Выбрать главу

Маўчаў i Залоза — святкаваў яшчэ адну перамогу.

Настрой губернатара даў Івану адчуванне, што можна вырашаць іншыя пытанні, заляжалыя.

— Вікенцій Паўлавіч, месяц ці, можа, паўтара, я палажыў табе на стол спіс...

— Дамоў?

— Дамоў.

— А чаму хвалююць цябе гэтыя дамы?

— Люблю, каб быў парадак. Вырашым гэта — i хоць маленькую дзірку залатаем у губернатарскім бюджэце.

— Бярэш ты мяне асадай.

— А як цябе яшчэ браць?

— Ну, чорт з табой! Трэба табе лішні клопат — атрымай яго.

Вікенцій Паўлавіч сеў за стол, пакорпаўся ў паперах, не адразу знайшоў спіс. Яшчэ раз уважліва прачытаў яго, задумаўся.

— I ўсё ж мастакоў я выкрэсліваю.

— Ох, дарэмна ты! Самы безалаберны народ. Прап'юць дом ушчэнт.

— Але яны ўмеюць пісаць, маляваць, сачыняць музыку. Ты ўмееш? Мы з табой пастанову, як мае быць, напісаць не здольныя. Каб Матрона стыль не адточвала, лінгвісты смяяліся б.

Залоза засмяяўся так, што бліснуў не адзін — два залатыя зубы. Спускаючыся з чацвёртага паверха на першы па лесвіцы, Іван Яўменавіч пошапкам лаяў губернатара:

— Дурная прынцыповасць! Тысяч сорак зялёных згарэла! Ну, я цябе прымушу i зялёныя ўзяць. Нікуды ты не дзенешся. Жыццё дыктуе. А яно няўмольнае.

Ca свайго кабінета паклікаў інструктара гаспадарчага аддзела Ігара Кузьмянёва.

Увайшоў малады атлет баскетбольнага росту, спыніўся каля дзвярэй. Залоза так пільна агледзеў яго з галавы да ног, што той сам пачаў аглядваць сябе — ці ўсё ў парадку.

— Што вы, дзядзька, так ацэньваеце мяне? Як цыган каня на ярмарцы.

— Любуюся, Ігарок, любуюся. Што значыць добры харч!

— А што ў маёй маткі было? Бульба?

— I шала, як смяецца твая сястра. Сала! А гэта харч — дай бог. Без сала вы не сядзелі — я падкідваў.

— Дзякуй, дзядзька.

— Ідзі да стала. Сядай, вывучай дакумент.

Ігар сеў, узяў працягнуты Іванам Яўменавічам спіс, прагледзеў, не зразумеў.

— А што тут вывучаць?

— О, гэта цэлая хартыя! Усе гэтыя дамы забяром пад тваю ўладу.

— Пад маю? — іранічна скрывіўся інструктар.

— Пад нашу ўладу! Але каму кіраваць гэтай аперацыяй, як не табе? Больш нікому даручыць не маГУ. Слухай i матай на вус. Аб'едзеш гэтыя дамы на маёй машыне. З цяперашнімі ix уладальнікамі падпішаш вось такое пагадненне, — працягнуў пачак папер. — У кожнага з ix ёсць арандатары. I не па адным. Сустракаешся з кіраўніком фірмы, якая арэндуе плошчу. Замяраеш гэтую плошчу. Падпісваеш вось такі дагавор. Устанаўліваеш цану за квадратны метр у залежнасці ад стану памяшкання, месцазнаходжання. Але ёсць адзін нюанс: вусная дамоўленасць. Слухай уважліва. Сам на сам кажаш арэндатару: тры чвэрці платы заносіш у дагавор, i суму яны гэтую пераводзяць на рахунак выканкама. Чвэрць кожны выплачвае штомесячна табе наяўнымі. На губернатара не ссылайся. Скажы : кіраўніку справамі патрэбны наяўныя грошы. А каму яны не патрэбны? Хто не згодзіцца з цаной, не таргуйся, не хоча — не трэба. У дзень няхай ачысціць плошчу. Знойдзем іншых, ахвотнікаў многа, бізнесменаў развялося, што сабак, a плошчаў не хапае. Сцяміў?

Яны схіліліся над сталом — галава да галавы, віхрастая i лысаватая, удакладнялі дэталі надзвычайных умоў, i раптам Ігар спытаў таямнічым шэптам:

— А што я, выканаўца, буду мець ад аперацыі?..

— Ты маеш зарплату.

— А хочацца яшчэ i прэміяльныя. Кінулі б пляменніку на яго беднасць...

Залоза ад абурэння стукнуў кулаком па стале.

— Ну, нахаба ты, Ігарышча! Класічны нахабнік. На што ты штурхаеш дзядзьку? Увесь у дзеда, разбойнік. Але калі не будзеш дурнем — будзеш мець i прэміяльныя. На ксераксе размножым распараджэнне губернатара, i кожнаму цяперашняму ўласніку ўручыш. Няхай знаюць, што нацыяналізацыю гэту не Іван прыдумаў. Усе дэталі ўсёк?

Кіраўнікоў адміністрацыйных адзінак i ўпраўляючых камерцыйных банкаў Вікенцій Паўлавіч ведаў усіх, а вось сярод прэзідэнтаў фірм былі зусім незнаёмыя твары.

Яшчэ менш было знаёмых у трэцяй групе — сярод вучоных. Адразу адзначыў гэта i папракнуў сябе: недаравальна не ведаць эліту.

Яны селі ў зале групамі: у цэнтры — адміністратары, злева — вучоныя, справа — прадпрымальнікі.

У часе даклада ўбачыў: найбольш уважліва яго слухаюць вучоныя i прадпрымальнікі. Дэмакратычна выбраныя старшыні яўна не ўнікалі ў сэнс таго, што ён гаварыў. Адны пазяхалі, другія калупалі ў насах, на задніх радах — перамаўляліся. А старшыня дальняга раёна Мікалай Касабуцкі салодка спаў, адкінуўшы галаву на спінку крэсла.

Спачатку Вікенція Паўлавіча гэта абурыла, i ён намерыўся разбудзіць дзеяча ўедлівым жартам — каб зала смяялася. Але тут жа па-чалавечы пашкадаваў. Чалавек прачнуўся гадзін у пяць, калі не раней, каб паспець да дзесяці на нараду, а гэта дзвесці кіламетраў па зімовай слізкай дарозе. Няхай паспіць, нябога.