Але раней, чым паехаць туды, я захварэў. Плыў ад Машы на параходзе, стаяў на палубе з самымі радаснымі ўспамінамі, узнёслымі марамі, пісаў вершы i... схапіў крупознае запаленне лёгкіх. Цяжкое. Прытомнасць страціў праз дзень ці два ў кінатэатры. Адтуль трапіў у бальніцу. Ніякіх антыбіётыкаў яшчэ не было, хвароба працякала вельмі цяжка, урач пасля сказала, што я «ў сарочцы нарадзіўся», пры такіх выпадках нямала памірае.
Не помню я, не помніла Маша, хто ёй прыслаў пісьмо аб маёй хваробе. Ці мой сябра Міша Бахун, з якім былі ў кіно i які наведваўся да мяне, ці хтось з яе аднакурсніц-гараджанак, якія рабілі ў бальніцы: кагось з ix я мог папрасіць. Атрымаўшы вестку, яна тут жа вырашыла ехаць да мяне. А гэта было не так проста, як можа здацца сучаснікам. Тады, улетку 1940 года, выйшла дурная пастанова: за прагулы, за спазненні — пад суд. Каб нікога не пасвячаць у сваю паездку ў Гомель, акрамя вернай Ані, i вярнуцца ў адзін дзень, Маша ўвечары, на ноч гледзячы, пайшла пехатой да Рэчыцы. Адна. Трыццаць кіламетраў! Пасля, у шчаслівыя сталыя гады, яна расказвала пра гэты паход як пра вясёлую прыгоду. Стомленая, пад раніцу прысела пад дрэвам узбоч дарогі. Каб сагрэцца, нацягнула на сябе медыцынскі белы халат. Пачула крокі: ідзе чалавек. Узнялася насустрач, каб спытаць, ці правільна яна ідзе. Убачыла мужчыну з ладным клункам. I толькі аклікнула яго, як мужчына кінуў клунак i пабег прэч ад белай здані; Маша зразумела, што яго спалохала тады, калі ў досвіткавых прыцемках разгледзела, што сядзела на краю могілак.
Крызіс ужо мінуў, я ачуняў i, можна ўявіць, як узрадаваўся, калі ў палату ўвайшла яна, мая жонка. Так з гонарам i прадстаўляю яе суседзям:
— Мая жонка.
Сядзела яна доўга, пакуль хтосьці з былых аднакурсніц, з-за ганебнай зайздрасці, не данёс галоўнаму ўрачу Басі Ісакаўне. Тая накрычала на палатную сястру, на наведвальніцу, адабрала халат. Але яна выкладала ў тэхнікуме, вяла практыку, помніла лепшую студэнтку і, выслухаўшы яе споведзь, дазволіла пасядзець яшчэ.
Маша не сказала мне, што паедзе ў той жа вечар i зноў будзе ісці ад Рэчыцы да Артукоў усю ноч, каб заўтра быць на працы, не трапіць пад суд. Во жыццё было!
У Беластоку я тры месяцы карміў клапоў на кватэры ў нейкай збяднелай ушчэнт рускай дваранкі, бабулі з вывіхамі: то яна расказвала, як прыгожа жыла да «бальшавіцкага перавароту», то замыкалася i падазрона сачыла за намі: ці не маем мы намер загнаць яе ў Сібір? Можа, дзеля аховы яна пусціла ў цесную кватэрку — два маленькія пакойчыкі — двух «бальшавікоў»; напарнікам маім быў нейкі, бадай, такі ж падазроны, як бабуля, бухгалтар-ленінградзец.
У райпрамкамбінаце, дзе я служыў, мясцовыя полькі i яўрэйкі любілі мяне: пан гжэчны, далікатны, ветлівы; начальнік, адстаўны вайсковец, магчыма, з НКУС, ганяў ix часам да непрыстойнасці груба. Мяне не любіў, раўнаваў, казаў: «Што ты, камсамолец, падлізваешся да гэтых панскіх курваў? Дай ім уладу — яны нам з табой вочы выкалюць».
Не падобныя былі жанчыны, дзяўчаткі на крыважэрных: вельмі паслужлівыя, чаем нас паілі, мяне i начальніка; пячэнне ix ён еў з задавальненнем, не баяўся, што атруцяць.
У прамкамбінаце, акрамя іншых дробных фабрычак, майстэрняў, было добрыя дзесяткі два цагляных i чарапічных заводзікаў. Мая сфера, я вёў ix. На «заводы» гэтыя ганяў мяне начальнік у камандзіроўкі. Там я карміў блох, начаваў у хлявах. Гаспадары нацыяналізаваных прадпрыемстваў нярэдка адносіліся да ўсходніка адкрыта варожа, рэдка хто запрашаў павячэраць. Кантралёр з мяне быў ніякі, звесткі аб прадукцыі мне давалі ліпавыя, начальнік мой разумеў гэта i чырванеў ад гневу:
— Гаўно ты, а не савецкі работнік!
Такую праўду я не мог аспрэчыць. I кінуць працу нельга — засудзяць, закон бязлітасны. Ды i выехаць нельга без дазволу арганізацыі: на былой мяжы існаваў прапускны рэжым. Было адно збаўленне: прызыў у Чырвоную Армію. I я марыў аб гэтым шчасці. Кажу гэта без іроніі: служба ў арміі — ганаровы абавязак. Так мы былі выхаваны, абаронцы Радзімы. Аднаго не магу дагэтуль уцяміць, i ніхто не мог растлумачыць мне, чаму тысячы маладых людзей, накіраваных у Заходнія Беларусь i Украіну, павінны былі для прызыву вярнуцца ў ваенкаматы, дзе першапачаткова прыпісаны: прызыўнікоў не знімалі з уліку. Але для мяне гэта была радасць — ехаць дадому.
Абвясцілі прызыў — i на чыгунцы тварылася стоўпатварэнне. На «Гродна — Мінск» білета не ўзяў. Па падказцы свайго начальніка, які стаў добрым, паехаў праз Брэст. Уначы перад Брэстам пагранічнікі знялі з поезда вялікую групу, у якой нямала было i жанчын. Ноч трымалі ў нейкай адрыне. На другі дзень прызыўнікоў пасадзілі-такі ў поезд у патрэбным нам напрамку — на ўсход.