Выбрать главу

Гарачым i бліскучым летнім днём з маткаю завёз яго на станцыю, купіў білет да Гомеля, даў грошай на дарогу. Выправіў у рабфак. Як вялікай удачы ўзрадаваўся, калі той прыслаў ліст, што здаў экзамен i што яго прынялі. Але найбольш парадаваў хлопец усё ж тады, калі — на другую ўжо восень — прыслаў газету з першым надрукаваным сваім вершам.

Тую газету бярог i цяпер, хоць яна была цяпер не адна: дома быў цэлы пачак розных па назвах i па даўнасці газет, якія збіраў, зберагаў як дарагое i важнае. Цяпер, калі хлопец вучыўся ў Мінску ва універсітэце, вершы нярэдка друкаваліся амаль ва ўсіх сталічных газетах! Неяк, у адным з нядаўніх лістоў, Алесь між іншых навін сціпла пахваліўся, што хутка, можа быць, выйдзе нават цэлая кніжка!.. З той пары, як вершы сталі паяўляцца часта, ён падпісваў ix ужо не сваім прозвішчам, а прыгожым, паэтычным псеўданімам — Маёвы; Алесь Маёвы. Апейка ніколі не зважаў асабліва на прозвішчы, але хлопца не судзіў: гэта быў, калі падумаць, не такі ўжо i нікчэмны ўчынак: як-ніяк хлопец — не проста хлопец, а — паэт; не выходзіць жа паэту ў свет са сваім недарэчным — Заяц Хама. Вершы паэта Зайца — само па сабе гучыць так, што смяяцца можна; у паэта, ды яшчэ паэта ў такі час, прозвішча павінна быць годнае!

Ён недарма выбраў сабе такое прозвішча — Маёвы! Ён i пісаў, можна сказаць, пра май, пра веснавую радасць, пра радасць росквіту. Яго вершы былі пра разлеглыя, без меж, палі, якія будзіць сваім гоманам працавіты трактар; пра рабфакаўца — сына сяла, што да світання хіліць чубатую галаву над кнігаю, марыць пабачыць родную вёску ў сонечным шчасці; пpa жанчыну-гаротніцу, што вясковаю вуліцай ідзе не ў царкву, a ў школу, змагаць векавую цемру; пра радасць, што ксірагодзіць сёння ў вёсцы i ў горадзе, пра жыццё, што бурапеніць новымі песнямі i справамі. Вершы былі прыгожыя, падобныя на песні, часам здавалася — малаканкрэтныя, як бы затуленыя ружовым ад сонца туманам, але заўсёды — узнёслыя, шчырыя — ад усяго юначага сэрца. Чытаў ix не так, як іншыя, чужыя, а так — нібы ён таксама меў да вершаў не абы-якое дачыненне.

4

Згадалася, якім паявіўся Алесь у яго кабінеце мінулай зімой — па дарозе з Калінкавіч. Нібы нанава адчуў дужы мужчынскі ноціск абветранай, нахаладалай рукі Алеся, убачыў заружавелы, харошы маладосцю твар, радасныя i чыстыя, без хмурыначкі вочы… Былі раскіданыя, нецярплівыя роспыты, цікаўныя позіркі на яго яшчэ вясковы, падлатаны на рукаве кажушок, на новую, фасоністую, з гузікам на макаўцы, мінскую шапку. На ботах раставаў умёрзлы снег, кропелькамі мутнеў на шыйках, на насках: боты былі зграбныя i моцныя — добрая i радасная абноўка. Вёз, мабыць, нейкі падарунак дамашнім: паставіў ля парога чырвоны, з гнутай фанеры, круглаваты куфэрачак…

Потым ківаліся побач у выканкомаўскім вазку, пад ціхі, спорны спеў палазоў, пад рып гужоў — знарок выправіўся ў дарогу i ў яго сельсавет, каб падвезці хлопца i пабыць разам яшчэ. Алесь маўчаў, але па вачах яго, што паблісквалі пад фасоністай шапкай, што ахвотна, прагна лавілі ўсё, што выбягала насустрач блізка i далека, бачыў, што госць яго рады без меры даўно не бачаным палям, снежнай звонкай чысціні, лёгкаму, крылатаму лёту вазка. У куточках Алесевых вуснаў, з-за паднятага, прыцярушанага снежным пылком каўняра, здавалася, кожны момант гатова была зайграць усмешка. Хоць было весела i глядзець на чужую бесклапотную радасць, глядзець i маўчаць, не ўтрываў усё ж, папрасіў яго прачытаць што-небудзь сваё. Алесь, што ўвесь, мабыць, поўніўся радасцю сустрэчы, неспатольнай цікаўнасцю, адчуваннем лёту, не адразу нібы зразумеў, пра што яго просяць. З няёмкасцю, ціха сказаў, што — не хочацца. Падумаў трохі, відаць, разважыў, што адмаўляць — настаўніку свайму — нядобра, хрыплаватым голасам, нясмела, павучнёўску, пачаў: