Выбрать главу

Займаўся справамі, прымаў людзей, а праблема вісела прывабнай прыманкай. Толькі дома перад Машай стала сорамна, i ён крыху астыў, але ўначы перабраўся' на жончын ложак. I зноў адчуў Машыну ўдзячнасць. А самому было сорамна: ён быў не з жонкай. А гэта ўжо можна назваць падзеннем. Але такое падзенне глыбока не кранала.

Адным вынікам сваёй працы быў задаволены: вялікім напружаннем удалося ліквідаваць неплацяжы, людзі атрымлівалі зарплату. Але патрэба ў сродках не змяншалася.

Сядзеў за сталом, чыркаў паперу, думаў. Але думкі пра службовае, грамадскае перапыняліся асабістым: як вырашыць сваю праблему —: тую, пра якую нікому нельга сказаць, але якая ўсё больш хвалявала i ўдзень, i ўначы.

Ганна нічога не казала i нават не станавілася побач, падавала паперы праз стол. Але ён бачыў: глядзіць на яго скептычна, насмешліва, з дакорам: «Не можаш рашыць такой праблемы? Эх ты! Губернатар!»

Урэшце прыдумаў. Яго выклікалі на пасяджэнне Савета Рэспублікі. А гэта, прыблізна, на тыдзень. Спытаў у Ганны:

— У цябе ёсць хто ў Мінску?

— Сястра.

— Напішы заяву, папрасі на колькі дзён адпачынак. Паязджай заўтра. Здымі ў гасцініцы «Беларусь» прыстойны нумар. Я прыеду паслязаўтра. Во грошы.

Ганна пачырванела i схавала рукі пад стол. Ён зразумеў: яе спалохалі грошы; атрымаецца, што ён заплаціў ёй. Авансам. Ён таксама пачырванеў, адчуваючы няёмкасць. Але сказаў ласкава:

— Аня, мы ж свае...

Цяжка ўздыхнула. Не адразу ўзяла грошы. Баялася, што грошы апаганяць пачуцці. А ёй хацелася чыстага кахання, мужчына гэты падабаўся ёй больш, чым муж, чым папярэднія любоўнікі. Аднаго з ix, якога бачыла штодня — Залозу, — проста ўзненавідзела за яго нахабства, за брудныя жартачкі i намёкі.

Спрабаваў вырашыць яшчэ адну праблему: вызваліцца ад Палавінкі. Не выйшла: Залоза, даведаўшыся, што Ганна на дзень раней едзе ў сталіцу, адразу сцяміў што да чаго, i адпусціць губернатара без «свайго вока» ніяк не мог:

— Я адказваю за цябе.

Вікенцій ехаў з радасным хваляваннем — як на першае спатканне, з незвычайнымі ўяўленнямі вопытнага мужчыны: юнак такога не сасніў бы. Паспрабаваў дамовіцца ў машыне, што яму трэба наведаць старога сябра, хворага, не ісці ж удваіх.

— Я падзяжуру ў пад'ездзе.

Вікенцій Паўлавіч узлаваўся, вылаяўся.

— Ды ну вас з Іванам! Абрыдлі вы мне, як горкая рэдзька...

Прыехалі ў прыцемку. Размясціліся ў гасцініцы. Пайшлі з Міхалам вячэраць. Ведаў, што ахоўнік любіць выпіць, але тут адмовіўся — служба. «Як жа яго ўсыпіць?» — думаў губернатар, праўда, ужо без злосці, весела. Успомніў пра снатворныя таблеткі, што зрэдку выкарыстоўваў.

I калі Палавінка адлучыўся пазваніць, губернатар пайшоў на «злачынства»: укінуў у «пепсі-колу», якую ахоўнік любіў, ажно дзве таблеткі.

Хутка ён быў у гасцініцы. Ціха пастукаў у дзверы нумара.

Ганна адчыніла адразу. I як толькі ён пераступіў парог, абняла яго, халоднага з марозу, гарачымі рукаMi. Ад яе патыхала тымі ж духамі. Але не духі ён пачуў, a непаўторны водар яе жадання.

Якую мядовую ноч яны правялі!.. Паспалі ці гадзіну. Ён прачнуўся гадзін у пяць. Ганна спала, абняўшы яго, i ён не мог вызваліцца ад яе рукі, каб не разбудзіць.

— Я пайду, радасць мая.

— Паляжы яшчэ хвіліначку.

— У нас чатыры ночы. А цяпер трэба ісці. Палавінка расхвалюецца, што няма мяне, уздыме шум.

Аднак не змог адарвацца, калі знайшоў яе гарачыя вусны...

Таксі не ўзяў. Пайшоў пехатой. Не ішоў — ляцеў. I смяяўся з Палавінкі i Івана.

Радаваўся яшчэ i таму, што ніякага падзення, ніякіх згрызот сумнення не адчуваў. Ішоў героем пасля перамогі.

Вярнуўшыся ў прэзідэнцкую гасцініцу, разбудзіў у нумары Міхаіла. Той адчуў сябе ніякавата: шэф будзіць.

Вікенцій Паўлавіч крыху пакпіў з ахоўніка i адправіўся на паседжанне.

Там пакутаваў: нястрымна цягнула на сон, вейкі зліпаліся. У вялікай зале можна было б i пакемарыць, а тут, дзе няма i сотні пасяджэнцаў, — паспрабуй заснуць... анекдоты будуць расказваць.

I зноў з сынам канфлікт.

Анатолю хацелася шыкнуць па-губернатарску, зрабіць вяселле ў лепшым рэстаране. Можа, не столькі ён хацеў, колькі нявеста вымагала: паводзіла сябе, як шляхцянка, хвалілася, што бацькі прадалі бычка, каб набыць ёй вянчальны ўбор. Ліка як бы дакарала: мае, маўляў, не губернатары — звычайныя сяляне, a нічога не шкадуюць. На баку брата i яго нявесты была Таня. Хітруган Толя, не маючы такой настырнасці, нацкоўваў на бацьку сястру.

А з Таняй гаварыць было цяжка, бацька не мог злаваць на яе ўсур'ёз.

— Ты, тата, Габсек, Плюшкін!.. Хто там яшчэ быў скупы? А яшчэ губернатар! Сорам. Простыя людзі робяць вясёллі ў рэстаранах. А ён заганяе нас у свінушнік — рабочую сталоўку на акраіне горада!