Выбрать главу

— Ірына? Ірына! Праўда, вы?

— Я... Я... Як вам жывецца, Аксён Пракопавіч?

— Ды жыву! Жыву! Сёння апошні экзамен прыняў.

— I цяпер адзін дома?

— Адзін! У гордай адзіноце. Пераварваю формулы i... лес свой...

Яна памаўчала, але ён чуў яе перарывістае дыханне.

«Чаму яна так хвалюецца?»

— Ірына! Ірына!

— Я слухаю, Аксён Пракопавіч.

— Не знікайце!

— Я не знікаю. Але мяне душаць слёзы. Я не находжу сабе месца. Пазаўчора я... я, — i зноў паўза, — развялася са сваім... Вы далі мне сілу волі...

— Дык чаму ж вы плачаце? Радуйцеся!

— Каб я магла радавацца... Вы радаваліся? Вы напіліся...

— Ад глупства свайго. Ірына! Алё, алё! Дзе вы там?

— Я слухаю.

— Ірына! Ірына! Давайце сустрэнемся!.. Зараз жа! Неадкладна. Я прыеду да вас... у Купалаўскі сквер.

Згодны?

— А не позна?

— Не позна! Глядзіце, яшчэ не сцямнела. Праз паўгадзіны буду каля вас. Выходзьце!..

— Каля лебедзя?

— Каля лебедзя!

Трубку паклаў не адразу, чакаў, што яна яшчэ скажа. Не, гудкі!

Ліхаманкава пачаў апранацца. Збег па лесвіцы што на пажар. Захваляваўся, што няма тралейбуса. А навошта тралейбус, які будзе цягнуцца больш за паўгадзіны! A Ірына чакае. Пачаў «галасаваць».

У машыне падумаў з вясёлым гумарам, што ніколі так не спяшаўся на спатканні — ні на першыя, у дзевятым класе, ні да Ядзі.

Ірыны не было каля хлопчыка з лебедзем. Гэта спалохала. Пажартавала? Не, не магла яна жартаваць!

Прагна ўдыхаў вільгаць ад пырскаў. Але праз колькі хвілін фантан выключылі. Цямнела, але ў цемры ярчэй гарэлі ліхтары. I ён пабег ёй насустрач.

Яна першая схапіла яго за дзве рукі.

— О Божа! Добра, што вы... — не адразу сказала: — Ёсць.

— Добра, што вы ёсць.

— Я не знаходзіла месца. Я мушу застацца ў кватэры... а куды пайсці?.. пакуль не размяняем... Ен паехаў на дачу. Але ў п'янага ў яго самыя нечаканыя фантазіі. Ён мог вярнуцца. А ён дурны п'яны.

— Цяпер ён не кране вас.

— Рукамі — не, хоць даваў волю i рукам. Але словаMi... Я перадрыжэла перад разводам. Мне стала лягчэй, калі ўсё скончылася, а ён вылаяў мяне, абразіў, i я ўвесь астатні дзень праплакала. О, каб вы ведалі, што я перажыла!..

— Я разумею... — i пачаў расказваць пра свой развод.

Яна маўчала, выпусціла адну яго руку i не выпускала другую, як выратавальны круг.

Яны прайшлі з цэнтральнай алеі на бакавую, дзе менш святла.

— Калі вы баіцеся, я магу пайсці да вас.

Ірына выпусціла яго руку i адхіснулася.

— Ды вы што! Як можна! Вы абражаеце мяне.

Аксён засмяяўся.

— Не бойцеся. Я не кусаюся. Я вельмі рахманы. А хочаце, пойдзем да мяне.

— Не, не! Што вы! Я не думала, што вы такі...

— Я не такі, я нармальны. Я нармальны чалавек. Давайце пяройдзем на «ты», i я скажу табе такое...

— Што? — яны стаялі пад ліхтаром, i ён убачыў у вачах яе цікаўнасць, а вусны дрыжэлі.

— Добра, я скажу... Давай заўтра пададзім заяву.

Ірына на міг як акамянела. Потым уткнулася тварам яму ў грудзі; ён асцярожна падтрымаў яе за плечы, якія не ўздрыгвалі ад плачу i не напружваліся ад радасць Доўга маўчала, потым уздыхнула, адхілілася, спытала:

— Вы сур'ёзна?

— Я жрэц сур'ёзнай навукі, — пажартаваў ён.

— Ты — жрэц, — згадзілася яна. — Але што скажуць мае калегі? Што падумаюць! Яны шкадавалі мяне. А я праз тры дні пасля развода зноў збіраюся замуж? Не, Аксён. Я заўтра аформлю адпачынак, паеду ў вёску да свайго сыночка, да мамы. Трэба перажыць. Трэба вынасіць сваё новае каханне... як дзіця.

— Не дзевяць жа месяцаў, — пажартаваў Аксён.

— Не, не дзевяць.

Яны доўга хадзілі, расказваючы адно аднаму чамусьці пра сваё маленства, пра свае студэнцкія гады, i быццам спатыкаліся, калі размова падыходзіла да шлюбаў, — не хацелі называць сваіх былых. Пераходзілі на размову пра матэматыку, пра медыцыну.

Стаміліся, селі на лаўку, i тут яна дазволіла пацалаваць сябе.

Цалаваліся да світання. I смяяліся, што яны — як упершыню закаханыя.

Вяселле адбылося ў жніўні, без шлюбных атрыбутаў. Толькі сведкі: у яго — Алег Гукавец, у Ірыны — яе стрыечная сястра Люда. Да яе ж i паехалі пасля рэгістрацыі, яе маці накрыла святочны стол. Выпілі ажио чатыры пляшкі шампанскага. I гэта было ix вяселле! А праз тры дні (пуцёўкі Аксён узяў загадзя) паехалі на Нарач. У ix быў незвычайны мядовы месяц: абое, перажыўшы крушэнне, не спадзяваліся, што жыццё можа падарыць столькі шчасця i радасці. Праўда, Аксён хваляваўся за Ірыну: яна плавала, што дэльфін, i заплывала ледзьве не на сярэдзіну возера. Хаця плавала не адна — з майстрам спорту, — рэўнасці ён не адчуваў, a толькі баяўся за яе. Дні два дрыжэў, сігаючы па мастках, узіраючыся ў бліскучую водную гладзь, на якой нырала чырвоная шапачка. Прасіў, маліў не заплываць так далека. Абяцала і... парушала слова, паддавалася азарту. Пабіць хацелася спартсмена, які падбухторваў.