— А не шкода яго, бацьку?
— Не. Можно сказаць — не, — глянуў ён проста. Падумаўшы, дадаў: — Матку шкода. Папамучылася яна…
"Не маніць. Праўду кажа…" — падумаў Апейка i злавіў сябе на тым, што спачувае хлопцу. Успомніў раптам, што ў Глушака ёсць яшчэ сын: пра гэтага сына Апейка ведаў ужо нямала.
— А з братам як? Дружна жылі?
— Дружно. — Ён адвёў вочы, позірк стаў важкі, нядобры. Губы злосна таргануліся. — Дружно… Мне такога брата… век бы не бачыць!.. Штоб яго зямля не насіла!..
З таго, як Сцяпан гаварыў, Апейка вывеў, што ён недзе вучыўся; запытаў — дзе, чаму недавучыўся. Пацікавіўся, ці любіць кніжкі, што чытаў, якія з ix спадабаліся найбольш; ці чытае газеты, ці ведае, што робіцца ў свеце. Хлопец адказваў лёгка, ахвотна: пра гэта гаварыць яму было куды больш даспадобы, як пра бацьку, пра бяду, якая захмарыла ўсё яму. Чым больш Апейка пытаў яго, чым больш слухаў, тым больш бачыў: хлопец — разумны, дапытлівы. "Талковы хлопец. Чулая душа… Чулая да ўсяго. І да новых павеваў… Шкода толькі — што сваяцтва такое…" Думка нечакана паставіла побач хлопца i самога, зблізіла: "Таксама— з плямаю, якой не заслужыў… Таварыш па няшчасці!.."
У думцы было i багата іроніі, i трохі суму i была невясёлая праўда… Апейка адагнаў непатрэбную думку. Уважна зірнуў на Сцяпана.
— Вучыцца, пэўна, хочаш?
— А не хацеў бы? — Шчырыя вочы не таіліся. Загарэліся на міг i згаслі.— Хацеў бы!.. Дак куды ж цяпер паступіш! Зразу скажуць: кулацкі сынок!.. От папрацую, дакажу. Тады, можа…
— Думаеш, дакажаш?
— Хачу даказаць.
Апейка раптам адвёў вочы, задумаўся. Не першы раз узяў асцярожны, цвярозы одум: нашто яму, Апейку, усё гэта; нашто — рызыка? Каму-каму, толькі не яму брацца за рызыкоўнае. Не яму, у якога ў самога не ўсё чыста ў біяграфіі. У якога — не абы-якая пляма… І не цяпер, калі так блізка чыстка. Дзе ўсё будуць перабіраць. Дзе ўсё могуць павярнуць i так i інакш. Ён i так за колькіх ужо заступіўся, за якіх друпя не адважвапіся. Прыгадаюць калі-небудзь, i, можа быць, вельмі скора. Тoe, што ён цвёрды з сапраўднымі ворагамі заўсёды, не заўважаць; а гэта — прыгадаюць, перакруцяць. Вельмі можа быць такое: як ты дакажаш праўду сваю? Харчаву, Башлыкову, іншым харчавым… Падумаў, шкадуючы: трэба ж, столькі блытаных лёсаў ідзе i трэба ўсё разблытваць самому, кіруючыся толькі сваім сумленнем.
"Сумленне… Сумленне…" — было ў галаве, калі ён, узняўшы вочы, зноў паглядзеў на Сцяпана. Той не зводзіў шчырага, трывожнага позірку; як бы бачыў, што прысуд яму вырашаецца цяпер, у гэты момант. Гэты позірк — трывога i надзея, жывая надзея, жывы лес чакалі ад Апейкі праўды i смеласці. "Чалавек з цябе, канешне, можа выйсці. Непаганы чалавек, карысны…" — падумаў ён, гледзячы ў Сцяпанавы вочы. У думках прайшло раптам яснае, вясёлае: "От яна — новага сіла, ад самога Глушаковага дрэва адрывае галіны. Роднага сына адарвала!" За гэтым зразу ж, вясёлае, дужае, выспела рашэнне: "Што ж, так i быць: бяры ты, плынь, нясі яго з сабою. Мый, чысці для новага, для нашага жыцця!.." Апейка ўстаў з-за стала. Цвёрда паклаў на стол далонь.
— Добра. Пагавару, уладжу ўсё.
— Уладзіце?! — Сцяпан ускочыў. Не верыў яшчэ.
— Толькі — каб не падмануў потым. Каб не прыйшлося чырванець.
Ён як пакляўся:
— Не будзеце!
— Ну, тады — бывай здароў! — Апейка падаў яму руку.
— Бывайце здаровы!
Сцяпан вылецеў з кабінета.
Апейка глядзеў з-за стала: уваходзіў той, з доўгімі жаўтлявымі кудламі. Ціха, акуратна прычыніў дзверы за сабой, зняў зайцовую шапку, няўпэўнена пакланіўся:
— Добры дзень жалаю вам!
Апейка адказаў, не тоячы цікаўнасці. Цяпер ён бачыў, што не памыліўся: поп. А каб не доўпя космы, дык i не думаў бы, спаткаўшы дзе-небудзь: світа рудая! зайцовая шапка, дужыя чырвоныя рукі — селянін, не хто іншы. Рукі каравыя, жылаватыя, відаць, што ў зямлі корпаліся. І пастава важкая, сутулая. Толькі от рукі з зайцовай шапкай на жываце — склаў, як на казанні…