Выбрать главу

— Рады будзем — прыязджайце, паглядзіце!.. А то так i глядзяць — штоб зноў назад…

— Назад дарогі, Павел Васільевіч, не будзе! Трэба глядзець у глыбіню, у корань! Дарогі назад няма, так i скажыце ўсім! Партыя аглядвацца не будзе, бальшавікі не прывыклі аглядвацца! Мы ідзём к суцэльнай калектывізацыі — так рашыла партыя. Калектывы — будучыня сялян, не аднаго, не дзесяці — усіх. І ў нашым раёне, i ва ўсёй краіне. Усе — рана ці позна — будуць калгаснікамі. К гэтаму ўсё ідзе. І тыя, хто сягоння яшчэ ў аднаасобніках, — таксама будуць у калгасах. Усе. За выключэннем кулакоў. Такая лінія наша! Так i скажыце людзям!

— Скажу… Дак мы будзем чакаць вас…

Башлыкоў, даючы знак, што гаворка скончана, выйшаў з-за стала.

— Трэба глядзець наперад, Павел Васільевіч! — Дзелавіта дадаў:— Так i быць: у бліжэйшы час пад’еду! Сам пагляджу, разбяруся! Толькі вот спраўлюся з неадкладнымі справамі! Ну! — ён падаў руку, па-сяброўску, дужа паціснуў Чарнаштану.

Калі Чарнаштан пратупаў ботамі к дзвярам, Башлыкоў i Апейка праз шыбу глядзелі, як ён падбіраў сена, адвязваў каня, як нетаропка, задуменна выкіроўваў на вуліцу.

— Н-да… — Башлыкоў прайшоўся, стройны, паюначы пругкі ў хадзе. Пастаяў, рашуча крутнуў ручку тэлефона. Загадаў, каб далі Алешнікі, пазвалі Гайліса.

— Вітаю, таварыш Гайліс! Башлыкоў гаворыць! Дзятла няма?.. Рэдка бывае ён у вас!.. Не апраўдвай! — Башлыкоў строга хмурыў чорныя бровы, глядзеў кудысьці ў кут вострым позіркам. Ён памаўчаў, як бы даваў Гайлісу час зразумець, што зараз пачне галоўнае. — Што там у вас робіцца? Растлумачыць трэба? Я пра Глінішчы пытаю!.. Творыцца чорт знае што пад бокам, а вы — спіце i сны спакойныя бачыце! Спіце! Не бачыце, што робіць пад носам у вас кулач’ё!.. Не бачыце! Ці занялі апартуністычную пазіцыю, што яшчэ горш!.. Калі не выправіце — будзем гаварыць сур’ёзна! На бюро!.. Перадай гэта Дзятлу!.. Да пабачэння!

Ён важка палажыў трубку, мелькам зірнуў на Апейку.

— Думаеш, дарэмна прыгразіўся? Бачу па вачах. Дарэмна так строга — з Чарнаштанам?.. — Ён глядзеў проста ў вочы Апейку. — Абстаноўка патрабуе. Не такая абстаноўка, каб цырымоніцца! На сілу — трэба сілай! Упэўненасць i строгасць! Няхай бачаць i чуюць — кіраўнік ёсць кіраўнік!

Апейка зразумеў: гэта не так тлумачэнне сваіх паводзін, як павучанне яму, далікатнаму, мяккацеламу. Хацеў запярэчыць, апе Башлыкоў сказаў:

— Думаю, Глінішчамі трэба заняцца Харчаву…

— Харчаў няхай зоймецца… Толькі бяда там, відаць, не ў адной агітацыі кулакоў… Трэба, па-мойму, нешта рабіць у самім калгасе. Мы, па-мойму, мала лічымся з псіхалогіяй людзей. Трэба неяк заахвочваць людзей. Чарнаштан гэта правільна казаў…

— "Заахвочваць, заахвочваць"… Ох, гэта псіхалогія!.. Жыць яна не дае табе! Мяняць трэба яе, гэту тваю псіхалогію!..

Апейка адчуў, што спрачацца — безнадзейна. Перамаўчаў. Башлыкоў зірнуў, дзелавіта, патрабавальна:

— Ну, дакладвай, хваліся — калi ёсць чым!

Апейка сказаў, дзе быў апошнімі днямі, дзе правёў сходы, колькі чалавек уступіла ў калгасы. Башлыкоў дастаў блакнот, перапытваючы, запісаў. Стаў расказваць, дзе сам быў.

— Учора заязджаў на тваю радзіму. Перад сходам зайшоў да старых тваіх. "Дай, думаю, пагляджу, як жывуць бацькі нашага старшыні". Так што — пазнаёміўся… Спадабаліся i маці i бацька. Карась хваліў бацьку: "Майстар першай маркі — i ў полі, i на рацэ. І — часнейшай душы. Першы стары ў калгасе", — сказаў. Так што — харошае было знаёмства! Харошыя старыкі!

— Не скарджуся! — нібы пажартаваў Апейка. Ён усміхнуўся скупа, хоць добрае слова пра старых i было на радасць яму i хоць, бачыў, Башлыкоў давольны ад душы; чуў Апейка за тым, што сказаў Башлыкоў, недагаворку, прадчуваў, што той скажа яшчэ штосьці — не такое прыемнае.

З чулай насцярогаю чакаў.

Ён не памыліўся: праз які момант усмешка з твару Башлыкова сышла, губы строга сабраліся. Глядзеў проста ў вочы, шчыра, нявесела:

— А брат! Ну i брат! — Спачуваючы, пакруціў галавою. — Гэта — сваяк!

Апейка прамаўчаў. Маўчанне было доўгае, цяжкае. Потым Башлыкоў запытаў:

— Як ты прагледзеў гэта?

— Чаму — прагледзеў?..

Башлыкоў паясніў думку: