Выбрать главу

— Вось ты i дасі мне спіс, хто што збудаваў з дзяржаўнікаў, як ты кажаш.

Гэтым Залоза яго не здзівіў. Здзівіў сын. Анатоль ніколі не патрабаваў ніякіх даброт. I пра кватэру не заікнуўся, каб не маці. А тут раптам да ціхай істэрыкі, да пасінення твару пачаў вініць бацьку, што ён не трымае свайго слова, свайго абяцання.

— Табе што, мала пяці пакояў?

— Мы хочам жыць самі. Чаму ты хочаш прывязаць нас да сябе? Мы дарослыя людзі! I ты абяцаў. Ты Ліцы сказаў: гэта ваша кватэра.

— А ты разумееш, што гэта незаконна?

— Для цябе — закон?! Не смяшы, бацька.

Бацька жахнуўся: адкуль гэта ў сына? Ад каго набраўся? Безумоўна, ад нявесты. Яна такая сквапная, гэтая сімпатычная Ліка, вясковая дзяўчына? Жах. Калі гэта так, то адхапіў Толік шчасце!

Нават маці гэта зразумела i сядзела моўчкі, панурыўшыся, баючыся аднаго: каб муж не сарваўся, не накрычаў на сына, не адмовіўся ад удзелу ў вяселлі: ад яго ўсяго можна чакаць — ведала яго ўпартасць, яго прынцыповасць.

Здзівіла, як інфармацыя пра нараду так хутка дайшла да студэнтаў. У той жа дзень. Хто расказаў? Не інакш нехта з навукоўцаў: прыйшоў на лекцыю i замест таго каб чытаць свой прадмет, пачаў расказваць пра нараду ў губернатара. Балбатуны! Пляткары!

Каб спыніць цяжкую i непрыемную размову з сынам, Вікенцій Паўлавіч схаваўся ў сваім кабінеце; дажыў, што дома мае ўласны кабінет! I ў трэці ці чацвёрты раз за тры гады... закурыў.

6...

Яшчэ да таго, як Маша вярнулася з бальніцы пасля аперацыі, Вікенцій Паўлавіч рассунуў ложкі i перагарадзіў ix столікам — турбаваўся пра жонку, каб ёй спалася спакойна, бо ведаў, што ён храпун i меў звычай абняць яе, уткнуцца тварам у грудзі. Ад яе цяпла, незвычайнага водару цела ён засынаў хутчэй, чым ад снатворнага; яна, Маша, здымала любое эмацыянальнае напружанне не толькі словамі, але i сваім роўным дыханнем i дотыкам рукі. Ён часта думаў, якое гэта шчасце мець побач такога чалавека, у поўным сэнсе роднага.

Пераехаўшы ў новую вялікую кватэру, дзе спальня была ў два разы большая, яны паставілі ложкі гэтак жа раздзельна, нават з большым інтэрвалам — плошча дазваляла.

Ён звычайна позна чытаў. Увайшоў у спальню на насочках, лёг i па яе дыханні пачуў, што жонка не спіць.

Маша ўздыхнула. Але i на гэта ён не адазваўся. Праз хвіліну яна паклікала:

— Віця! Не спіш?

— Не сплю.

— Віця, ты забыўся, што ў цябе ёсць жонка.

Ён бадай спалохаўся. Пасля аперацыі ў яго ніколі не ўзнікала жаданне блізкасці з ёй, хоць нярэдка сніў іншых жанчын, у апошні час часцей адну — тую, якую бачыў на працягу дня больш часу, чым жонку.

— А можна? — спытаў нясмела.

Маша засмяялася.

— А чаму не? Пяты месяц пайшоў. A гінеколаг сказала, што можна праз месяц.

Ён не паспеў падумаць, што трэба перабірацца на жончын ложак, як Маша апынулася ў яго пад коўдрай.

— Ты баішся? Не бойся. У мяне ўсё ў парадку. Не хвалюйся. Божа, як калоціцца тваё сэрца. Дурненькі. Як хлапчук. Першы раз... там, у лесе, так не білася. Успамінай маладосць... Успамінай прыемнае...

Але ўспомніў ён не мядовыя дні з Машай. Прыйшло іншае. Пачуў пах духоў — тых, што чуў штодня. Сёння Ганна зноў стаяла побач, паказваючы паперы, зноў дакраналася грудзьмі да яго пляча, i ў яго вачах літары дакументаў скакалі ў вясёлым гарэзлівым танцы. Ён не спяшаўся разабрацца ў паперах, i Ганна доўга не адыходзіла. Ён падняўся з крэсла ў парыве абняць яе. Аднак стрымаўся. У каторы раз. Падумаў: «Толькі зрабі гэты крок — i не мінеш падзення». Ды i Залоза можа ў гэты момант адчыніць дзверы; Іван — што дэман, злы дух. О, як бы гэта Івана пацешыла: губернатар цалуецца з сакратаркай! Не ведаў Вікенцій, што кіраўнік справамі толькі i чакаў гэтага; страціўшы надзею аднавіць свае даўнія, «раённыя» адносіны з Аняй, ён штурхаў яе ў абдымкі губернатара — каб аддзячыла за перавод з раёна, за цёплыя месцы сабе i мужу, за кватэру.

Уявіў, як спыняе Ганну, не дае ёй выйсці з кабінета, прагна цалуе, замыкае дзверы i вядзе яе да вузкай каналы...

Уяўленне — але якая сіла ў яго! I ўсё рэальнае адбылося не з Машай — з Ганнай.

Раніцою Маша ззяла, даўно не выглядала такой шчаслівай. Нават Танька заўважыла:

— Ты, мама, блішчыш сёння, што гэты твой блінец.

Маці засмяялася. Вікенцій Паўлавіч не ўсміхнуўся: настрой яму кожную раніцу псаваў сын сваім зацятым маўчаннем — кватэры не даруе.

Пагаварыўшы аднойчы даволі бурна, Вікенцій Паўлавіч не вяртаўся да размовы пра кватэру, бо разумеў, што любыя яго словы сын можа прыняць як апраўданне. А ён ні перад кім не намераны апраўдвацца. Зрабіў — i кропка. Яго слова, яго дзеянні — закон для ix, блізкіх. Добра, што Маша гэта разумев.