Выбрать главу

— Скажы: паленаваўся. На першы раз даю вымову. Другі раз, калі такое паўторыцца, будзе горш. Запомні…

Ён усміхнуўся:

— Запомню.

— Надоўга?

— На месяц.

— Болей трэба. На паветры добрым трэба пабыць. Агародам пакарыстацца. Свежай зелянінаю.

— У рэдакцыі прасілі. У газету я ўладзіўся. Рабіць трэба. Летам раз’язджаюцца ўсе. З-за гэтага найбольш i ўзялі. Ну, i калі падрабіць, як не летам!

— А што — з лёгкімі?

Ён паморшчыўся, не хацеў гаварыць.

— Найшлі нешта. Зацямненне вярхушкі справа. Дысемінацыя — ёсць такі вучоны тэрмін. Смяртэльнай небяспекі няма, сказалі. Але — патрэбна лячэнне. Добрае харчаванне, добры пакой, здаровы рэжым. — У голасе яго чулася іронія.

— Алесь, адчайвацца не трэба. Але — i падсмейвацца таксама ні да чаго. Тваё здароўе не аднаму табе трэба… — улавіў іранічную ўсмешачку, не даў запярэчыць яму. — Будзь разумны!.. Пішаш тут?

— Мала. Гультую без сораму. Гуляю, гляджу…

— Гуляй. Адпачні. Вершы — потым. Самі пісацца будуць… Дарэчы, загараць табе, здаецца, покуль не трэба… Што ў горадзе?

— Вучыўся багата, экзамены. Дык не вельмі i бачыў…— сагнаў усмешку, заклапочана змоўк. — Неспакойна ў горадзе. Пошасць розная галаву ўзнімае. Усякі бруд напаверх вылазіць… Ну, i дурняў багата што толькі бруд i бачаць усюды. Не вераць, што людзі могуць быць i чыстыя!.. — ён раптам трасянуў галавою. — Ат, хай яны ў балота!.. — павёў бліскучым позіркам па пол i, на лесе наводдаль. Шчаслівы, заплюшчыў вочы; адкінуў назад галаву, шумліва, на ўсе лёгкія ўдыхнуў: —Паветра ў нас! Лесам i лугам, нават у полі, пахне!.. І наогул — рай тут!.. У Мінску ўвесь час у мітусні. А тут — ціш, воля! Думай колькі ўлезе!

Здаецца, усё запомнілася з гэтай сустрэчы; але з асаблівым жалем згадваліся белыя вострыя плечы, рабрыны пад белай, кволай скурай. З трывогай успаміналася яго іранічнае: "Ёсць такі навуковы тэрмін — дысемінацыя!" Потым ад урача даведаўся як мае быць, што значыць гэты навуковы тэрмін, напісаў яму на універсітэт ліст, i прасіў, i загадваў берагчы сваё здароўе, сур’ёзна паставіцца да хваробы. Успамінаў, вядома, i клопатнасць маршчынак на Алесевым твары, i неспадзявана вясёлае: "Ат!", i захопленае, зачараванае: "Ціш, воля!" Згадваючы ўсё, не бесклапотна ўспамінаў тое, што ён кінуў пра "бруд", пра "дурняў", якія не вераць, што ёсць "чыстыя", але неспакой гэты трывожыў яго толькі наогул, як агульная трывожная з’ява, а не як бяда, што мае асаблівае дачыненне да хлопца. Трывожыўся адно пра яго здароўе. Адсюль ён чакаў бяды. І вось, на табе!..

Цемра ў кабінеце пабольшала, а ён усё сядзеў на стале, перабіраў усё ў памяці, стараўся развязаць неспадзяваную, незразумелую зусім загадку. "Выдумка, паклёп!" — прыходзіла зноў упартае, самае простае. "Наплёў нейкі дурань — i пайшло! А там — i надрукавалі!.." Думка такая прыходзіла Апейку найбольш адтаго, што яму хацелася, каб было гэтае, самае лёгкае для Алеся, i адтаго, што яна найлепш адпавядала ўсяму, што ён ведаў пра хлопца. Але цвярозыя развагі адна за адной бурылі гэтае добрае, жаданае: "Так проста i надрукавалі б! Усё ж там блізка было, ля газеты. Усё відна. Праверылі, узгаднілі. Ды i — ясна сказана ж — абмяркоўвалі на камсамольскім сходзе. Калектыўная думка!.." Гэта заводзіла развагі ў тупік: тая ж самая цвярозасць казала, што, як бы там ні было, хоць i абмяркоўвалі, хоць i надрукавалі, усё гэта — няпраўда. "А ячэйка — не магла памыліцца? Ячэйка — маладыя, гарачыя хлопцы i дзяўчаты. Якія так легка паддаюшда настрою. Бываюць выпадкі, i дарослым не хапае цвярозасці. Дарослым, спакайнейшым, вопытным. А то ж — мал ад ыя, гарачыя…"

Што б там ні здарылася, Апейка быў перакананы ў адным: "Не можа быць! Не можа быць таго, што напісалі! Няпраўда!" Але перакананне гэта усё ж не супакойвала: што ні думай, а, мяркуючы па артыкулу i сходу, штосьці ж было там; нейкая, няхай i не такая, як там у артыкуле навернута, прычына была ўсяму! Прычына, што дала пачатак гэтаму. Была! Што ж яна за такая?

"Вучыўся, вучыўся i — вывучыўся!" — успаміналася яму матчынае. Тады прыходзіла на памяць тое, што ён ведаў пра асяроддзе, у якім давялося жыць хлопцу ў Мінску. Прычына, адчуваў Апейка, была, не інакш, тут: даверлівы, зялёны вясковы хлопец, шчырае, няхітрае дзіця, трапіла ў хеўру спрактыкаваных, лоўкіх, нячыстых махляроў: ачмурылі, зацягнулі, загубілі! Апейка з газет ведаў, колькі ix там такіх — затоеных, яўных, нядобразычлівых, нават варожых — ахвотнікаў муціць ваду i галовы людзям! Напладзілі ўсялякіх аб’яднанняў, як гандляры крамак; узнімаюць век непатрэбную валтузню: бясконца спрачаюцца, кусаюць адзін аднаго, вылазяць з рознымі фанабэрнымі заявамі, якія іншы раз выглядаюць проста як выскакі супроць генеральнай лініі партыі!..