Яго не раз дзівіла, i цяпер здзіўленне гэта ажыло зноў; колькі паэтаў, пісьменнікаў паявілася на беларускай зямлі за які дзесятак гадоў! Які дзесятак гадоў, да рэвалюцыі, мала хто i ведаць ведаў, што раджаецца, можа разрасціся шырока такая літаратура — беларуская, літаратура народа, які стагоддзямі "абыходзіўся" без сваёй літаратуры! Толькі дзесятак гадоў як рэвалюцыя ўзаконіла i мову i літаратуру, дала ім дарогу, а от — глядзіце, дзівіцеся, як цудоўнаму цуду! Не адно-два дрэвы, лес цэлы расце, ды які буйны, які багаты! За які-небудзь дзесятак гадоў — на добрай савецкай глебе! Якія ж сілы таіліся ў народзе век ад веку, каб не прапасці, не змарнець за стагоддзі ўціску цемры, пагарды, здзеку: каб здалець усё, наперакор усяму выжыць, дачакацца сваёй пары! Векавая прага цэлых стагоддзяў, маўклівых, скаваных, у гэтым радасным імкненні, у магутнай творчай нецярплівасці i сіле. "Творчасць наша, познія нашы кветкі, як жа расцвіцеце вы яшчэ праз дзесятак, праз два, тры, пяць дзесяткаў гадоў!.."
5
Гэта было ўжо зусім нядаўна, летам. Дайшло, што хлопец зноў прыехаў дадому, жыве ў маткі. Калi выпала наведацца ў адну з блізкіх вёсак, знарок збочыў да Алеся. Яму не пашанцавала: увайшоў на пусты двор, дзверы ў хату былі на зашчапцы. Памагла дзяўчына-суседка: убачыўшы дзядзьку, што азіраецца на двары, пабегла па Алесеву матку; тая рабіла штосьці за гумном — на агародзе. Матка, выціраючы рукі аб фартух, гасцінна запрасіла ў хату, але Апейка не пайшоў: сказаў, што заехаў ненадоўга, праведаць адно яе сына. Прыселі ўдвох на цёплай прызбе, пад ліпаю.
— Схуднеў саўсім… — паказала яму боль свой старая. Губы яе, сухія, патрэсканыя, жалліва смыкнуліся, але яна стрымала плач. — Сухоты прызналі. Працэс, кажуць…
Апейка, устрывожаны i сам, паспрабаваў, як мог супакоіць яе.
— Вучыўся, вучыўся, ды ог — вывучыўся. — Разважліва, сумна падумала ўголас. — Нішчымніца, ведама. У горадзе, чула, голадна багата каму. А яму, без помачы, дак i саўсім. А ён змалку не моцны здароўем, век недаядаў. А тут яшчэ да навукі такі падкі, сушыў усё галаву, мабуць…
— Нічога, Мар’я Мацвееўна. Вылечыцца. У Мінску дактары добрыя. Першага сорту спецыялісты. Бальніцы добрыя, пад наглядам добрым будзе. Вылечыцца, не бядуйце да часу. Толькі от падкарміце, падмацуйце пакуль. Беражыце — чалавекам вялікім становіцца. Ганарыцца сынам сваім можаце…
— Я i рада б. Штоб не бяда, не сухоты етыя. А так ён — сынок — дзякуй Богу! Грэх паганае што сказаць! Кожнай матцы такога б сына! І ласкавы, i абыходлівы; не тое што маткі, дзіцяці не пакрыўдзіў ні аднаго! Ca ўсякім паздароваецца, кожнаму "добры дзень" дасць! І на работу не ўломак, усе яго хваляць!.. — Яна раптам сціхла, спахмурнела. Прызналася: — Не, не ўсе. Няпраўду кажу. Васіль тут, Сук, прыязджаў. З Гомеля — прыказчыкам там работае. Бацько яго жыве унь цераз хату. Дак Васіль той сказаў: "Не багато, сказаў, набраўся Хомка ў горадзе. Буў, сказаў, лапаць, лапаць i астаўся". Яно i праўда: усё добра, а от, i друпя гавораць, дзержыцца Алёшка па-простаму. Як усе адно i не буў у горадзе. І гаворыць не па-гарадскому, а панашаму. Як бы не ўмее іначай. A ў Васіля таго дак боты хромавыя, наваксаваныя. І еты, як яго, гальштух пад шыяю, i гадзіннік у кішэні, з ланцугом. І — усё пагарадскому, па-гарадскому: "дарагой ацец", "пажалуста". Культурны такі!
— Культуры той, Мар’я Мацвееўна, ва ўсім ім менш, як у адным Алесевым мезенцы!
— Не кажыце! Важны такі, як усе адно колішні пан. З гальштухам, чобаты хромавыя да калень, ідзе — ручкаю памахвае. Зямлі не бачыць. А як стане з кім, дак: "Здрастуйце! Как жызнь маладая?" Папяроску гарадскую ў губах дзержыць!.. Пан, ей-богу, пан…
— Чым жа яму, Мар’я Мацвееўна, пахваліцца другім, калі ў галаве мякіна?
— Яно такі праўда. Мякіна, адна мякіна…
Алесь абганяў картоплю. Неўзабаве сядзелі ўжо на ўзмежку, бачыў яго схуднелы, амаль без загару твар, вузкія i вострыя белыя плечы; зрэбныя, малаватыя ўжо, штонікі з лагіінаю на каленях, белыя, з наліплай рудаватай зямлёй ногі. Ён быў голы па пояс, i былі добра відны рабрыны пад белай скурай, было відна, які ён худы i змарнелы.
Сястра, што вадзіла яму каня, толькі падышла на хвілінку, паздароўкалася i зноў иадалася да каня — пасвіла яго наводдаль. Апейка i Алесь сядзелі на ўзмежку ўдвух.
— Чаму не зайшоў, калі ехаў сюды? — папракнуў Апейка.
— Я заходзіў. Вас не было. "У раёне", сказалі…
— Пераказаў бы ці паперку аставіў бы. Што вярнуўся. На радзіме…
— Мала ў вас клопату без мяне! Я думаў быў чыркнуць два словы, а потым рашыў — не трэба…