Яна упала на павялую, халодную траву, i плечы яе затрымцелі ад горнага, роспачнага рыдання.
Яна плакала доўга. Доўга ляжала без слёз, ціхая, стомленая, спусцелая. Калі раптам цвёрда устала, не глядзела ужо навокал. Вочы нібы не бачылі нічога, зрэнкі былі вузкія, вострыя, сухія. З дзіўным, такім не падобным на нядаўняе спакоем падумала: "Няўжэ ж так i далей будзе? Не пераменіцца няўжэ?.. Увесь век!.."
Спакойна ж, з нейкай злосцю, нават злараднасцю запярэчыла: "Не!"
2
З таго дня апанавала Ганну адна думка, адно жаданне: пабачыць Васіля. Спаткаць дзе-небудзь няласкавага, нядобрага, любага. Лежачы каля Яўхіма, які зморана спаў, яна душыла ў сабе глухую нянавісць, стрымлівалася, каб не ўстаць, не пайсці куды вочы глядзяць. Далей — з гэтай даўкай цемры, з задухі гэтай. Трэба ж было ляжаць спакойна, не варушачыся, бо свякруха таксама часта не спала, — Ганне было чуваць яе крахтанне ды божканне. Часам здавалася, што старая прыслухоўваецца ў цішы да Ганніных нядобрых думак, каб заўтра расказаць пра ўсё сыну, накінуцца на яе.
Прыслухоўваецца. Няхай прыслухоўваецца. А яна, Ганна, будзе думаць пра тое, пра што хочацца, што любае. Пра Васіля! Што ж ёй, думаць нельга аб тым, што адно дае ёй цяпер уцеху! Яна ж, можа, i жыве цяпер толькі тым, што ён недзе ёсць, што, можа, таксама вось так ляжыць i думае пра яе…
Не, не думае. Даўно з галавы выкінуў усе думкі аб ёй. І ці дзіва, чаго яму думаць, калі ў яе — чалавек, а ў яго — жонка?
А яна вось думае пра Васіля. Ведае, што — непатрэбнае, лішняе, — а думае. І думкі найбольш адны: то ўспамінае былое, то гадае, ці любіць ён жонку сваю. А над усім жаданае: як бы пабачыцца. Сказаць бы некалькі слоў, пачуць яго. А можна i не гаварыць, толькі б пабачыцца, ды каб не на людзях, а адным, каб ніхто не замінаў, каб не трэба было хаваць душу, таіцца. У такія хвіліны часта шукала думкамі, разважала: дзе б маглі сустрэцца, у які час…
Часта ва ўяве ўзнікалі жаданыя сустрэчы так ясна, што ў грудзях рабілася цёпла i хораша. Бачыла Васіля перад сабой, быццам быў напраўду тут, чула яго ласкавыя словы так, нібы ён i праўда гаварыў. Словы яго ў марах-яве былі заўсёды пяшчотныя, добрыя, такія якраз, якія хацелася, якія даўно не чула i якія, можа, не пачуе. І сама гаварыла яму пра тое, каб не крыўдаваў, каб дараваў, пра тое, які ён харошы i што любіла i любіць будзе яго аднаго, адзінага…
Днём, каб пабачыцца з Васілём, некалькі разоў хадзіла дамоў, да сваіх; ступаючы паўз Васілёву хату, мімаволі насцярожвалася, коса паглядвала на яго двор, на шыбы. Аднойчы ўбачыла: Васіль перапрагаў каня каля ганка. Заўважыўшы яе, знарок адвярнуўся — яна потым цэлы тыдзень хадзіла журботная. Другі раз бачыла яго з бацькавага агарода: браў сена з воза, насіў у гумно. Быў не адзін, з Маняю, стары Дзяніс побач стаяў, штосьці гаварыў яму…
Цяпер, калі ў Глушакоў бульбу пакапалі, прыйшла да сваіх, памагчы; таіла ўцеху — хоць здалёк, хоць з жонкаю пабачыць яго. Загоны бульбы, бацькаў i Васілёў, был i побач.
Бульба на Васілёвым загоне была яшчэ не дакапана. Але ні Васіля, ні Мані не было, капала адна яго маці. Ганна сказала вінавата ёй "добры дзень".
— Не кончылі? — прамовіла да маці, абы не маўчаць.
— Не кончылі… Клопат розны, не ў пару…
Ганна заўважыла, што старая не крыўдуе, i ёй палягчэла. Спадзеючыся, што маці скажа, дзе Васіль, запыталася:
— Які клопат?
— Які ж! Гарпіна, Маніна сястра, што ў Алешніках, захварэла. Дак от Васіль паехаў з Маняю. Мо дохтара трэба…
— І што, хворая вельмі?
— Сястра? Зжоўкпа на лісток лазовы!..
— Бяда якая! — паспачувала Ганна.
— І не кажы! Бяда!..
— А я сваім хачу памагці… Карціць таксамо…
— Aга ж! Ведамо!..
Ганна пайшла да сваіх. Бацька выслізганым жалезняком падкопваў бульбяныя карчы, а мачыха i Хведзька выбіралі. Мачыха выпрастала спіну, з падазронасцю зірнула на Ганну:
— Пра што ето вы там?
— Так. Нічого…
Рыючы зямлю, Ганна раз-пораз паглядвала на дарогу, што ішла з сяла: ці не едзе? Па дарозе то з сяла, то ў сяло поўз чый-небудзь кош; Ганна з надзеяй углядвалася ў тыя, што выкіроўваліся ў поле, — можа, Васіль? Васіля не было.
Ён прыехаў пасля абеду. Адзін. Ледзь убачыла яго, адчула, як кроў прыліла ў твар. Галаву не ўздымала, чамусьці цяжка было ўзняць, сэрца білася часта i горача. Але, i не падымаючы галавы, адчувала, як ён пад’ехаў, чула рыпенне яго калёс, яго голас. Што сказаў ён маці, не разабрала, вецер аднёс словы.