— Харчаў казаў: ён памагаў табе пры паляках? Прадукты, патроны табе насіў? Памагаў нам… Бедняком быў…
— Быў…
— Перарадзіўся?.. За гады савецкай улады?..
— За гады савецкай улады…
Апейка не таіў, што гаворка гэта для яго непрыемная. Ён не любіў гаварыць пра брата, не толькі таму, што гэта была не такая ўжо вясёлая тэма для гаворкі, а найбольш таму, што яму пры гэтым выходзіла як бы апраўдвацца, выгароджваць сябе; рабіць тое, чаго Апейка вельмі не любіў.
На шчасце, даказваць гэта амаль ніколі не даводзілася: усе ў раёне ведалі i яго радню i яго брата.
Башлыкову, хутка пасля таго як той прыехаў сюды, Апейка пры нагодзе казаў ужо ўсё пра брата — не падкрэсліваючы ix няладу i не апраўдваючыся, проста для таго, каб Башлыкову было ўсё вядома.
Ужо тады Апейка зразумеў, што Башлыкоў — з анкеты ці з нечых слоў — ведае ўсё як мае быць; i цяперашні напамінак пра брата, i тое, што ён гаварыў з Харчавым, i думка пра тое, што ён, можа, знарок заехаў туды, даведацца самому, праверыць, адазваліся ў душы прыкрасцю.
"Перад самаю чысткаю якраз…" — звязала ўсё пачутае ў адно развага.
— Было ўсё: i патроны насіў, i ў бедняках быў,— цвёрда, ca злосцю сказаў Апейка.
Башлыкоў, здаецца, зразумеў гэту злосць, паспачуваў:
— Н-да… Я не хацеў бы мець такога брата.
— А я яго сам выбраў! — Апейка гаварыў груба: хацеў абарваць гаворку.
— Н-да, братоў не выбіраюць. Гэта правільна. І ты, вядома, калі падумаць, з аднаго боку, не вінаваты, як, можа быць, не вінавата i твая старуха-маці. І ўсё-такі, чорт яго ведае, жыццё ёсць жыццё: ёсць i другі бок у тваёй гісторыі з братам — кампрамеціруе гэта цябе… Не ў маіх вачах — я гавару не пра сябе, а — у народа! Не раскажаш пра ўсё кожнаму, народ ёсць народ, i не ўсякі зразумее па-чалавечы. Іншы падумае так: пляма ёсць пляма, сам ты яе набыў ці табе прыклеілі яе друпя. Розніца, вядома, вялікая, але ідзі ты растлумач кожнаму… Я разумею тваё становішча…
— Нашто ты мне гэта гаворыш? — сказаў Апейка абурана.
— Проста так, — Башлыкоў не зніякавеў, толькі трохі здзівіўся.—
Так, к слову прыйшлося.
— Дак от, калі к слову: я не лічу сябе вінаватым за яго. Ніколькі.
— Я табе гаварыў не пра віну тваю. Я гаварыў пра іншае. Ты не зразумеў нічога. Шкода. — Башлыкоў i тут адчуваў сябе вышэй, мудрэй, i Апейку зноў запякло абурэнне. Але Башлыкоў загаварыў пра іншае: — Адстаём мы з калектывізацыяй!
— Чаму — адстаём? — Апейку ад непрыціхлай злосці хацелася пярэчыць: — На другім месцы ў акрузе.
Башлыкоў заявіў спакойна:
— Другое — не першае!
Ён пашамацеў паперамі, выбраў адну:
— От тут скарга ад веруючых на гое, што зачыняем алешніцкую царкву. У Мінск скардзіліся… Якая твая думка?
— Мая думка такая, што трэба дабівацца, каб царква сама зачынілася.
— Як гэта?
— Трэба веруючых зрабіць няверуючымі. Бязбожнікамі…
Раздзел другі
1
Калі Апейка ішоў у кабінет, ля дзвярэй амаль кожны раз сустракала яго чарада дзядзькоў i цётак, што чакалі яго. Просьбы свае давяралі адным паперам дзядзькі i цёткі рэдка, не заўсёды задавальняла ix i гаворка з сакратаром райвыканкома ці загадчыкам райза, багата хто лічыў за нязменны абавязак уручыць паперу самому сгаршыні, пагаварыць з самім. Бывала, калі Апейка не паяўляўся з раёна доўга, сядзелі па некалькі сутак, начуючы дзе-небудзь у знаёмых; паяўляліся кожную раніцу, быццам на працу, — пакуль не дабіваліся да самога.
Такія сустрэчы з людзьмі былі Апейку няпростай i нялёгкай часткай яго работы. Людзі неслі сюды да яго свае надзеі i сваю роспач: хто што меў Цяпер да звычных просьб памагчы мукою, насеннем, да скарг на вялікі падатак, на падатковыя несправядлівасці дадаваліся часта скаргі, звязаныя з калгаснай навіною: таму зямлю нарэзалі нядобра — усё лепшае забралі пад калгас; таму прыгразіліся, што калі не ўступіць, каб у Салаўкі рыхтаваўся. Рэдка хто не пытаўся: гэта — справядліва, гэта — па савецкіх законах?
Амаль у кожнай скарзе-просьбе за асабістымі нягодамі i крыўдамі былі агульныя, грамадскія праблемы; амаль кожны раз, адказваючы, памагаючы, раячы, Апейка так ці інакш павінен быў тлумачыць дзяржаўную палітыку ў калгаснай справе, браў на сябе як бы ролю агітатара. Гэта была-такі сапраўдная работа агітатара…
Сёння яго таксама чакалі: між дарослых, сярод якіх ён заўважыў чалавека з жаўтаватымі, доўгімі, за каўнер, пасмамі,— поп, ці што? — цэлая, прыціхлая, чародка вясковых дзяцей. Апейка павітаўся, сказаў, што хутка пачне прымаць, у кабінеце зняў паддзёўку. Ён, як i па дарозе сюды, быў яшчэ неспакойны: не адступала прыкрасць ад Башлыковага папроку за брата, важка ціснула ўсярэдзіне даўняя, зноў пацяжэлая непрыхільнасць да Саўчыка. Зноў згадаў Башлыковае: "Не хацеў бы мець такога брата!" Адказаў думкаю злосна, з’едліва: "А я хацеў! Я сам параіў быць такім!.. Я сам, знарок, начапіў сабе на шыю гэтае бервяно!" Зноў прыкрасць перайшла на аднаго Башлыкова: "Як бы вышэй лічыць сябе за тое толькі, што няма такога кампрамеціруючага брата, што біяграфія — ідэальная!.. Як ордэнам ганарыцца!.."