Выбрать главу

Ён нібы не паверыў:

— Хто вас падгаварыў, штоб прыйсці прасіць за Івана Мікалаевіча?

Дзеці здзівіліся:

— Ніхто… Мы самі…

— Шкода стала. Мы i надумаліся…

— Няправільна яго знялі!..

— Скажыце — няхай ён зноў вучыць!

— Збуту не давалі, пакуль не сказаў, што падвязу. — Дзядзька з пугай пакруціў лысай галавою, са здзіўленнем i пашанай. — Як машкарэча, населі!..

Апейка ведаў ужо, i што Гарошку знялі i як усё было. Хтосьці з пільных Гарошкавых землякоў, можа быць, ім вывучаных, месяцы два назад напісаў у сталічную газету, што ў Крытах у школе — пры патуранні сельсавета i раённага кіраўніцтва — замаскіраваўся класава чужды элемент, белагвардзеец, які з залатымі пагонамі i з вінтоўкай у руках ваяваў за цара i ўсякіх урангеляў i губіў няшчадна трудавы народ. У газеце з пісьма зрабілі копію, якая i трапіла на стол сакратару Юравіцкага райкома партыі. Ліст гэты чытаў у кабінеце Башлыкова i Апейка. Пад усім, што паведамляў невядомы аўтар газеце i Башлыкову, стаяла гордае: "Непрымірымы селькор". Башлыкоў аддаў пісьмо Харчаву з рэзалюцыяй, напісанай зверху коратка i ясна: "Праверыць, прыняць меры, далажыць!" Харчаў за які дзень праверыў, i на другі дзень лёс Гарошкі рашыўся: Гарошку знялі з настаўнікаў. Харчаў прапанаваў таксама арыштаваць, i каб не Апейка, Гарошка даўно быў бы за кратамі. Башлыкоў падумаў, павагаўся i схіліўся да Апейкі. У Апейкі былі моцныя довады: Гарошка трапіў у афіцэры не па сваёй ахвоце, а як настаўнік; у грамадзянскую вайну ніякім белым не быў, рабіў дома. Быў потым у Чырвонай Арміі; з першых жа мірных дзён сваіх, пасля арміі, увесь час у сяле… Але вярнуць Гарошку на настаўніцкую працу Башлыкоў не згадзіўся. Цвёрда, рашуча…

І от гэтыя дзіцячыя, шчырыя твары, гэтыя вера i надзея. Што ён, старшыня райвыканкома Апейка, можа сказаць ім, любым i ясным, якія думаюць, што ў свеце ўсё так проста, што праўда i справядлівасць — рэчы абавязковыя i лёгкія. Не ведаючы добра, што сказаць ім, ён знарок стаў распытваць кожнага, як хто вучыцца, ці добра паводзяць сябе ў класе, ці памагаюць бацькам.

— Ну, што ж, — сказаў ён, гатовы развітацца. — Дзякую за тое, што вы сказапі. Я перадам усё, каму трэба. Скажу — што вы прасілі!.. От i ўсё — бывайце здаровы!

Некаторыя ўжо сабраліся, абнадзееныя, кіраваць да дзвярэй, калі бялявая, з ружовымі плямамі, насцярожылася:

— Дак яго — аставяць нам? Івана Мікалаевіча?..

— Я ж сказаў, перадам, што вы — прасілі…

— Не, вы скажыце — аставяць?

— Я буду прасіць!

— Не, не, вы — скажыце!

Апейка нічога не сказаў, толькі лагодна, як бацька, які не хоча крыўдзіць малога i не можа даць усяго, што той просіць, усміхнуўся:

— Ну, шчаслівай вам дарогі!..

Яны пачалі выходзіць, не вельмі ахвотна, не вельмі ўсцешаныя; найбольш таму, што дзядзька з пугаю штурхаў ix да дзвярэй. Не парадаваў ix; але што ж ён, Апейка, мог сказаць ім іншае?..

Адразу за імі ў кабінет ступіў бялявы хлопец у зацяганай, але крамнай паддзёўцы, у ружовай i залатанай пад каўняром нязрэбнай сарочцы. Кепка ў яго руцэ была таксама гарадская, з размоклым ад дажджу казырком.

— Можна зайсці? — хлопец пытаўся ціха, далікатна.

— Заходзьце. Сядайце.

Ён i ішоў ціха, i сеў на ўскрай крэсла; пад уважлівым Апейкавым позіркам няёмка адвёў шэрыя, з нейкай задуменнай прытоенасцю вочы. Потым сустрэўся з Апейкавымі, i позірк быў ужо цвёрды, рашучы i разам з тым даверлівы.

— Мяне завуць — Глушак Сцяпан, — ціха i не адводзячы вачэй ад Апейкавых, сказаў ён. — Я падаваў заяву ў Вадавічы. Хацеў паступіць у Вадавіцкую камуну. Мне спачатку сказалі, што — добра, прымуць. А потым — адмовілі. Сказалі, што не могуць прыняць, таму што мой бацька — кулак…

— Вы з Куранёў? — перабіў яго Апейка.

— З Куранёў,— кіўнуў хлопец. Ён нялёгка, але цвёрда дадаў: — Я — сын Глушака Халімона. Мабуць, знаеце. Мой бацька — кулак. На яго наложана цвёрдае заданне. Але я яго кінуў. Мы з ім цяпер — як чужыя.

— Чаму вы яго кінулі? — зацікавіўся Апейка.

Хлопец памаўчаў, задумаўся.

— Я i сам не знаю, як сказаць. Трудно было жыць з ім. Просто — не можно жыць стало. Я хацеў з ім жыць, думаў спачатку, што — нічого, што — прывыкну. Цярпеў доўго: бацько ж усё-такі. Да i матку было шкода. Знаеце ж, як матцы, калі сын кідае. Хацеў перацярпець. Але — не выцерпеў! — Ён па-ранейшаму не адводзіў ад Апейкі ціхіх, задуменных вачэй. Памаўчаў зноў, загаварыў, ад душы шкадуючы, з болем: — Ён, мой бацька, жыве для аднаго: штоб паболей сабе. Хоць як, праўдай ці няпраўдай. Штоб паболей нажыцца. Прагны, просто сфах. Ён з-за етаго ўсіх парабіў усе адно як парабкамі. І сыноў, i матку нашу, i Ганну. Чужых парабкоў не бярэ, баіцца, дак свае — як парабкі… Дыхнуць просто няма як… — І позірк, i тон яго гаворкі былі такія шчырыя, што Апейка чуў праўду кажа. Не маніць, так нельга маніць. — І раней не было цярпець як, а цяпер — дак чаго цярпець?.. Цяпер — калі ўсё пачынае па-новаму быць… Дак я i кінуў яго. Счапіліся адзін раз як не загрудкі. Я i кінуў. Пайшоў жыць на волю. Як усе людзі…