Выбрать главу

Чорт ведае, што ў ix там робіцца! Нават такія відныя — здавалася б, надзейныя, адцаныя партыі — дзеячы, як славуты, можна сказаць — узрошчаны рэвалюцыяй, паэт Міхась Чарот, як Змітро Жылуновіч — Цішка Гартны, чалавек, які ўзначальваў першы савецкі ўрад Беларусі; людзі, якія, думалася, столькі гадоў усёй душой служьші партыі i савецкай уладзе, нават яны, аказалася, апынуліся ў твані. Нават яны, пісалі газеты, дакаціліся да таго, што звязаліся з буржуазнай поганню, нацдэмамі, не толькі па гэты, a i па той бок мяжы! Чаго ім было лезці ў тую смуродную твань! І чорт яго ведае: калі ў твані апынуліся такія вопытныя дзеячы, то што было зацягнуць туды зялёнага, няхітрага хлапчука! Няўжо i праўда — зацягнулі?!

Думаючы цяпер пра ўсё гэта, дашукваючыся, што ў тым артыкуле пра Алеся праўда i што — няпраўда, Апейка мімаволі згадваў, што не ўсе артыкулы аб літаратурных справах, якія ён чытаў у газетах раней, былі абгрунтаваныя, доказныя; успаміналася, што ў некаторых з ix абвінавачанні, i вельмі сур’ёзныя, былі прыцягнуты, проста сказаць, за вушы. Ён прыпомніў, як адна цэнтральная газета абвінавачвала часопіс "Полымя" i нават рэдакцыю газеты "Савецкая Беларусь" у тым, што яны гадамі вялі контррэвалюцыйную нацдэмаўскую прапаганду. Тая цэнтральная газета так i пісала, Апейка гэта запомніў добра: "Мы гадамі цярпелі прапаганду контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай ідэалогіі" ў гэтых часопісе i газеце! Апейка не часта разгортваў часопіс, не стаў бы ручацца за яго, а газету "Савецкая Беларусь", газету ЦВК, чытаў амаль штодня i ведаў добра, колькі ў тым гневе праўды! Яго тады вельмі здзівіла i абурыла, што на відную, заслужаную газету так проста было пісаць такую страшную няпраўду! Легка, безадказна нападала тая мінекая газета нават на ЦК партыі: вінаваціла ЦК, нібы ён абараняў "багоў" тыпу Жылуновіча ад крытыкі газеты; Апейку гэта здзівіла асабліва тым, што газета нібы абуралася ўмяшанню ЦК у яе справы! І ў тым артыкуле, i ў іншых Апейку не даспадобы быў, здавалася яму, непатрэбна крыклівы, пагрозны тон, дзе крык i пагрозы нярэдка падмянялі доказы.

Усё ж нельга сказаць, што ён не вельмі верыў таму, што чытаў пра літаратурныя справы ў Мінску. Яго бяда была ў тым, што ён не бачыў усяго сам, сваімі вачыма. Не ведаючы добра ўсяго, ён мусіў лічыць, што ёсць яшчэ нешта вельмі важнае, чорнае, што яму невядома i пра што не пішуць; што іменна гэтае невядомае i дае падставы гаварыць там, у Мінску, такім тонам. У яго раз-пораз узнікалі сумненні, што некаторыя нападкі праўдзівыя; але сумненні гэтыя рэдка трымаліся моцна — ён вельмі ж мала ведаў сам. Сумненні яго найчасцей разбіваліся аб цвёрдасць, непахіснасць тону i рашэнняў там, у сталіцы рэспублікі: там, пэўна ж, ведалі, што рабілі! Што ні думай, з такіх пастоў, як пост рэдактара цэнтральнай газеты ці намесніка наркома, так проста не здымаюць! Ды яшчэ такіх відных пісьменнікаў, відных дзеячаў, як Міхась Чарот i Цішка Гартны! Пэўна ж, ёсць важныя прычыны!

Цяпер даўнія сумненні ажывалі зноў, зноў трывожылі. Алесь, канешне, не Цішка Гартны i не Міхась Чарот, але ці няма ў тым, што было з імі, з Гартным i Чаротам, адгадкі i Алесевай "гісторыі"? Ён толькі мог гадаць пра гэта, як i пра незразумелы артыкул. У думках не было яснасці. Думкі блыталіся ўпоцемку. Ды i як яны маглі выбіцца з поцемку, калі невядомы праўдзівыя факты. "Факты, факты, от што трэба высветліць! Самому!.."

Апейка раптам схамянуўся, заўважыў: за акном было зусім чорна. Трэба дадому. Не запальваючы лямпу, стаў вобмацкам збіраць паперы на стале; паклаў у шуфляду, замкнуў яе.

"Паеду на сесію. Там i высветлю усё".

Раздзел трэці

1

Доўга не ўціхала туга па дачцэ. Hi клопат, ні ўтома не маглі сцішыць смутку страты. Усё лета, усё ў гэтым леце жыло смуткам вялікай, незваротнай страты. Аб страце шумелі лозы ў балоце, шапталі каласы ў полі, спявалі жаўранкі. Аб ёй гулі пераднавальнічныя вятры, грымелі грамы, пісалі агністымі стрэламі бліскавіцы…

Толькі пад восень стала патроху аціхаць, зацягвацца рана. Яна яшчэ чулася, ныла, але ўжо не так балюча. Як бы прывыкаць стала Ганна да гора. Ужо не такім жывым згадвала тварык дачушкі, усю яе, ужо не чула жывога цяпла яе цельца. Цьмеў воблік малой, паціху, непрыкметна, але адыходзіў у нябыт.

Усё ж такой, якой была, Ганна ўжо не стала. Пакута назаўсёды пакінула ў ёй знак. Штосьці ў яе душы перакіпелае як бы астыла, зацвярдзела, давала ёй большай рашучасці, а другое зрабілася мяккім, вельмі чулым, падатным. Можна сказаць, нейкая не знаная раней чуллівасць паявілася ў Ганне…