Былі пагодныя дні. З сонцам ад ранку да вечара, з сінім небам. Днём яшчэ было цёпла, а пад вечар, калі чырвонае сонца сцякала за лес, апусцелая, няласкавая зямля стыла на холадзе. Пад поўнач бяліў яе i ней, у ледзяныя, звонкія раніцы i трава каля йлатоў i на выганах, i палі з загонамі яшчэ не скопанай бульбы, i панурыя, учарнелыя стрэхі — усё было па-зімоваму белае. Калі ўздымалася над чэзлым балотным алешнікам сонца, светлае, прамяністае, ад інею аставаліся толькі цемнаватыя плямы вільгаці. Неўзабаве знікалі i яны. Іней трымаўся яшчэ ў цені дрэваў i хат, трымаўся ўпарта, пакуль сонечная цеплыня не дабіралася i сюды.
Неба гэтымі днямі сінела чыстае i глыбокае. Яно не было цяпер такое яркае, як раней, часта атульвала яго белаватая, нібы малочная, смуга, i яно здавалася бляклым, быццам выгаралым за ліпеньскую i жнівеньскую спёку. Сонца таксама было іншае. Аддаўшы амаль увесь свой пал лету, яно берагло рэшткі цяпла, грэла мала, але надзіва лагодна i пяшчотна. Гэтай лагоднасцю i пяшчотай было напоўнена ўсё ў прыродзе усе дні.
У лагодным сонечным святле гарэлі сумным адвечным полымем ліпы i бярозы каля хат, дрэвы ў недалёкім лесе. Як сівізна ад былога, ад перажытага, бялела ўсюды павуціна. Яна вісела ў паветры, абчэплівала павялы i пасохлы бульбоўнік, калы i жэрдкі вакол агародаў, пажоўклыя кусты. Усё агартаў спакойны, стары як свет смутак, смутак развітання з цяплом, з летам, набліжэння слаты, халадоў.
На душы ў Ганны усе гэтыя дні было самотна i трывожна, не адыходзіў ціхі, цягучы жаль. Душы хацелася шкадаваць — шкада было i добрага, ужо аслабелага сонца, i голых, бедных палёў, i яркіх агністых дрэваў, што вось-вось павінны былі страціць сваю красу.
"Што ето са мной?" — дзівілася не раз яна сваёй чуласці. Раней яна ніколі не адчувала так восені, была безуважная да гэтай пары, нібы i не заўважала. Чаго ж цяпер так хвашое яе апошняя пяшчота цяпла, згалеласць палёў, смутак асенніх дзён? Чаму ж усё гэта адгукаецца ў сэрцы маркотнай, няўціхнай журлівасцю?
Капалі бульбу. Цэлымі днямі, ад ранняга ранку да позняга змроку, Ганна рабіла на полі. Зямля была ўжо халодная, i пальцы, чорныя ад зямлі, стылі, станавіліся непаслухмяныя. Зямля моцна ўядалася ў поры, у маршчыны, пад пазногці; скурчаныя, намёрзлыя пальцы пад вечар разгіналіся цяжка. Цвярдзела, касцянела i сагнутая дзень у дзень крукам сгйна.
Рыючы пальцамі зямлю, яна неяк сарвала аб каменьчык палову пазногця. Пазногаць яшчэ моцна трымаўся на пальцы, але капаць i перабіраць рукамі зямлю стала нязручна. Часам Ганна вярэдзіла яго, i руку ламаў, тузаў моцны боль; яна сціскала зубы, каб не застагнаць. Старалася б яна маўчаць, мусіць, калі б было i ў тысячу разоў горш. Ганне нізашто не хацелася паказваць перад свёкрам i перад свякрухаю свой боль. Хавала яна яго i ад чалавека.
За час свайго замужжа Ганна прывыкла таіцца, хаваць у душы i пакутны боль, i тугу, i надзеі. Калісьці такая гаваркая, таварыская, яна даўно стала любіць адзіноту.
З настроем адзіноты лепш за ўсё было ёй у лесе. Лес супакойваў, суцішаў, гаіў; дрэвы, то маўклівыя, то шапаткія, здавалася, разумелі i спачувалі, каля ix лягчэла на душы. Так было раней, увесну, улетку. Цяпер жа лес, як i ўсё, навяваў у душу, якая стала дзіўна чулай, трывогу i смутак.
І ўсё-ткі ён вабіў да сябе. Поле Глушакоў было каля самага лесу, i Ганна не раз збіралася выбраць вольную хвілінку, пахадзіць па ім. Але Глушакі рабілі амаль без перадыху. Толькі калі скончылі капаць усю паласу i апошнюю бульбу ссыпалі ў лазовы кош, Ганна нарэшце адчула, што прыйшла жаданая хвіліна.
— Я пайду ў лес, — абыякава сказала яна свякрусе.
Глушачыха глянула недавольна.
— Чаго там табе рабіць?
— Грыбоў пагляджу…
— Свіней карміць скора! — апярэдзіў маці Яўхім. Ён паклаў у кош жалязняк.
— Я ненадоўго.
Старая нечакана прамовіла:
— Яўхім, a мо i ты схадзіў бы, дзіцятко… пагуляў.
Ганна, што ўжо ішла ад старой, слова не падала, нібы нічога не чула. Ужо ў лесе яна мелькам азірнулася — Яўхім стаяў каля воза, рыхтаваўся ехаць дамоў.
Схаваўшыся ў лесе, яна адчула палёгку, якая з’яўлялася ў яе толькі тады, калі знікалі з вачэй Глушакі. З гэтай палёгкай, нібы між знаёмых, блізкіх, i пайшла яна між дрэваў.
Як тут было хораша i як сумна было! Тое асенняе хараство, на якое так адгукалася яе сэрца, у лесе панавала асабліва. Тут было ўсё перайначана, перароблена ім. З усіх бакоў абступалі Ганну купы падпаленага лісця, жаўтлявага, дзе-нідзе зеленаватага, зусім, дарэшты, чырвонага, ружовага, барвовага. Ніколі ў лесе не было такой дружнай, бурнай, як усплёск полымя, яркасці фарб, такой кідкай красы. Усё было нібы ахоплена агнём, дзівосным, невыказна прыгожым, усеабдымным.