Балюча я перажыў сваю паездку. Было адчуванне ўніжанасці ад непрыветлівасці Ані. Як паехаць другі раз? Думка, што я пазбаўлены магчымасці пабачыць Машу, пацалаваць яе, нагнятала цяжкую роспач. Ад роспачы такой маладыя нярэдка канчаюць самагубствам; такая чуласць i ранімасць у гэтым узросце!
Цяжкі жнівень я перажыў, ажно маці заўважыла маю самотнасць. Лістоў Маша не слала, так дамовіліся, што на хатні адрас яна не будзе пісаць, каб не перахапілі бацькі. А я пісаў ёй i адносіў пісьмы ажно на станцыю Злынка, пошце ў Камені не давяраў.
З нецярпеннем чакаў пачатку заняткаў. I — о радасць! — у тэхнікуме мяне чакала пісьмо ад Машы. I якое пісьмо! Такіх, скупая на выяўленні пачуццяў, яна яшчэ не пісала. Кожны радок дыхаў прызнаннем у каханні. Разумела, што пайшоў пакрыўджаны. Прасіла прабачэння. Ад сябе i, што дзіўна, ад Ані. I запрашала прыязджаць. Але вучоба на апошнім курсе была напружанай, да таго ж дырэктар Аранаў уладкаваў мяне ў бібліятэку: да дзевяноста рублёў павышанай стыпендыі яшчэ сто пяцьдзесят. Шчасце для бедняка! За такое месца нельга не трымацца. Помню, з першай палучкі заказаў сабе ў атэлье (ці не адзіным у той час на ўвесь Гомель? Ноч стаяў у чарзе) добры касцюм. У ім выглядаў не горш за студэнтаўгараджан. Бацька сказаў, калі я прыехаў у такім касцюме:
— Жаніх.
Адгадаў: я адчуваў сябе жаніхом у поўным сэнсе, толькі нявеста была далека — ад бацькоў маіх за 100 вёрст!
Пад канец вучобы месяцы два, калі не больш, адводзілася на дыпломны праект. Задание атрымаў глабальнае: спраектаваць цэх цэментнага завода з усімі разлікамі — будаўнічымі i вытворчымі.
Былі студэнты, якія стагналі ад гэтай працы. А мне само чарчэнне падабалася — творчасць! Я ледзьве не начаваў у чарцёжнай. Але не толькі ад любові да працы — ад задачы: апярэдзіць усіх іншых, каб пасля папрасіць кіраўніка дыпломнымі працамі адпусціць мяне на тыдзень... Куды? Маніць не стаў. Прызнаўся старому выкладчыку: да дзяўчыны. У Ганчаля адно вока было штучнае — шкляное, але нават у ім, здалося мне, загарэлася добрая цікавасць i нават зайздрасць.
— Думаеш ажаніцца?
— Не знаю. Як яна...
Выкладчык уздыхнуў:
— Каб не армія... — як ведаў, якая доўгая разлука чакае нас.
Перад першым маем я паехаў да Машы. На гэты раз ехаў з камфортам: цягніком да Рэчыцы, адтуль да Холмеч плыў параходам. Дняпро разліўся, што мора, i я, паэт, захапляўся павадкам, прыгажосцю вясны.
Глыбока кранула ласкавасць Машы, з якой яна сустрэла мяне, расчуліла надзвычайная прыветлівасць гаспадыні i яе дзяцей — сустрэлі як брата. За год Аня i дзеці палюбілі Машу i радаваліся ўсяму таму, што радавала яе, зразумела сялянка, што пачуцці ў нас сур'ёзныя.
Маша расказала ў той жа вечар, што Аня пасля мінулагодняга прыезду майго адгаворвала яе ад такога жаніха, сватала за мясцовага настаўніка, маладога, з багатай сям'і.
— Ды я сказала ёй: акрамя Івана, мне ніхто не трэба. Не выйду за яго — застануся векавухай.
Божа, якое шчасце чуць такое! У лістах яна не выказвала так свайго кахання. А тут сказала больш — чаго я не мог чакаць. Яна адкрыта выказала, прызналася ў жаданні выйсці за мяне замуж. Выходзіць, i армія яе не палохала. Я ўзнёсся пад аблокі.
На вуліцы было холадна, i мы сядзелі ў амбулаторыі, у цеплыні. Маша яшчэ ўдзень пратапіла грубку.
У тую першамайскую ноч неяк проста, без майго настойлівага дамагання адбылося наша... грэхападзенне. Задавальнення я не атрымаў. А Машы, відаць, было балюча. Яна заплакала. Я спалохаўся.
— Табе нядобра?
— Не, нічога. Я знала, што так будзе.
— Адкуль ты знала?
— Дурань! Я ж медычка. Я вучыла...
Першага мая мы лічылі днём нашага шлюбу, хоць у пасведчанні аб рэгістрацыі стаяла дата 24 чэрвеня 1940 года: мы пайшлі ў сельсавет, калі я на крылах прыляцеў да жонкі сваёй пасля сканчэння тэхнікума.
Прачытаў у Талстога: «Для того, чтобы был честный брак, нужно стремление к полному целомудрию».
Вельмі слушна. Цяпер я ўпэўнены: трываласць нашага шлюбу (пяць ваенных гадоў разлукі!) была абумоўлена нашым імкненнем «к полному целомудрию». Такое было выхаванне ў сялянскіх дзяцей — прыроднае. А лепшыя пачуцці выхоўваліся класічнай літаратурай. Я глыбока перажываю, што ўнучкі мае, захопленыя сучаснай нізкаякаснай літаратурай, пошлым кіно, не разумеюць магічнай сілы класікі. А ёсць жа i ў ix прыродная цнатлівасць — ад бабулі, ад маці!
Радасці я не прывёз: мяне размеркавалі на працу ажно ў Беласток. Можна было адмовіцца, ахвотнікаў туды хапала. Але... па-першае, мы выхаваны былі ў незвычайнай законапаслухмянасці, па-другое, ганарова ж: у Заходнюю пасылалі лепшых выпускнікоў, у Беласток — мяне аднаго.