Гэта хараство ўзяло, захапіла Ганну. Як у сне, яна рвала ля куста мокрую траву, слала на аблепленае зямлёй дно кошыка, як у сне, ішла без сцежкі, трымаючы кошык каля грудзей, слухаючы, як шархаціць пад нагамі апалае лісце. Яна раптам забылася пра грыбы, стала дзіўна бяздумная, няцямная. У шырокіх, круглых, пасвятлелых вачах яе было не здзіўленне, не захапленне, а нейкая пакутлівая разгубленасць. Абветраныя, патрэсканыя вусны Ганны, нервова смыкнуўшыся, застылі, гатовыя не то ўсміхнуцца, не то сумна сціснуцца…
Яна прайшла зараснік, багата лесу, што абступаў бярозамі, дубамі, асінамі, падлескам.
Ужо сярод лесу яна нібы абудзілася, пачала шукаць грыбы. Ix было нямала, але пара ix сыходзіла, большасць, асклізлыя, трухлявыя, ад першага дотыку разлазіліся.
Ганна хутка адчула, што стамілася, i падалася назад. Ішла павольна, неахвотна. Вяртацца не хацелася. Каля рабіны, на якой крывёю гарэлі важкія гронкі ягад, яна паставіла кошык i апусцілася на халодную траву. Зморана згорбіўшыся, не варушачыся, нейкі час сядзела з той бяздумнасцю, з якой нядаўна ішла лесам. Вакол, ападаючы, шамацела лісце, угары маркотна, цягуча шумеў густы вецер.
Яна заўважыла непадалёку некалькі кустоў арэшніку, i ў грудзях яе штосьці нядобра заныла. Успомнілася нечакана, як калісьці спаткалася з Васілём — у такім самым арэшніку. У яго была цераз плячо доўгая торба… Яны потым сядзелі на выспачцы. Васіль лузгаў арэхі, якія браў з торбы, гаварыў, што ў Хвойным воўк сярод белага дня зарэзаў авечку… Яшчэ пра рознае гаварылі… Нічога асаблівага ёй не прыгадалася, бо ў той сустрэчы нічога такога i не было, але сэрца яе зашчымела жалем.
Адышло ўсё гэта, сустрэчы з Васілём, маладое шчасце назаўсёды адышло. І ў думках даўно ўжо не згадваецца, i ў сне не сніцца… Адышло, адгарэла — няма чаго i згадваць…
Іншае наўме было, іншым жыла. Каб i хацела, не было б калі думаць асабліва, перабіраць у памяці… Жончына доля — не дзявочая. Гаспадарка, клопат дзень пры дні. Ганна ўпершыню як бы глянула назад: вясною, зімою, летам — хоць бы калі была гадзінка, каб параскошавацца без працы…
Гаспадаркі ў Глушакоў не тыя, што ў бацькоў Толькі ўпраўляйся наварыць свінням, каровам, авечкам, нарэзаць, намясіць, занесці ўсім, накарміць такую пражору. А поле — памажы паараць, пабаранаваць, пасеяць; а агарод — парабі градкі, пасадзі ўсё, выпалі так, каб травіначкі нідзе не асталося: свёкар любіць, каб чыста было! A жніво — калі ў вушах шамаціць ад сухіх каласоў, калі ломіць здзервянелую спіну, калі чакаеш не дачакаешся краю паласы, збаўчага поцемку. А восень — выццё малатарні, хмары пылу, ад якіх душыць усярэдзіне, доўпя рады карчоў бульбы, падкапаных жалезняком Яўхіма ці старога Глушака…
Было тут калі думаць, успамінаць пра вольныя мілыя вечары! Толькі збудзеш апошнія клопаты, з’ясі чаго-небудзь, ледзь дацягнешся да ложка — сон навальваецца, як сцяна. Спіш — што мёртвы. Ніякая сіла, здаецца, узняць ужо не здольна. А заспяваюць друпя пеўні — ногі самі сабой ссоўваюцца з ложка. Дзіва — i мёртвы ўстаў бы, калі стары, крэкчучы, успёрся, пачаў сноўдацца па хаце. Усе павінны ўстаць. І ўсе ўстаюць. І яна таксама…
Як адзін доўгі-доўгі дзень, як адна бясконцая, дурнотная ноч успаміналася Ганне яе замужняе жыццё— тры гады жыцця! Успомніліся нялюбыя, грубыя Яўхімавы абдымкі, якія яна павінна была заўсёды цярпліва трываць — чалавекава жонка! А ён хоць бы калі падумаў, уважыў яе: ахвота ці неахвота ёй, ён ведаў адно — абы яму было добра! Ён нават як бы знарок мучыў яе, чуючы яе стрыманасць. Ён як бы помсціў за тое, што не любіла, што ўпарцілася некалі. Помсціў за Васіля, за вольныя гады… І кожны вечар, кожную ноч — адно-і тое ж: быць з ім, цярпець яго!.. І так усё жыццё — да скону!.. Няўжо ўсё жыццё — так?!.
Усё жыццё, увесь век цярпець яго, цярпець старога, які гатоў з’есці, калі прысядзеш на хвілінку, калі запарвеш, панясеш што сваім, які воч не зводзіць, баіцца, што абкрадзеш; да скону са старой, якой усё мала памагаеш, якой усё мала любіш Яўхімачка?!. Батрачкам, рабою ix век быць?! Рабою скнарых ненажэр, рабою — праўду ж кажуць — п’явак людскіх, кулакоў. Ганну ўзяў страх.
Яна паспрабавала адагнаць страх, але спакою не было.
Позірк яе раптам выхапіў бярозу, што тырчала наводдаль. Бяроза дажывала век. Вецце яе было ужо найбольш пасохлае, там i тут вятры абламалі галіны, ствол чарнеў старэчай карою… Ад гэтай бярозы Ганне стала яшчэ страшней. "Ето ж — я сама! — пранізала яе думка. — Такая ж i я!.."
Слёзы, як ні стрымлівала ix, набеглі на вочы затуманілі позірк.
Згадала, як канала малая. Як засыпалі зямлёй труну. Адчуванне бяды, вялікай, як свет, непапраўнай ніколі, напоўніла яе, сціснула балюча горла. Усё жыццё пакутаваць ёй, усё жыццё ісці з бядою. Жыць без шчасця, без уцехі, без якой-небудзь надзеі на прасвегліну!