Выбрать главу

— Мы не можам не шукаць. Разам з усім іншым — i слоў…— не здаваўся Алесь. — Можа, не ўсё ўдала выходзіць. Канешне, не ўсё, ёсць нямала, канешне, i смецця. Але шукаць усё-такі трэба. Новае нельга выказаць толькі старымі, злінялымі словамі. Новаму трэба i новыя словы…

Зноў ехалі моўчкі; толькі мерна, спорна секлі ўмерзлы, уезджаны снег конскія капыты, рыйелі гужы, беглі насусграч аснежаныя дрэвы, круцілася поле. Алесь падняў каўнер, схаваў макава-чырвоныя вушы, убіраў бліскучымі вачыма зменлівае яркае хараство дарогі. Ён, Апейка, не ўтрываў, загаварыў першы:

— Чытаю я, бывае, i дзіўлюся: столькі арганізацый развялося розных. Мала таго што "Полымя", "Узвышша" i "Маладняк", дык i "Росквіт", i "Усплёскі" нейкія…

— Багата арганізацый, — не адарваў Алесь вачэй ад дарогі.— І вялікіх, i дробных…

— Мы тут сялян арганізоўваем, а ў вас усё — дзеляцца. Цераспалосіца сапраўдная. І спрэчкі, як дзенебудзь у Будзе, у суседзяў. Адсюль, збоку, дык не заўсёды i разбярэш, з-за чаго…

— Там, бывае, таксама цяжка зразумець сэнс ix. Іншы раз ніякага сэнсу i няма. Проста — амбіцыя чыянебудзь загаворыць. Захочацца вылучыцца.

— Складанае становішча ў краіне. Усё зрушылася, сіла на сілу пайшла. Клас на клас… От i ў вас там неспакойна… Чуў я, ва "Узвышшы" асабліва нядобры душок… І ў "Полымі" ёсць…

— У ix таксама розны народ. Нямала i добрых, сумленных… І ў "Маладняку" ўсякага хапае…

— Ты — у "Маладняку", здаецца?

— Быў у "Маладняку". Цяпер у нас, на з’ездзе, стварылі БелАПП. Я — у БелАППе…

— Ты ведаеш, мне адсюль часам здаецца, што там у вас аднолькавыя па духу людзі, пралетарыі, бальшавікі — у розных арганізацыях. Як бы штучна падзелены. І вайну вядуць часта выдуманую, непатрэбную. Можа, я памыляюся, але мне здаецца, браце, што б’юць там іншы раз адзін аднаго свае, a нечысці рознай, сапраўднай, пад бокам не бачаць!

— Так, неразбярыхі ў нас там больш, чым трэба.

На Алесеў лоб лягла клопатная маршчынка.

— Я i кажу. Няпростая гэта штучка, па-мойму, — "гурты свае" i "не свае", бойкі хлапечыя. Калі побач між нашых, нечысць усякая лазіць. Што прымазалася, у "гурты" ўшылася. Тут, чаго добрага, можна трапіць у такую кампанію. Калі засляпіць вочы… П’юць там, чуу я, у вас некаторыя — дым ідзе? — Паглядзеў зноў уважліва на Алеся.

— Ёсць любіцелі,— прамовіў хлопец стрымана.

— "Гуртамі" ж, няйнакш. Па аднаму ж піць — сумна… Весяліцца — дык весяліцца. На ўсю іванаўскую…

— Вяселяцца. Спачатку вяселяцца, а потым — за чубы хапаюцца. Геніі непрызнаныя… Як дзядзькі вясковыя. Толькі што — за калы не хапаюцца…

— Ты, браце, не крыўдуй, — Апейка нокнуў каню. — Я ад душы. Кажу, як нам адсюль здаецца. Я ў вашых справах — судцзя слабы. Мала ведаю сучасную літаратуру, адстаю ганебна. Няма калі чытаць, часам, бывае, тыднямі газету ледзь упраўляешся прабегчы. Ну, i ў нас ёсць літаратура свая, першачарговая — рашэнні канферэнцый, з’ездаў! Так што — адстаю па вашай часці. І, можа быць, чаго не разумею. — Неспадзеўкі дадаў з намёкам: — Але i тое можа быць, што i ты ў нечым памыляешся. І ты, i твае таварышы…

— Канешне, можа быць, — згадзіўся Алесь.

Гаварылі яшчэ нямала, але ўжо не пра літаратуру: успаміналі школу, Алесевых таварышаў, ён, Апейка, расказваў пра свае выканкомаўскія клопаты. У гаворцы непрыкметна даехалі да лесу, пад якім дарога разыходзілася на дзве: адна ў адзін бок лесу, у сельсавет, а другая, праз лясок жа, к недалёкаму ўжо Алесеваму сялу. На разгалцы хлопец саскочыў. Сказаў Алесю, што мог бы падвезці i да хаты, але хлопец заматаў галавою: "Не трэба, дабягу сам. Тут — блізка". Ускінуў на плячо фанерны куфэрачак, удзячна памахаў рукою i борзда, у кажушку, у ботах, у фасоністай шапачцы, подбегам падаўся дарогай да хаты. Адышоўшы, азірнуўся, замахаў яшчэ рукою…

Едучы маўклівым, вусцішным лесам, доўга i радасна думаў пра Алеся: выйшаў хлопец у вялікі свет, распраўляе крылы. От i няшчодрая на хлеб i на пісьменнікаў балотная палеская зямля пачынае даваць свету паэтаў. Няхай ён яшчэ толькі спрабуе голас, няхай яго пакуль не вельмі шырока чуваць, — хто ведае, як ён узляціць потым, калі памацнеюць крылы, калі набярэцца сіл. Хто ведае, можа, там паўз лес, у палатаным кажушку i шапцы з гузікам, ідзе будучы Янка Купала ці Нікіцін. "Нас i дзеці нашы ўспамінаць з часам перастануць, а ён, хлопец гэты, можа, у народзе, у свеце век жыць будзе — словам сваім, вершамі сваімі?!."