Выбрать главу

Малая дачка гаспадыні падгледзела нашы пяшчоты i ў час абеду абвясціла:

— А яны цалаваліся.

Маці чамусьці злосна пляснула яе рушніком.

Спал i мы ў той пярэдняй палавіне хаты, якая належала кватаранцы, да мяне спала там малая, я заняў яе кароткі ложак. Ён стаяў паміж грубкай i сцяной, што перагароджвала хату. Маша спала каля акна на сваім вузкім жалезным (бальнічным, ці што?) ложку. О, якія гэта былі ночы! Сон не адольваў мяне. Ды i Маша не спала, чуў па яе дыханні. Я напакаваны быў самымі пяшчотнымі пачуццямі. Але ніводнай «крамольнай» думKi, ніякага непрыстойнага жадання! Уся радасць была ў тым, каб чуць яе дыханне, водар яе, ні з чым непараўнальны. У аповесці, пэўна, ёсць i хлапецкія жаданні, знарок не перачытваю, але калі ёсць, то гэта яўна мастацкі вымысел. Было жаданне блізкасці, калі мы цалаваліся ў садзе ці амбулаторыі, але толькі не ўначы, я не дапускаў думкі, што магу вылезці з-пад прасцірадла i ў майцы i трусах пайсці за грубку, ды ажно — да яе ложка. Гэта якраз тое, што запомнілася на ўсё жыццё i з чаго пасля, праз шмат гадоў, пасля радаснай салодкай блізкасці, мы абое весела смяяліся, асабліва тады, калі норавы сталі іншымі i такой ідэалісткай была хіба наша Таццяна.

I яшчэ што запомнілася. На другую ці трэцюю ноч, калі мы ўсе паснулі, па фельчарыцу прыехалі з суседняй вёскі. Роды!

Як мяне гэта ўсхвалявала!

— Я паеду з табой.

— Ты што — чокнуўся? Cni.

Які сон! Затарахцелі колы — i ў мяне раптам успыхнула дзікая рэўнасць. Яна паехала ўначы з маладым мужчынам! Такой рэўнасці я больш ніколі не перажываЎ: Дурань, безумоўна, быў! Але хто з нас, асабліва ў такім узросце, кіруе сваімі пачуццямі?!

Выскачыў у сад, кідаўся, як тыгр у клетцы. I пакуты гэтыя цягнуліся доўга. Маша вярнулася пасярод дня, узбуджаная, радасная, ажио ззяла ўся, вочы гарэлі, што абвастрыла маю рэўнасць. Але яна дзіўна пагасіла яе.

— Такога харошанькага хлопчыка прыняла, — i тут жа засмуцілася. — А сям'я бедная-бедная. Загарнуць не было ў што. У суседкі пазычалі.

Гэта яе радасць ад нараджэння чалавека дала мне, як кажуць, козыр; я адкрыў ёй нібыта даўнюю мару: мець сына ці дачку. Маша спачатку задумалася, яна была ўжо сталая, потым сур'ёзна сказала:

— Дурань ты, мой жаніх, — «жаніх» — з іроніяй. — Ты не знаеш, якая гэта адказнасць. Малако на губах, тэхнікума не скончыў — а давай яму сына, гатовенькага. Ідзі купі, калі такі спрытны.

Я пакрыўдзіўся.

З першых дзён я адчуў, што я не жаданы госць для гаспадыні, якая амаль не гутарыла са мной, налье міску капусты — i будзь здароў! А тут, падазрона мніцельны, пачаў думаць, што i Маша не супраць, каб я хутчэй адбыў. Я зразумеў гэта, калі яна са смехам прачытала мне ў часопісе вясёлую грузінскую быль: гаспадар паказаў госцю на птушку ў садзе: «Бачыш, сядзіць». Пляснуў у далоні: «Глядзі, паляцела!»

Я пасмяяўся разам з ёй. Мы i там спаборнічалі з ёй у чытанні. Побач жыў стары настаўнік, у яго была вялікая бібліятэка, ён выпісваў часопісы. Пазней, калі я прыехаў у тую непаўторную вясну, якая парадніла нас на ўсё жыццё, Маша расказала, як спалохаў яе гэты стары гуманіст. У яго доўга i цяжка хварэла жонка, i ён аднойчы папрасіў Машу: «Зрабіла б ты, дачка, ёй укольчык, каб не пакутавала. Балюча глядзець».

— Ты знаеш,— казала Маша,— я ледзьве не самлела. Яму балюча глядзець, а мяне, маладую, штурхае на злачынства. Бач ты яго! Я пасля адна баялася заходзіць да хворай. Аню брала ці Надзею, сяброўку-настаўніцу. I ніякіх уколаў не рабіла, хоць боль у пакутніцы быў страшэнны, i, можа, камфару трэба было ўкалоць.

Маша была надзвычай адданы, чулы i па-свойму хітры лекар. Яна добра разумела псіхалогію хворых, асабліва старых сялянак. A якія лекі меліся ў сельскім медпункце да вайны?! Цяпер няма. Але яна ведала: адаслаць бабулю без парашка — назаўсёды пазбавіцца кліенткі, ды i якая слава пойдзе пра яе, фельчарыцу: нічога не ўмее, нічога не мае! I яна прыдумала адмысловыя парашкі, абсалютна бяскрыўдныя пры любой хваробе: соду з цукрам. Праз колькі дзён бабулі прыходзілі, прыносілі яйкі i шчыра дзякавалі: «Ай, дохтарка, як жа памаглі твае парашочкі!»

«Грузінская птушка» стала для мяне намёкам. I я на другі ж дзень сабраўся ў дарогу. Ад снедання адмовіўся. Назло ёй вырашыў пайсці не на Рэчыцу, а праз Дняпро — да Сожа, каб там паплыць на параходзе да Гомеля. Маша, засмучаная, ад чаго я трохі злараднічаў, адгаворвала:

— Кажуць, ад Рудні да Дзятлавіч дарога праз балоты.

— А што мне балоты! Бачыў я не такія балоты! — успомніў ягаднае — паміж Кармой i Добрушскім лясніцтвам.

Маша правяла мяне па дарозе на Холмеч i ўручыла вузялок з хлебам i яблыкамі. I гэтым расчуліла да слёз. Дазволіла пацалаваць сябе.