіліся! Сяло ў вас — заможнае, контррэвалюцыйнага душку хапае. І, вядома, контррэвалюцыйнай прапаганды. А мы развесілі вушы, ударыліся ў спячку. Забываем, што вораг не спіць, робіць сваю справу, пакуль мы спім… Трэба будзе спецыяльна прыгледзецца да вашага сяла…