Выбрать главу

— Думаю, Пятро Пятровіч. Але з чаго памагчы? Усё расхапалі. Калі яшчэ i зямлю прадамо, то ні адзін прэзідэнт, ні адзін губернатар не накорміць народ.

Падбярозскі расстаўляў закусь, але i сачыў за размовай:

— Таварышы! Панове! Сябры мае! Давайце выкінем палітыку за акно. Кажуць, італьянцы ў навагоднюю ноч увесь хлам выкідаюць. Мудра. Хіба не так, пан Мудроны? Палітыка — хлам. Уся наша бяда ў тым, што мы запалітызаваны, як ніхто ў свеце.

— Думаеш, дзе-небудзь жывуць без палітыкі? Простаму люду, напрыклад, на Захадзе, да лямпачкі парламент, прэзідэнт, пакуль якая-небудзь палітычная акцыя не ўдарыць па кішэні. Вось тады яны выходзяць на вуліцу, патрабуюць замяніць урад. Быў я ў Францыі, Італіі. У нас любы бомж ведае пра палітыку больш, чым ix рабочы, які едзе на работу на ўласным аўтамабілі. Во калі заўтра падаражае бензін — тады на гэтую палітыку ён адгукнецца...

— Умеюць i там бунтаваць. Рэвалюцыі пачыналіся ў Францыі. У нас яны скончыліся, — глыбакадумна заключыў Мудроны.

— Вы думаеце, скончыліся? — запярэчыў Вікенцій Паўлавіч. — A па-мойму, сапраўды вялікая рэвалюцыя яшчэ наперадзе.

— Не палохай нас, пан губернатар! — гукнуў Іван Залоза.

— Ужо пара да стала! Вікенцій Паўлавіч i Пятро Пятровіч — у мяккія гнёзды, а мы ўжо на калы, як вераб'і, — «калы» — жорсткія крэслы, але з адмысловымі разнымі спінкамі.

— Губернатару — першае слова, — сказаў Мудроны.

— Не, першы скажу я, — Падбярозскі не паспеў яшчэ сесці, схапіў налітую Залозам чарку. — Не на правах гаспадара. Гаспадаром сябе не лічу. Гаспадар тут Вікенцій Паўлавіч...

Залоза, заплюшчыўшы адно вока, даў банкіру зразумець: перабор.

— Не, Іван, не перабор. Гаспадар той, каго выбраў народ. I мы яго служачыя...

— Народа, — удакладніў Вікенцій Паўлавіч.

— Так, у высокім сэнсе — народа. A ў чыноўніцкай субардынацыі — таго, хто намі кіруе. Але не збівайце мяне. Я ўмею лічыць грошы, але не вялікі мастак гаварыць.

«Грошы ты добра лічыш. У сваёй кішэні!» — падумаў губернатар, i яго раптам апанавала злосць на сябе: з-за цікаўнасці ён прыняў запрашэнне i вымушаны выслухоўваць падхалімскія словы .

— А сказаць мне хочацца. Мы канчаем год. Знамянальны год, для нас — асабліва. Мы ўсенародна выбралі губернатара. Старое слова гэтае гучыць па-новаму, бо змяніўся яго сэнс. I я ганаруся, што меў дачыненне да выбараў, памог ім чым мог.

«У першую чаргу сабе ты памагаў», — Вікенцій Паўлавіч пасміхнуўся няпэўнай усмешкай, якую Падбярозскі, відаць, прыняў за выяўленне ўдзячнасці. Ён натхніўся. Але яго ўздым сапсаваў Залоза.

— Андрэй! Не сушы нашы душы.

— Іван! Яна ў цябе даўно засохла, калі ты не разумеет важнасць моманта — што пад Новы год мы сабраліся сваёй кампаніяй — усе, хто даваў клятву вернасці, хто цягнуў выбары...

— Я не цягнуў. Я — канкурэнт, — сказаў Мудроны.

— Вы, Пятро Пятровіч, зрабілі больш за ўсіх нас, зняўшы сваю кандыдатуру.

— Усё роўна народ падтрымаў бы Вікенція Паўлавіча! — сказаў Палавінка.

— Правільна, Міхаіл Фадзеевіч. Всь пра гэта я i хачу сказаць.

— Андрэй, злітуйся. Абвяшчай тост!

— А тост можа быць толькі адзін. За нашага губернатара!

— Во гэта слова банкіра! Адчаканіў, што залатую манету. За губернатара!

— Давайце вып'ем за год, які мы канчаем далека не бліскуча, але, дзякуй Богу, не з горшымі вынікамі, чым былі да нас.

— За год, Вікенцій, мы вып'ем. А цяпер — за цябе, — падкрэсліў сваю блізкасць Залоза, здзівіўшы Мудронага, i першы звонка чокнуўся з губернатарам.

Выпілі i за год стары, i за год новы, i за ветэрана — чалавека з прозвішчам, якое найлепшым чынам характарызуе яго. I Мудроны ўзрадаваўся, што дзіця, пахвале сваім заслугам — мінулым ці сучасным? Залоза яўна меў на ўвазе новыя заслугі прэзідэнта фірмы. А губернатар думаў, што ні ў пісьме ананіма, ні ў акце Калінкі Мудроны не праходзіць, значыцца, звязаны з гэтай падазронай кампаніяй нечым іншым.

«Але ж пэўна звязаны, калі запрошаны на такую надзвычайную сустрэчу. «Гістарычную», — сказаўбанкір. — Што ж, будзем лічыць яе сапраўды гістарычнай. Аледлякаго?»

Пасля пятай ці шостай чаркі, калі лік збіваецца, загаварылі тлумна, усе разам, не слухаючы адзін аднаго, аднак слухаючы адзінага цвярозага — губернатара.

П'яны Залоза сказаў на гэты конт:

— З табой, Вікенцій, я заўсёды баяўся піць. Як падумаеш пасля, што адзіны цвярозы слухаў нашу п'яную балбатню, не па сабе робіцца. Матка родная! Што мы маглі нагарадзіць!

Цвярозы губернатар сапраўды ўсё заўважаў. Бачыў, што шчыра п'юць i натуральна ап'янелі толькі двое — Залоза i Палавінка.