Пятро Пятровіч па ўзросце сваім піў стрымана, i яго ніхто не прымушаў. A Падбярозскі, які ў выбарчых паездках не аднойчы добра перабіраў, тут яўна манкіраваў. Пры гэтым хітрасць сваю прыкрываў мутнай плынню слоў — тостаў, жартаў, прымавак: ніколі раней не выяўляў такой дасціпнасці.
Нарэшце Вікенцій Паўлавіч вырашыў выкарыстаць свой аўтарытэт. Падняў тост за Новы год — каб ён быў больш дабрабытны для народа... Выпіў сухое віно да дна, падняўся i сказаў:
— Ну, вось што, хлопцы, кожнаму з нас трэба яшчэ парадаваць сям'ю, павіншаваць з Новым годам. На сёння ставім кропку.
— Хвіліначку, Вікенцій Паўлавіч,— зусім цвяроза сказаў Падбярозскі. Падняўся, дастаў з кішэні звязку ключоў, адным, самым вялікім, адчыніў агромністы сейф, дастаў адтуль ладны пачак, не па-банкаўску ўпакаваны, перавязаны чырвонай стужачкай. Сказаў урачыста:
— Дарагі Вікенцій Паўлавіч! Мы, вашы сябры i памочнікі, вырашылі паднесці вам навагодні падарунак. Гэта матэрыяльная ацэнка вашых заслуг i нашай любові да вас — за тое, што вы нікога з нас не расчаравалі... Тут — дробязь. Не палічыце хабарам. Не! Гэта — вашы працэнты. На ўклад, які мы ўсе разам, усе, хто падтрымліваў вас, палажылі на ваш рахунак на выпадак другога тура галасавання. Пятро Пятровіч сэканоміў нам гэтую суму. Мы ix перавялі ў валюту.
Запанавала цішыня, здавалася, ніхто не дыхаў. Вікенцію Паўлавічу прыгадалася заключэнне Івоны Калінкі, як у банку сваім людзям завышалі працэнтныя стаўкі. Можна ўявіць, як ix завысілі губернатару — на чужыя грошы. Пралічвалі наперад.
Банкір працягваў пачак, i ў яго дрыжэлі рукі. A Вікенцій Паўлавіч палажыў свае рукі за спіну, як бы не давяраючы ім. На твары Мудронага застыла замілаваная ўсмешка, якая з'явілася разам з доларамі. Залоза i Палавінка схіліліся над сталом i выцягнулі галовы, быццам баючыся, што могуць прапусціць самае значнае. А значнае — як губернатар возьме грошы. Утварылася паўза.
Падбярозскі як бы адчуў непамерны цяжар трыццаці тысяч долараў, палажыў пачак на стол каля талеркі губернатара.
Вікенцій Паўлавіч падумаў: «Няўжо здымаюць скрытай камерай? Але дзе яна?» Здавалася, не было месца, дзе маглі б схаваць камеру.
Пачаў адсоўваць цяжкае крэсла, каб выйсці. Даючы яму дарогу, падхапіўся Мудроны. А Залоза самлела адкінуўся на спінку крэсла i глуха прапанаваў:
— Давайце хоць вып'ем аглаблёвую.
— Давайце, — згадзіўся губернатар i сам наліў сабе віна.
Выпіў i выйшаў з-за стала.
— А грошы? — шэптам спытаў банкір.
— Грошы? Завязі заўтра ў школу для дзяцей-інвалідаў, здай дырэктару. Распіску прышлеш мне.
Пайшоў да дзвярэй.
Мудроны цёр далоні.
Залоза наліў поўны бакал каньяку, залпам асушыў.
Палавінка дзіўна хмыкнуў — ці то яму захацелася засмяяцца, ці то заплакаць. Падбярозскі схапіў пачак i сунуў ix у бакавую кішэню пінжака. Глуха кінуў:
— Ідыёт!
— Хто? Губернатар? Ці сам ён?
Вікенцій Паўлавіч яшчэ спаў (да чатырох гадзін разам з маладымі глядзеў навагоднюю перадачу), калі яму пазваніў Алег Пакумека i далажыў: на світанні наш кантрольны пост на ўкраінскай мяжы затрымаў машыну ўпраўляючага банкам Падбярозскага Андрэя Мінавіча, ехаў з жонкай i дачкой; у машыне чатырыста тысяч долараў, многа каштоўнасцей, пашпарты з замежнымі візамі. Падбярозскага арыштавалі, з членаў сям'і ўзялі падпіску аб нявыездзе.
Ніяк не мог уцяміць, навошта зладзею спатрэбіўся ўчарашні спектакль. Закалыхаць пільнасць хабарам у трыццаць тысяч? Зрабіць губернатара сваім саўдзельнікам? У любым выпадку план не ўдаўся, i, відаць, таму ён вырашыў збегчы.
10...
Упершыню Юрка прыехаў без ахоўніка.
— А дзе Палавінка?
— Захварэў.
Пра яго хваробу адразу ж далажыла Ганна Фядосаўна.
— Міхаіл Фадзеевіч захварэў.
— I не далі падмену? Дзякуй Богу, хоць адзін дзень буду мець волю, без аховы паеду ў раён, — пажартаваў Вікенцій Паўлавіч. Хутка прагледзеў пошту — ці няма чагосьці звыштэрміновага? Выйшаў у прыёмную, спытаў у сваіх — у каго што? Некаторым назначыў час. Прыём пачаў з дальніх — з тых, хто выехаў з дому пасярод ночы — дарога зімовая, не разгонішся. Старшынь Двух райвыканкамаў прыняў разам:
— Знаю, што ў вас агульныя пытанні.
Сапраўды, у кожнага пытанняў было куча. Нялёгка разабрацца ў ix. Але трэба. Унікаў у сутнасць. Спрачаўся. Абодва кіраўнікі ўпарта трымаліся сваіх думак, ведаючы дэмакратычны характер губернатара, яго падатлівасць. Абмяркоўвалі праект закона аб мясцовых паДатках: як зрабіць ix такімі, каб стымулявалі інвестыЦыі? Пакуль тармозяць. Ідэальна — знізіць падаткі. Але тады адкуль узяць зарплату настаўнікам, урачам, служачым?