Дзяўчына хліпнула, няёмка выцерла слёзы, схілілася над маткаю:
— Мамо, мамо… Не трэба… Не трэба, мамо!..
Маці трохі прыціхла, але не пераставала плакаць.
— Божачко ж, Бож-жа… — гаварыла яна праз слёзы, хітаючы горка галавою. — Што ж ето будзе… Божжачко ж, Бож-жа…
Дзяўчына раптам схамянулася, нібы шгосьці згадаўшы, выпрасталася, хутка сунула руку пад картовы каптан. Рашуча выхапіла з-за пазухі нейкую пакамечаную i згорнутую паперу, падала Апейку. У той жа момант выхапіла паперу з Апейкавых рук, разгарнула, пашукала неспакойнымі, нецярплівымі вачыма; падала зноў Паказала, што трэба глядзець. Гэта была газета, мінская газета. Апейку зразу кінулася ў вочы вострае, калючае, чорнае: "Нацдэмаўскі падбрэхіч".
Першыя ж словы захапілі ўвагу так, што на час забыў i пра дзяўчыну, i пра маці, што яшчэ ківалася, горка божкала, страшачыся невядомасці. "У гэты сусветна адказны час… калi класавая барацьба бязмежна абвастраецца… класавы вораг выкарыстоўвае любыя метады, каб расстроіць шчыльныя шэрагі бальшавіцкай моладзі… каб адхіліць ix, a ў канчатковым выніку — адарваць ix ад генеральнай лініі бальшавіцкай партыі… Асаблівую ролю адыгрываюць у гэтым ланцуговыя сабакі, наёмныя служкі сусветнай буржуазіі i сусветнага нацыянал-фашызму, нацдэмакраты розных масцей i гатункаў. Гэтыя вылюдкі, злейшыя ворагі працоўнага чалавецтва, спадзяваліся на нашу палітычную слепату, спадзяваліся, што ім удасца непрыкметна пралезці ў нашы рады, тайна весці сваю брудную работу буржуазных паслугачоў. Але ix разлікі праваліліся: дзякуючы вострай бальшавіцкай пільнасці, вужачыя гнёзды гэтых замежных падкідкаў-нацдэмаў выкрыты, i па ix раз’юшаных руках ударана са ўсёй бальшавіцкай прынцыповасцю i смеласцю. Уся студэнцкая грамадскасць з энтузіязмам ухваліла гэтыя неабходныя меры. Аднак мы не можам закрываць вочы на такія агідныя факты, што сярод некаторай, няхай нязначнай, часткі моладзі ў мінскіх інстытутах знайшліся аслепленыя, страціўшыя класавае чуццё інтэлігенцікі, якія не толькі не далучыліся да суцэльнай масы студэнцтва, а фактычна сталі на бок выкрытых i асуджаных усёй масаю нацдэмаўскіх багоў. Адзін з такіх нацдэмаўскіх падбрэхічаў — так званы "паэт" Алесь Маёвы… — Апейка, хоць ужо здагадваўся, пра каго гаворка, запыніўся: — Алесь Маёвы… так званы "паэт" Алесь Маёвы… у сваім лакейскім асляпленні дакаціўся да таго, што нават выступіў на сходзе літфака… дзе спрабаваў узяць пад абарону… выкрытых багоў з бруднага нацдэмаўскага балота… Вось да чаго можа давесці страта класавага чуцця… i пагарда разбэшчанай "паэтычнай асобы" да імкнення i волі калектыву. Камсамольская ячэйка правільна зрабіла, што прынцыпова разабрала гэтую анархічную вылазку… i ўдарыла па руках наваяўленаму… нацдэмаўскаму падбрэхічу i адвакату… Камсамольская ячэйка універсітэта з уздымам… выключыла… "паэта" Алеся Маёвага… з шэрагаў камсамола… як адшчапенца i — перараджэнца… Камсамольцы універсітэта аднадушна рашылі так-сама хадайнічаць… i аб выключэнні Маёвага з універсітэта… У універсітэце не павінна быць месца… разлажыўшымся нацдэмаўскім падпявалам… i перараджэнцам!.."
Пад артыкулам стаяў подпіс — "Студэнт Г-скі". Апейка хвіліну глядзеў на гэты подпіс, як бы стараючыся прачытаць яшчэ нешта. Ён не разумеў нічога. Тoe, што ён прачытаў, было зусім непадобна на хлопца, якога ён ведаў; яно было такое непадобнае, аж не верылася, што гэта пра таго ж самага хлопца. Першае ж адчуванне было, што ўсё гэта паклёгі, злосны i беспадстаўны; але тое, што гэта было надрукавана, што ўчынак "паэта Маёвага" быў абмеркаваны i што тут толькі расказвалася пра тое, што было, заблытвала думкі. Ён ухапіў трывожным позіркам словы "знайшліся… аслепленыя… сіраціўшыя класавае чуццё інтэлігенцікі…", зноў ужо не так хутка, нецярпліва, а з цвярозай, пільнай развагай стаў перабіраць радок за радком…
"Як адшчапенца i — перараджэнца…" — засела ў Апейкавай галаве, калі ён зноў дачытаў артыкул, утаропіў позірк у загадкавае "Студэнт Г-скі". Усё ж — Апейка гэта цяпер адчуваў асабліва добра — артыкул быў туманны: пры тых вельмі моцных, ясных палітычных абвінавачаннях амаль нічога пра факты. Факты усе гэтыя — вельмі агульныя: "выступіў… засгупіўся… дакаціўся…" Але гэтыя няяснасць, туманнасць доказаў якраз i трывожылі Апейку больш за ўсё: за імі магло быць усё, самае страшнае. Хоць што магло быць горш: страшнае, відаць, ужо здарылася; асабліва страшнае таму, што неспадзяванае. І неспадзяванае, i незразумелае.
— От, паехаў вучыцца, — сказала раптам са шкадаваннем матка. — У людзі захацеў выйсці!.. — Выказала, не першы, відаць, раз, набалелае ўжо: — Вывучыўся!..