Выбрать главу

Бачыў, маладыя карыя вочы таксама нізалі, выведвалі яго.

— З чым прыйшлі? — запытаў стрымана, афіцыйна. Не толькі таму, што не любіў гэтых божых служак, a i таму, што хацеў, каб гаворка пайшла зразу ў строгім, афіцыйным кірунку.

— Прыйшоў я з рашэннем вялікім, — пакорліва загаварыў поп. — Вялікім — для мяне, бо яно павінна зразу перамяніць увесь строй майго ранейшага жыцця… — Не зводзячы вачэй з Апейкі, як бы нецярпліва чакаючы прысуду, ён сказаў:—Я рашыў змяніць чорную расу свяшчэнніка на сялянскую світку.

Апейка адказаў з іроніяй:

— Вы ўжо змянілі яе.

— Змяніў,— спакойна згадзіўся ён. — А сэрца яшчэ раней. Ужо даўно пад уплывам савецкай газеты "Правда" i журнала "Бязбожнік" я прыйшоў да вываду, што Бога няма. І што рэлігія, як правільна вучаць бальшавікі, ёсць опіўм народа. І той, хто служыць рэлігіі, ёсць абманшчык, які ідзе супроць народа i савецкай улады… Газета "Правда" i журнал "Бязбожнік", якія я чытаю ўжо другі год, адкрылі мне вочы, i я не хачу болей служыць рэлігіі i абману. Я хачу цяпер служыць савецкай уладзе, штоб выкарчоўваць святы дурман з людскіх галоў. Я прыйшоў да вас з адзінай мэтай, каб атрымаць яснае настаўленне, што мне трэба рабіць для гэтага…

Пільныя карыя вочы ўвесь час не выпускалі Апейку. Апейка глядзеў на здаровы, загарэлы твар, на гладкія чырвоныя шчокі i тоўстыя губы, якія, мабыць, любілі смачненькае, i думаў: "Хітры, разумны. Лic… Пачуў, што паленым пахне… Што — лепш пераадзецца…" Не тоячы, што не вельмі верыць у шчырасць папоўскага ўчынку, сказаў усё ж:

— Гэта — пахвальна, што вы рашылі…— Памаўчаў, проста зірнуў у карыя вочы, чужа, востра: няхай бачыць, што ён, Апейка, разумее ўсё, як яно ёсць. — Значыцца, вы пытаецеся, што рабіць… каб памагчы нам?

— Іменна па гэта я прыйшоў да вас.

— Вельмі добра. Калі так, растлумачу. — У іранічным ладзе Апейкавай гаворкі паявілася дзелавітасць. — Вы — свяшчэннаслужыцель. Служка рэлігіі, якая, як вы сам сказалі, дурманіць людзей. Так, рэлігія — мы не тоім гэтага — адна з самых чорных сіл, якая перашкаджае нам, бальшавікам. Адна з самых чорных i ўчэплівых. Нашы агітатары самі ў рэлігіі — слабаватыя, агітацыю вядуць, не ведаючы добра справы, наогул. Вы ж, мабыць, прадмет гэты ведаеце дасканала?

— Я вучыўся мала.

— Ну, усё-такі больш за нашых. Ведаеце канкрэтна, з фактамі. У вас ёсць веды. — Дужая, з жаўтлявымі пасмамі, галава сціпла кіўнула: веды такія-сякія, канешне, ёсць. Апейка параіў: —От i павярніце веды свае супроць рэлігіі!

— Я паспрабую.

— У вас гэта павінна добра выйсці. У вас не толькі веды, a i — аўтарытэт! Сам слуга божы — супроць! Гэта само па сабе значыць штосьці!..

Поп кіўнуў галавою: кіўнуў важка, як бы паказваючы, што справа гэта ўся няпростая яму. Падзякаваў Апейку за параду, паказаў нават, што збіраецца ісці, схамянуўся, зірнуў заклапочана:

— Даруйце, але цяпер, калі я пераступаю на новую сцежку, на плечы мае кладуцца i зямныя турботы. Мне трэба думаць пра тое, каб зарабіць свой сумленны кавалак хлеба. У сельсавеце ёсць вакансія начальніка попгіы…

У Апейку зноў уліп дапытлівы позірк. Апейка не чакаў гэтага, задумаўся, параіў потым:

— Вакансіі будуць. Папрацуйце, пакажыце сябе. Там — паглядзім.

— Вы не сумнявайцеся ва мне. Я прынёс вам душу, якая прагне ачышчэння…

— Я не сумняваюся. Мы будзем меркаваць пра вас па тым, што i як вы будзеце рабіць…

— Я буду рабіць з чыстай душой. Толькі мне б хацелася, каб вакансія…

— Вакансіі будуць.

Поп зірнуў на Апейку i надзеў зайцовую шайку.

2

За акном ужо вечарэла, i Апейка апрануўся, каб ісці дадому абедаць, калі ў кабінет уварваліся двое: старая i дзяўчына.

— Ой, Божачко ж, Божа! — залямантавала старая, як толькі убачыла яго. Яна была ў адчаі.

— А што, што здарылася? — здзівіўся Апейка.

Старая — дробная, сухенькая — на яго пытанне толькi залямантавала галасней; ён павёў позіркам на дзяўчыну. Дзяўчына, пачырванелая, кусала губы i ледзь стрымлівалася, каб не расплакацца, як маці.

— Мар’я Мацвееўна! — узяў Апейка старую за локаць. — Я плачу не разумею i слёз не люблю! Скажыце мне толкам, чалавечымі словамі!.. — Ён лагодна пасадзіў старую на крэсла, стаў, чакаючы, што яна вытра слёзы, загаворыць; але старая загаласіла яшчэ горш. Апейка перахапіў слёзны позірк дзяўчыны, знарок недавольна, з папрокам паківаў галавою: ай, ай, хіба так можна?!