Выбрать главу

У памяці ажыло далёкае: якім ведаў яго ўпачатку. Дзікаваты i хваравіты хлапчук нічым асабліва не кідаўся ў вочы. Быў хіба затоены, як мала хто, i калі не ведаў чаго-небудзь, вельмі ж ніякавеў, пунсавеў увесь. Добра помніцца: вельмі здзівіўся, калі раптам трапіў на вочы яго верш, над абгорткаю спісанага сшытка. Верш быў, i цяпер помніцца, пра поле, пра завею, пра адзінокую, крывую хатку ў полі. Дзіўна не забываліся радкі з яго: "У йолі халодным, пад ветрамі дзікімі хатка малая стаіць. У далеч бяскрайнюю вокнамі ціхімі век баязліва глядзіць…" У хаце на печы. туліліся, мерзлі дзеці; бацька паехаў у лес, маці пайшла кудысьці — цяпер не помнілася куды. Нядобра дзецям адным, халодным i галодным, — шкадаваў ix аўтар; але i крывую хатку, i верш грэла надзея, што бяда не вечная: "Бацька як вернецца, печка затопіцца, матка ix будзе карміць!" Не вельмі зграбны i не вельмі арыгінальны, верш гэты захапіў тады незвычайнай шчырасцю, недзіцячай клопатнасцю, песеннай маляўнічасцю. Напісаны, пэўна, пад уплывам Купалы, ён гаварыў, мабыць, i пра перажытае малым паэтам, дзіўна кранаў нешта чулае ў сэрцы — хваляваў, трывожыў!

Гэта была радасная неспадзеўка, адкрыццё: талент, паэт, у ix школе, у ix ад веку беспаэтнай лясной глушы! Нібы нанова ўбачыў малога. Калі заняткі скончыліся, папрасіў астацца. Сеў перад ім на парце, уважліва, яшчэ не зусім верачы, угледзеўся, запытаў пра верш: "Сам напісаў?" Алесь сцепануўся, нібы яго хацелі ўдарыць. Зірнуў ca страхам. Гатоў быў кожны момант кінуцца наўцёкі. Потым ужо гарэў, нібы яго злавілі на нечым саромным. Не падымаў галавы, стрыжанай, з кароценькімі мяккімі валаскамі, з чарнільнай гілямай ля вуха. Калі пахваліў яго: "А ведаеш — верш добры! Праўда — добры!" — ён толькі ніжэй звесіў галаву. "Гэта — не адзін? Не адзін, праўда? Багата ў цябе ix?.." — не хацеў адступацца ад яго, але тады так i не дабіўся нічога: хлопец таропіў вочы кудысьці пад парту i маўчаў. Ужо калі дазволіў яму ісці,— ля парога затрымаўся, зірнуў, выціснуў жаласна: "Не кажыце нікому!.."

Вучыўся не лепш за іншых. Матэматыка даходзіла нават горш, як другім. Вылучаўся між іншых, можа, хіба толькі асаблівай, нейкай затоенай, маўклівасцю. Маўклівы быў амаль заўсёды, паглыблены ў сябе. І самалюбны быў. Ды яшчэ — упартасць незвычайная ў позірку. Праўда, усё гэта набыло нейкае значэнне пасля таго, як адкрыўся з вершам куточак затоенай душы.

Калі б не гэтае, можна было б лічыць, ва ўсім такі ж як усе іншыя. Не горшы i не лепшы; свой сярод сваіх! Дзіця балотнай беднасці i дзікасці. Век, у будні i ў свята, — у зрэб’і, у лапцях. Адна пафарбаваная паркалёвая сарочка з белымі гузікамі. Ботаў, можа, i не абуваў ніколі… Потым не раз ездзіў у яго Буду — купку хат сярод панурага лесу, заходзіў у яго дамоўку. Хата была трухлявая, цесная, нізкая: галава даставала ледзь не да стол i, да пабеленых бэлек; была цёмная: у трох гнілых мізэрных акенцах не адна шыбка была заткнута анучамі. Сеўшы першы раз на асінавы ўслон ля акна, агледзеўся з не абы-якім хваляваннем: згадаў нанова знаёмы верш — тут проста ўвачавідкі было відна, што нарадзіла тыя шчырыя, маркотныя радкі. Ix жыло тут трое: акрамя хлопца, маці-ўдава ды меншая сястра Ніна. Бацька ўжо багата гадоў ляжаў недзе ў салдацкай магіле, i маці — нібы жартам, нібы i сур’ёзна — казала пра малога: "мужчынка мой", "хадзяін наш"! "Хадзяін" тады сядзеў каля палацяў, набычыўшыся, таропіў вочы ў земляны дол i не пярэчыў!..

Ад хаты гэтай да школы было нямала-небагата, кіламетраў сем, амаль увесь час між лесу ды балота. Кожны дзень, у цяплынь i ў сцюжу, у слату i ў завеі, хлопец са зрэбнай матчынай торбачкай цераз плячо цярпліва мераў гэтыя сем кіламетраў. Мераў з купкай сяброў ці, здаралася, найбольш у непагодныя дні,— адзін. Было ўсялякае: адзін раз мала не прапаў між белага балота — мяло вельмі; што ні крок — то па пояс, па грудзі ў снег, знясіліўся ўшчэнт. Другі раз — быў месячны вечар, мароз прадзіраў рэбры пад світкамі, піліпаўскі мароз — утраіх з такімі ж, як сам, хлопцамі ледзь не трапіў у зубы раз’юшаных ад голаду ваўкоў. Махалі ламачынамі, торбачкамі, спрабавалі крычаць, гразіцца, чулі, як сцінае сярэдзіну ўжо не толькі холад, a i страх — гайня не адставала, усё насядала. Хто ведае, чым бы кончылася, але ім пашчасціла: пад’ехалі акурат падводы з дзядзькамі, дзядзькі i адагналі клыкастых. Ён, настаўнік, калі даведаўся пра здарэнне, параіў дзецям уладзіцца, хоць на зіму, ля школы, хлопцу ж сам найшоў хату, даў гаспадыні грошай. Хлопец пераначаваў дзве ці тры ночы — i ўцёк. Пытаўся тады яго: можа, пакрыўдзілі чым-небудзь, супакоіць хацеў: калі i пакрыўдзілі, бяда невялікая, можна іншую хату наняць, — але хлопец, гледзячы ў дол, упарта пакруціў галавою — не трэба. Так i не дазнаўся чаму. З таго дня хлопец зноў мераў дарогу, кожны дзень, пакуль не скончыў школу…