Выбрать главу

...Вікенцій Паўлавіч, убачыўшы такую плойму гасцей, спалохаўся аднаго: замучаюць просьбамі.

Яго акружалі, адразу ўтвараўся натоўп, калі ён цалаваўся з цёткамі, сёстрамі, швагерамі, вітаўся з пляменнікамі. Але дзіўна — ніводнай просьбы. Далікатныя людзі сяляне. Інтэлігенты не ўтрымаліся б — лезлі б што мухі на мёд. А вось гэтыя людзі прагна слухаюць, што ён кажа, смяюцца з яго жартаў, жартуюць самі, але ведаюць парадак i прыстойнасць: вяселле не для вырашэння сур'ёзных спраў, не для скаргаў сваіх на цяжкае жыццё.

Увайшлі ў прасторную залу сталоўкі, калі маладыя стаялі за сталом, у поўнай шлюбнай красе, па грудзі прыкрытыя букетамі руж. У Вікенція Паўлавіча ажно дух заняло. I зноў, як у царкве, ён адчуў сябе новашлюбным i зноў моцна сціснулася сэрца з-за здрады сваёй Машы. Яе захапіла свацця. Але ён падышоў да яе, сказаў нявесцінай маці з гонарам:

— Ну, як нашы маладыя, Вера Пятроўна?

— Ой, Паўлавіч! Не кажыце! Мая — каралева. Але ж i ваш прынц. Хоць ікону з ix пішы.

Узяў Марыю Іванаўну за руку i, як маладую, павёў да «прэзідыумнага» стала, за якім стаялі маладыя.

Першы тост сказаў сам гаспадар, без філасофіі:

— За шчасце маладых!

— Каб яны будаваліся, але не перабудоўваліся. Жылі без рэзкіх паваротаў, на якіх можа моцна занесці. Куляйцеся толькі ў ложку, — дапоўніла яго свацця.

Не такі ўжо дасціпны жарт, але госці весела рагаталі i пляскалі.

Сяляне казалі тосты кароткія i шчырыя. I хоць Іван Залоза абвясціў, што будзе каравай, — ён самазвана захапіў ролю тамады — некаторыя жанчыны падносілі падарункі тут, за сталом.

Прыйшлося змірыцца з прысутнасцю Івана Залозы, больш таго, прызнаць, што ён вельмі неабходны, бо дзве трэці гасцей — па нявесцінай лініі, а Залоза ведае ix, а каго з маладых не ведаў, яму падказвалі — хто, чый, i ён уміг арыентаваўся. Сам Іван закаціў тост хвілін на дзесяць. Даклад аб ролі сям'і ў новым грамадстве, пра абавязкі жонкі перад мужам, мужа — перад жонкай. Але слухалі яго ўважліва, хоць ужо i былі на падпіцці. Ii («cäfl Щк

Калі на краю стала, дзе сядзелі самыя маладыя, два хутка ап'янелыя студэнты пачалі разборку i схапілі адзін аднаго за грудкі, падняліся тры атлеты ў аднолькавых сініх касцюмах i вывелі пеўняў праветрыцца пад асенні дожджык.

«Іван прадугледзеў», — падумаў Вікенцій Паўлавіч i адчуў нават удзячнасць кіраўніку справамі i сябру за яго ўважлівасць i прадпрымальнасць: нічога не забывае.

Добра скончылася вяселле. Усе засталіся задаволеныя. Зацалавалі i маладых, i ix бацькоў. Ды i паміж сабой госці перацалаваліся, нават тыя, хто дома, у вёсцы, можа, i не вітаўся.

Марыя Іванаўна радавалася не толькі таму, што сын ажаніўся з простай дзяўчынай, што вяселле згулялі палюдску, але i свайму самаадчуванню: вельмі нялёгкі дзень — колькі клопатаў, хваляванняў! — аднак за чатыры месяцы пасля аперацыі яна бадай ніколі не адчувала сябе такой здаровай, бадзёрай, вясёлай.

Вярнуліся апоўначы. Раздзяваліся, ходзячы на насочках, перагаворваліся шэптам — каб не патрывожыць сон маладажонаў. Ды i Таня ўжо даўно прыціхла ў сваім пакойчыку.

Ляглі кожны на сваім ложку. Сцішыліся. Колькі хвілін пракручвалі, як па відэамагнітафоне, падзеі памятнага дня. Але ў хуткім часе за сцяной заскрыпеў ложак.

Марыя Іванаўна шчасліва засмяялася амаль на поўны голас.

— Чуеш, дзядуля? Мы ж таксама абвянчаліся сёння.

Вікенцій ахвотна перабраўся пад жончыну коўдру i ўпершыню пасля доўгага перапынку ён не думаў ні пра каго іншага — толькі пра жонку. Гэта стала яшчэ адной радасцю дня. I ён загадаў сабе: «Усё! З Аняй — усё».

8...

У трэці раз у прыёмную прыйшоў стары чалавек з сівой бародкай, інтэлігентна апрануты, ціхі, ветлівы, але настойлівы. Яму трэба да старшыні. Ганна Фядосаўна растлумачыла, што старшыня прымае па асабістых пытаннях адзін раз у тыдзень — па пятніцах.

Стары прыйшоў у панядзелак. Ветліва растлумачыу:

— У мяне не асабістая просьба. У мяне — дзяржаўная справа. Хачу засцерагчы старшыню ад сур'ёзнай памылкі.

Вікенцій Паўлавіч знаходзіўся ў будынку саветаў, але праводзіў нараду з кіраўнікамі гарадоў i гарадскіх пасёлкаў у зале пасяджэнняў. Нарада зацягнулася.

Стары цярпліва чакаў.