Алесь адразу ж сціх i пакруціў галавою — вінавата, як бы просячы прабачэння. Было відаць, што хлопец адчуў сябе ніякавата, глядзеў на дарогу ўжо з нейкай клапотнай нездаволенасцю. Тады так i не зразумеў, чаго той зніякавеў: ці таму, што бачыў яшчэ ў ім настаўніка, трывожыўся яго прысуду; ці таму, што — гэта потым прыйшло — чуу у душы нязбытае, даўняе: вершы — далікацтва. Пазней яшчэ заўважаў, што ў ім, у Алесю, як i не адзін верш надрукаваў, жыве быццам сарамлівасць за гэты свой занятак, векавая сялянская сарамлівасць перад людзьмі, што робяць іншую, сапраўдную справу: сеюць, косяць, дбаюць пра гаспадарку…
— Лепей — другіх паслухайце… — сказаў Алесь вінаватым голасам. Ён пакашляў, ускінуў галаву, амаль заплюшчыў вочы; адчуў раптам, што замінае каўнер кажуха, нецярпліва аблажыў яго. Як бы задумаўся, a ў голасе паявіліся смеласць i гонар.
Вершы дзіўна хвалявалі: нейкае незразумелае хараство брала, апаноўвала яго, апаноўвала ціхай задуменнасцю музыкі, незвычайнымі, быццам марозныя ўзоры на акне, малюнкамі-згадкамі, шчырым, адданым голасам таго, хто чытаў на памяць…
Калі Алесь скончыў, захацелася памаўчаць, падумаць. Самога павяло на ўспаміны, на роздум. Пазней ужо запытаў:
— Чые гэта?
— Паўлюк Трус! — сказаў ён з захапленнем, з гонарам. — Наш, з універсітэта… студэнт наш…
— Добры верш!..
— Гэта — вялікая паэзія!
У памяці доўга жыў не зусім зразумелы, самотны радок: "дацвілі пялёсткі нейчае тугі…", радок, які дзіўна хваляваў, прымушаў думаць пра недаступныя таямніцы паэзіі…
— Чаму цяпер некаторыя пішуць прыгожа і… як бы сказаць — не проста… не зусім зразумела?.. — Яму, Апейку, была не даспадобы самотная маўклівасць. Ён растлумачыў: — От у Пушкіна ж усё проста: "Буря мглою небо кроет…" Або — "Во глубине сибирских РУД…".
— Пушкін — добры паэт. — Алесь запыніўся, задумаўся — як лепш сказаць. Паправіўся: — Ён быў добры паэт. Але ён устарэў. Аджыў сваё. Цяпер у паэзіі — новыя законы. Сучасныя… Усё мяняецца. Змяніліся i законы паэзіі…
— А — Купала? У Купалы ж таксама ўсё проста. І сучасны, a ўсё — проста, ясна. "Паміж пустак-балот беларускай зямлі…"
— Гэта — з яго дарэвалюцыйных вершаў Цяпер i ў Купалы іншыя матывы i стыль іншы. Вазьміце яго "Арлянятам"!.. Купала таксама стараецца ісці ў першых шэрагах новай паэзіі. Праўда, яму нялёгка вызваліцца ад грузу старога…
І тады, калі пярэчыў, Алесь гаварыў мякка, без якой-небудзь амбіцыі, адчувалася ў тоне яго гаворкі не толькі павага да былога настаўніка, a i добрая, нерастрачаная ў горадзе сціпласць. Пры ўсёй далікатнасці сваёй усё тое, што думаў, ён гаварыў цвёрда, пераканана. Ён, Апейка, сам пярэчыў Алесю мякка, як бы з асцярогаю: можна сказаць, не так i пярэчыў, як выказваў свае сумненні, не траціў адчування: вучань вырас!
У чым іншым яго, пэўна, павучыць можна, а што да паэзіі, то тут i прыслухацца не лішне. Прыслухацца ды падумаць.
— Па-мойму, галоўнае правіла, якога трэба трымацца паэту i цяпер… як i тады, — старацца пісаць прасцей… — гаварыў ён Алесю. — Як можна прасцей… Каб кожнаму было зразумела… Каб кожны селянін, кожны рабочы мог чытаць…
— Гэта правільна. Мы аб гэтым акурат i стараемся… Але ў паэзіі,— зноў цярпліва ўзяўся тлумачыць Алесь, — свае законы. Свая мова, свае вобразы, свой лад. У кожны час у паэзіі былі свой лад, свая мова. Адны ў Пушкіна, друпя — у нас. Мяняецца час, мяняецца i паэзія. Так было ва ўсе часы. У наш час гэты закон дзейнічае яшчэ мацней: наша грамадства не падобнае ні на што з таго, што было раней! Гэта ставіць i асаблівыя, незвычайныя задачы паэзіі! Нашым паэтам трэба шукаць таго, чаго да ix не рабіў ніхто! Адсюль i ўся радасць i ўся бяда. Пушкін — гэта выпрабаванае. Да Пушкіна прывыклі. Наша ж паэзія — як кветка, што толькі пусціла парасткі. Навіна, рунь зялёная!.. Вядома, мы яшчэ не ўсё знайшлі! Мы шукаем!..
— Я гэта разумею. Уся соль, па-мойму, у тым — што шукаць i як шукаць. Па-мойму, заўсёды трэба помніць пра людзей, якія цябе чытаюць i слухаюць. От як хочаш, браце, а я, хоць забі, не разумею: нашто ў вас гэтыя — "бурапеніць", "карагодзіць"?.. Хоць забі, не разумею! Хіба ж у нас мала слоў тых, якія ведаюць людзі? Хіба імі не можна выказаць усё, што хочаш? Дак ці ж канешне — выдумляць яшчэ?