Выбрать главу

Маці не ахнула, не пляснула рукамі, не заплакала. Сумна сказала:

— Я лягла пасля абеду i сасніла нядобры сон.

— Сон твой у руку.

— Аксён даведаўся пра гэтага твайго... як яго?..

— Ігара, свет Пятровіча. Даведаўся! Як яшчэ даведаўся! Прыехаў на дзень раней з Масквы...

— О Божа! Адкуль у цябе столькі цынізму?

— Ад сытага жыцця.

— Ах, Ядзя, Ядзя! Калі ты за розум возьмешся? Што бацька?

Суддзя Закрэўскі быў яшчэ на працы. Сустракацца з бацькам Ядвізе не хацелася — хуткі на расправу, гарачы, няхай астыне. Бацька добры, яна любіла яго. Але рукі распускаў. I ў маленстве даставалася часта, i дарослай колькі разоў адвешваў звонкія аплявухі. Але кара не была для яе навукай, наадварот, пасля такога выхавання рабіла ўсё на злосць бацькам.

Пазваніла свайму каханаму. Рабочы дзень канчаўся, але ён знаходзіўся ў кабінеце: адпрацоўваў прапушчаныя для паездкі на дачу гадзіны.

Прапанавала сустрэцца. Адчула, што яму не хочацца сустракацца другі раз на дні. Моцна ўзлавалася, але злосці сваёй не выдала, уніжана папрасіла:

— Мне трэба табе такое расказаць! Такое... Ты парад уешся.

Расказала весела, са смехам, гуляючы па парку. Але радасці ў Камяка не пачула, убачыла, што ён пазмрачнеў. Гэта яе раззлавала яшчэ больш.

Вярнулася дадому як пабітая. I каб абяззброіць бацьку, зарыдала на яго плячы.

Разгублены Закрэўскі ласкава гладзіў плечы дачкі.

— Ну, супакойся, супакойся. Не ты першая, не ты апошняя. Разводзяцца сорак працэнтаў. А сярод маладых — кожны другі.

Суддзя спытала:

— Што вас прымушае, пан Крапіўка, разводзіцца?

— Не наладзілася жыццё. У мяне цяжкі характар. A Ядвіга адказала зусім інакш:

— Аксён Пракопавіч сказаў няпраўду. Вінаватая я. Я пакахала другога i жыву з ім.

У суддзі, сталай жанчыны, i ў сонных засядацеляў, якім абрыдлі такія працэсы, здзіўлена расшырыліся вочы. Пытанняў з ix ніхто болыы не задаў. Не раючыся, вынеслі вердыкт: развесці.

Разам спускаліся па лесвіцы з другога паверха. I Ядвіга ўзяла яго пад руку.

— Не пярэчыш? Апошні раз прайду пад ручку з табой. Ты ва універсітэт ці дадому?

— Дадому.

— Я падвязу цябе, у мяне машына.

— Не, не трэба. Дзякуй. Баюся.

— Чаго?

— Раптам завязеш на новую рэгістрацыю. Яна весела засмяялася.

— А ты авалодваеш гумарам. З цябе будзе чалавек.

— А цяпер — не чалавек?

— Цяпер — прафесар, набіты формуламі.

— Гэта я чуў.

— Больш не пачуеш, — адчыніла дзверы. — Сядай.

— Не.

— Ну i дурань.

— Дзякуй.

— Гуд бай, сонца васьмі гадоў майго жыцця.

— Будзь здаровая.

— I табе — новага шчасця.

— Ты не аднойчы ўспомніш мяне.

— Успамінаюць па-рознаму.

— Як хочаш, але ўспамінай, — i нырнула ў машыну, завяла матор.

Ён стомлена пакрочыў пад слякотным майскім сонцам.

Нейкі час Аксён Пракопавіч ішоў бяздумна, душэўна спустошаны. Развод не даў адчування вызвалення. Здавалася, што ён не вызваліўся, а наадварот заблытаўся. Што ў яго засталося? Матэматыка? Але з ёю можна легчы ў труну, а не ў мяккі ложак. З ёю можна паразмаўляць, рашаючы адмысловыя задачы, але да яе не прытулішся, не пацалуеш i не пагаворыш нават аб самым простым — аб жыцці.

Ядвіга ўмела пагаварыць пра жыццё, пра чужое — асабліва, ведала ўсе навіны, быццам мела прамую сувязь з добрай сотняй знаёмых; не толькі міністэрскія, але i універсітэцкія плёткі ведала такія, пра якія ён не чуў.

Спыніўся на скрыжаванні i як застыў; двойчы ці тройчы памяняліся «чалавечкі» на светафоры — зялёныя на чырвоныя i наадварот. Ці трэба яму пераходзіць на той бок? На бок чаго — праспекта ці жыцця? Можа, пайсці на чырвоны перад патокам іншамарак? Затармазілі б яны? Ці змялі б яго? I скончыліся б усе праблемы.

Схамянуўся. Дурныя думкі! Пасаромейся, прафесар! Лягчэй ад вяртання ў рэальны свет не стала. Зноў, як не аднойчы ў бяссонныя ночы пасля ад'езда Ядзі, агарнуў смутак адзіноцтва i жаль да сябе.

Абрабаваны, пакрыўджаны, з выбітым цвёрдым грунтам, на якім стаяў, здавалася, трывала. Але ён не быў, выходзіць, цвёрды, проста яму, аслепленаму сваёй навукай, так здавалася. А чалавек, на якога абапіраўся, бессаромна ашукваў яго.

«Будзь ты праклятая!» — сказаў уголас, ажно нейкая жанчына здзіўлена зірнула на яго, але тут жа дакарыў сябе: нядобра праклінаць чалавека. Не жадае ён Ядзі зла. «Будзь шчаслівая», — сказаў на развітанне без усялякай злосці, са шчырасцю.

Перабег шырокі праспект, калі светафор ужо маргаў, i машыны, што звяры, рвануліся на яго.