Апейка пачуў гэта i як папрок сабе: ён быў тым, хто ўгаворваў яе, каб не трымала пры сабе, пусціла ў свет сына. Не вытрывала, з бязлітаснай строгасцю асудзіла сябе, яго, Апейку:
— Як чула сэрца!.. Сядзеў бы дома ціха!.. Бедны, ды — рады!..
Апейка не запярэчыў ёй. Ведаў, што спрачацца — пустое: не дакажа цяпер нічога. А больш не мог спрачацца таму, што бачыў яе вочы; гэты позірк запомніўся яму навек: прытомленыя, выцвілыя ад гадоў, ад польнага ветру ды сонца, амаль ужо бясколерныя вочы яе былі надзіва празрыстыя, як бы свяціліся знутры. Можа, таму, што ў ix яшчэ былі слёзы, што яны так свяціліся, Апейка не тое што адчуў, a ўбачыў увачавідкі такую нязмерную пакуту, такое гора i такую трывогу, што здаўся сам вінаватым. Нібы сам быў злачынцам перад ёю. "Няхай бы сядзеў дома ціха!.." Мімаволі адвёў позірк: заўважыў, як пільна, востра глядзела маладымі, яснымі вачыма яе дачка.
Што ён мог зрабіць для ix? Усё, што ён мог пакуль, ён мог адно: супакоіць ix, хоць трохі абнадзеіць. Ён мог гэта i ведаў, што гэта трэба зрабіць. Перш за ўсё.
— Ерунда нейкая, — сказаў ён як мага спакойна. Абыякава згарнуў, абыякава адкінуў газету. — Ерунда. Напісаў нехта — мабыць, па злосці…
— Пa злосці! Канешне, па злосці! — ухапілася, засвяцілася матка. Парэпанымі, крукаватымі палыдамі стала борзда выціраць павесялелыя вочы.
— Дак жа пішуць — абмяркоўвалі на сходзе!.. — не паддалася сястра. Глядзела ўсё так жа востра, недаверліва.
— Ну, i што — што абмяркоўвалі? Усё магло залежаць ад таго, як далажылі. Як паказалі тое, што было. Не па праўдзе паказалі, не разабраліся…
— Выключылі ж, пішуць! З камсамольцаў! З ніверсіцета хочуць!
"Эх, ты!" — падумаў недавольна Апейка. Але загаварыў спакойна, стрымана: увесь час, не гледзячы, бачыў уважлівы матчын позірк:
— Маглі i выключыць! Не разабраўшыся, пад гарачую руку! Паддаўшыся таму, хто нагаварыў ca злосці!.. Дзіва што!.. Супакояцца, разбяруцца, пераменяць усё!
— Пераменяць?
— Абавязкова.
— Па злосці, па злосці, Ніна! — падтрымала Апейку матка. — Ето праўда — па злосці! Па праўдзе такога i падумаць не падумаў ніхто! Па злосці! — Падумала заклапочана: —Толькі ж хто ето на яго мог так уз’есціся? І за што? Ето ж трэба — з’есці гатоў! Навярнуў такого, што страх слухаць! На хлопца, які век птушаняці не зачапіў! Не тое што чалавека!.. — Яна глядзела на Апейку, шукала ў яго згоды; i ён згаджаўся: падтрымліваў яе. — Кажуць: заступіўся за кагось! За паганаго бога якогось!.. Цяпер усе багі паганыя сталі!.. Слова не скажы добраго!.. А ён i заступіўся!.. Слово, можа, толькі сказаў, дак еты нелюдзь i ўз’еўся! Навярнуў такое на чалавека!.. Па злосці! Канешне, па злосці ўсё!.. Дак, кажаш, вернуць усё яму?
— Павінны вярнуць. А як жа іначай.
— Кеб жа тое було. Дай Божачко!
Ніна маўчала: было відаць, не супакойвалася. Ужо не так для маці, як для яе сказаў:
— Скора паеду ў Мінск. На сесію ЦВК. Зайду, сам разбяруся ва ўсім. — Паказваючы, што з гэтым кончана, што гаварыць больш няма чаго, пацікавіўся: — А як там, дома? З хлебам, з картопляю?
— Ды картогілі хопіць. І з хлебам пераб’ёмся неяк. — Матка зноў згадала: — Як чуло сэрца, калі ехаў! Як знало! Не так сабе балело!.. Сядзеў бы няхай дома ціхо!..
— Усё будзе добра, Мар’я Мацвееўна!.. Дык, кажаце, хлеба — хопіць?
3
Апейка да канца трымаўся спакойна, разважна. Не паказаў трывогі ці няпэўнасці i тады, калі праводзіў на ганак, развітваўся. Толькі калі вярнуўся ў кабінет, стаў сярод пакоя, ужо не тоячыся, у важкім роздуме: што там здзеелася?
Ён забыў, што збіраўся быў ісці; стомлена сеў на край стала i сядзеў у змроку, не варушачыся, думаючы гэтае адно: што там здзеелася? Усё, што ён прачытаў, было такое неспадзяванае, так не пасавала з тым, што ён ведаў пра хлопца дасюль, што i цяпер яму не верылася, думалася пра нейкую невядомую недарэчнасць ці несправядлівасць. Разам з тым галава ўжо неспакойна дашуквалася прычыны таму, што магло прывесці да таго сходу, да ўсяго, што было там на сходзе, да гэтага туманнага i страшнага артыкульчыка ў газеце. Што ў тым артыкуле праўда i што — няпраўда? Колькі яе, праўды, i якая яна?
Думкі біліся ў пошуках. Загадкі ішлі адна за адной, самыя розныя. Завабілі, ашукалі? Ачмурылі прыгожымі, ілжывымі словамі? Пакарысталіся маладой даверлівасцю? Ці — неразумная ганарлівая задзірлівасць, жаданне паказаць сваё "я"? Няўжо — i праўда — перарадзіўся, перакінуўся к чужым радам? Разлажыўся, разбэшчаны прагай славы, аблытаны "настаўнікамі"? Не, не, быць не можа! Што ж тады, паклёп, злы нагавор? Помета нядаўняга таварыша, з якім счапіўся чаго-небудзь? А можа — дробязь якая, раздутая ў слана? Можа, якаянебудзь юначая дапытлівасць там, дзе некаторыя лічаць пытанні лішнімі? Ці — шкадаванне чулай, не вельмі мудрай душы? Голас чулага — i сляпога — сумлення, якое багата чаго яшчэ не разумее? І за якое — даўбенькай па галаве!.. Нічога не было вядома, i адказу не было. Былі толькі пытанні. Стараючыся дайсці да ісціны, ён стаў перабіраць у памяці тое, што ведаў дасюль пра яго, яшчэ ці даўно, здавалася, такога яснага, зразумелага хлопца. Ён успамінаў не як чужы, не як суддзя, а, можа быць, як бацька, які ўбачыў раптам сына ў неспадзяванай, незразумелай бядзе i якому трывожна ад яшчэ нязвыклай невядомасці. Ад гэтага тое, што ён згадваў іншы раз i раней, сёння ішло ў асаблівым, неспакойным i вострым, святле.