Выбрать главу

— Аня, паслухай мяне i зразумей. Ты разумная, добрая. I я люблю цябе, я ўдзячны табе за радасць, якую ты мне дала. Але паслухай i не смейся. Я раскажу табе, што са мной адбылося... — i ён прыгадаў вяселле сына. — Мне стала раптам балюча, сорамна, што я, сталы чалавек, бацька, хутка дзедам стану... людзей збіраюся выхоўваць, моладзь... А сам... сам чым займаюся?! Ну, каб не любіў я Машу, каб разлад... дык не ж... люблю яе, удзячны ёй... Адным словам, перажыў я... ачышчэнне ці што?.. Я атэіст, але ў царкве перад Ісусам Хрыстом, перад усімі святымі слова даў: не грашыць! Табе смешна?

— Не, не смешна. Я сама аднойчы перажыла нешта падобнае. Не ў царкве, праўда. Але ў мяне не хапіла сілы волі. Слабая...

— Дык ты разумееш?

— Я разумею цябе... разумею.

— Дзякуй табе.

Ганна паднялася, за ёй — ён. Стаялі твар у твар, вінавата i сумна ўсміхаліся.

— Дзякуй за радасць...

— Дазволь мне... пацалаваць цябе ў апошні раз.

Ён не адступіў. Яна кінула яму рукі на плечы, зусім зблізку паглядзела ў вочы, потым сціснула далонямі яго галаву і... пацалавала не ў вусны, a ў вочы, як малога.

Вікенцій Паўлавіч рэдка расказваў жонцы пра свае службовыя турботы — хапае ў яе сваіх, сямейных, хатніх. На шчасце, нявестка не беларучка, добра памагае па гаспадарцы: ні Толя, ні Таня не застаюцца без снедання. Марыя Іванаўна з лёгкай душой пайшла на працу ў бальніцу i адразу ажыла пасля хваробы i аперацыі. I гэта надало душэўную раўнавагу не толькі ёй, але i яму, асабліва пасля пакаяння, якое адбылося ў царкве пры вянчанні маладых. Цяпер яго не трывожылі ніякія згрызоты сумлення. Ён ачысціўся перад Машай — самае галоўнае, i калі ўжо сталі вернікамі ўсе былыя атэісты, то можна лічыць, што i ён пакаяўся перад Богам.

Машы ён не толькі расказаў пра пісьмо, але i паказаў яго, што рабіў рэдка — не прыносіў дакументы дадому.

Маша чытала доўга, як малапісьменная. А ён сачыў за выразам яе твару — як ён зменьваўся з кожнай хвілінай: ад цікаўнасці да адбітку страху. Чаму страху? Якія асацыяцыі яе палохаюць?

— Верыш... наконт Івана?

Яна адказала не адразу, кусала ніжнюю губу.

— Веру.

— Калі ты верыш, што ён злодзей, ты не можаш не жадаць яму кары. Во i парай: якой кары заслугоўвае чалавек, якога я лічыў сваім сябрам i верным памочнікам?

Маша задумліва маўчала, на твар яе ўпаў цень, вусны перасмыкнуліся.

— Чаму ты маўчыш?

— Віця... мне страшна. Заб'юць яны цябе. Вікенцій Паўлавіч сарваўся з канапы i пайшоў у дальні кут пакоя, адтуль сказаў:

— Ну, гэта ўжо глупства. Каму я патрэбны!

— Губернатар мой дарагі! Ты як на небе жывеш. Паглядзі, што робіцца вакол!

— Але ж мы гаворым не пра бандытаў. Пра сяброў.

— З чаго пачынаюць бандыты? Калі твой Іван разам з Андрэем укралі хоць дзесятую долю таго, пра што i піша гэты чалавек, то твае найлепшыя сябры не спыняцца ні перад чым, калі ты кранеш каго з ix хоць мізінцам.

— Не наганяй страху. Я не палахлівы. Karo i чаго я баяўся калі-небудзь? Можна палічыць ананімкай i выкінуць на сметнік. Але я так не лічу. Я павінен дакапацца да ісціны. I ты мяне не спыняй. Ты заўсёды натхняла мяне.

Марыя Іванаўна цяжка ўздыхнула. Размову перапыніла Таня: вылецела са свайго пакоя вясновым ветрам.

— Рашыла! Рашыла! Сама! Задачу па трыганаметрыі. Тата! Мама! Перад вамі — Соф'я Кавалеўская!

Кадравыя пытанні ўзнікалі часта. Але спраўляўся з імі губернатар без рашучасці, бо мала што вырашаў адзінаначальна — раіуся з намеснікамі, памочнікамі; найперш з Іванам Залозам. I калі той ухваляў, справа вырашалася з зайздроснай аператыўнасцю. А вось калі Іван выказваў нават сумненне ў мэтазгоднасці кагосьці вызваляць... Самае цяжкае было зволіць чалавека, а назначыць — шмат прасцей.

Не падабалася дзейнасць пракуратуры: злачыннасць расце не па днях — па гадзінах, міліцыя дае высокі працэнт выкрыцця, a ў пракуратуры месяцамі ляжаць справы.

Меў нялёгкую размову з пракурорам Якавам Талочкам. Атлусцелы, з цяжкай задышкай вартавы законапарадку выціраў пот i ўздыхаў, як апоены конь. Не вельмі нават адбіваўся, ва ўсялякім разе крытыку прымаў, валіў усё на намеснікаў: маладыя гультаі! Калі верыць яго шчырасці, то не вельмі i за сваё высокае крэсла трымаўся, гатовы перайсці на спакайнейшую пасаду, толькі каб не намнога ніжэйшы аклад: сям'ю трэба карміць: позна ажаніўся, дзве дачкі школьніцы яшчэ, а сын — інжынер на заводзе, паўгода зарплаты не мае.

Шкада стала чалавека. Аднак цвёрда вырашаў замяніць на маладзейшага, тым больш што меў кандыдатуру. Працаваў у суседняй вобласці раённым пракурорам яго аднавясковец Алег Пакумека, маладзейшы за яго гадоў на сем. Алег быў з унікальнай, славутай сям'і. У вёсцы з даўніх часоў гаварылі пра гэтую сям'ю, што такіх сумленных людзей не толькі ў ix раёне няма, але, можа, i ва ўсёй Беларусі. Пра ix сумленнасць хадзілі легенды. Быў галодны год, а на гародзе знесла яйка курыца суседкі, i галодныя малыя прынеслі тое яйка цётцы Хадоры. З Маняй Кумекай, Алегавай маці, бабы на калгаснае поле на праполку не хацелі хадзіць: не давала пасядзець лішнія дзесяць мінут. «Бабачкі, пасядзелі — i хопіць, за работу пара, вунь колькі ix, бурачкоў, палоць!» Сярод вяскоўцаў, сталых i малых, была нават гульня: хто ўспомніць хоць адзін выпадай, каб хтось з Кумекаў зманіў, ці нешта стаіў; ніхто не мог успомніць.