— Правільна зробіце, — ухваліў бармен, здагадаўшыся каму.
Прафесар схамянуўся: «Што гэта я адкрываю душу перад гэтым хлюстом? Не трэба? Мая тайна — гэта мая тайна. А морду набіць трэба. Пасадзяць? Не пасадзяць. Я ж не збіраюся яго забіваць. Паглажу яму плеш, каб унізіць, як ён, гад, унізіў мяне, забраўшыся ў маю пасцель. Пайду да яго. У міністэрства?.. Не, дадому. Каб жонка бачыла...»
Неяк сядзеў у дэкана. На стале ляжаў тоўсты тэлефонны даведнік. Спачатку бадай машынальна адгарнуў прыватныя тэлефоны. Потым адлістаў літару «К». Хутка знайшоў: Камяк Ігар Пятровіч. Адрас, тэлефон. А памяць у яго на лічбы фенаменальная, запісваць не трэба. Нумар дома, кватэры трымаліся ў галаве, як забітыя цвікі.
«Не паб'ю, дык хоць напалохаю. Ён чакаў, што я паб'ю яго ў тую злашчасную раніцу. А я — размазня. Талстовец няшчасны».
Кароткія ўсходцы здаліся даўжэзнай лесвіцай, як у метро. У тралейбусе жанчыны адварочваліся ад яго. Гэта злавала. Хацелася кінуць ім абразлівае, але стрымаўся: злосць, як i радасць, трэба берагчы.
Доўга стаяў перад дзвярамі, не адважваючыся пазваніць. Слухаў, як тахкае сэрца, пульсуе кроў у скронях. Ад каньяка? Ці ад незвычайнасці сваёй задумы? Разумеў, што ўдарыць ён не здолее — п'яная фантазія. Не дарэмна п'яныя часам робяць нечаканыя, вар'яцкія ўчынкі.
Хацеў ужо спускацца назад. Але з суседняй кватэры выглянула жанчына, мабыць, сачыла ў «вочка», ветліва сказала:
— Пазваніце яшчэ раз. Ірына Уладзіміраўна дома, я нядаўна хадзіла да яе. Хіба заснула...
Адступаць няма як — пазваніў, хаця падумаў:
«А навошта мне Ірына Уладзіміраўна?» Але тут жа загарэлася цікаўнасць: якая ў яго жонка?
Яму без запытання «хто?» адчыніла прывабная, танклявая жанчына, смуглявая, што мулатка: чорныя валасы, модная завіўка, вялізныя карыя вочы, пад чорнымі, як намаляванымі, брывамі.
Не здзівілася, але ўважліва ўгледзелася, пэўна, пазнаючы. I ён пазнаў яе. Некалі звярнуўся ў паліклініку з болем у паясніцы, i хірург паслаў да неўрапатолага. I вось гэтыя мяккія ручкі мацалі i мялі яго паясніцу, ажно рабілася няёмка.
Дык вось якая яна, яго жонка! I ад такой ён бегае налева? I ён зазлаваў яшчэ больш.
«Я такі дам яму па мордзе. Не сёння — заўтра. У міністэрства пайду, знайду яго там».
Прыветліва i вінавата ўсміхнуўся гаспадыні:
— Я пазнаў вас, Ірына Уладзіміраўна.
— I я пазнала вас. У вас цікавае прозвішча — Моіжаўка. Так?
Ён засмяяуся.
— Не так. Крапіўка.
Шчокі яе запунцавелі, i ад гэтага яна стала яшчэ больш прывабная.
— Прабачце. Аднак праз парог... Праходзьце.
Аксён Пракопавіч нясмела пераступіў парог. Зняў капялюш. Яна запрасіла яго ў даволі прасторны пакой са знаёмым «Гарызонтам» i такой жа, як у яго, канапай. Але сервант стаяў шыкоўны, імпартны, за шклом — дарагія сервізы, кубкі, чаркі, фужэры, фарфоравыя фігуркі звяроў. Стол на такіх жа выгнутых ножках, два мяккія крэслы з таго ж камплекта. Як трапіла сюды прымітыўная бабруйская канапка?
Падумаў: на ёй спіць яна, калі даведалася пра здраду пляшывага. Яны — таварышы па няшчасцю. У вачах зашчыпала ад жалю да яе, гаротнай.
— Сядайце, — яна паказала на мяккае крэсла.
Ён сеў, паклаўшы рукі на калені, як вучань у настаўніцкай. Яна села на канапе, насупраць. Нейкі час глядзелі адзін на аднаго. Ён любаваўся ёю, раптам супакоены — перестала балець галава. Яна, бадай, вывучала яго, мабыць, жадаючы здагадацца, з якой нагоды з'явіўся гэты нечаканы госць.
— Вы да мяне?
Аксён Пракопавіч набраў паветра поўныя грудзі i баяўся яго выдыхнуць.
«Што сказаць? Як сказаць? Ганебна стаць даносчыкам. Але я скажу! Я скажу... Яна павінна ведаць... Няхай ведае, а то, можа, жыве ў няведанні i, можа, цешыцца».
Гучна выдыхнуў, узлаваўся на сваю нерашучасць:
— Я прыйшоў даць па мордзе вашаму... пляшываму кату. : УчйИ
Яе вочы расшырыліся ад здзіўлення, сталі яшчэ прыгажэйшымі, але ён убачыў у ix іскрынкі смеху.
— Вы можаце гэта зрабіць?
— Я не знаю. Можа, гэта такая п'яная фантазія. Я напіўся сёння, — i як бы апраўдаўся перад ёй: — Першы раз у жыцці.
— Я не пытаю — за што...
— А я скажу. Сёння я развёўся з жонкай.
— О Божа! — Ірына Уладзіміраўна панурыла галаву i апусціла вейкі.
А яго прабіла на шчырасць, на бязлітасную шчырасць: няхай ведае!
— Я застаў ix у ложку... у сваім... Прыехаў з Macквы.
Яна закрыла твар далонямі.
— Прашу вас. Не трэба. Я ведаю больш. О, колькі я ведаю!
— Ведаеце i церпіце? Жывяце з ім?
— Як мы жывем — адзін Бог ведае.
— Да плюньце вы на яго! Вы такая... — не сказаў, што прыгожая. — I вы маеце кавалак хлеба. У вас добрая прафесія.