Выбрать главу

— Паплывём, Ірына Уладзіміраўна?

— Мне муж не дазваляе.

— Аксён Пракопавіч, ды вы проста феадал. Не бойцеся. Жонка ваша выдатная плыўчыха. Каб гадоў на дзесяць раней, я зрабіў бы з яе рэкардсменку.

Мужа яна ні разу не ўпікнула, што перад людзьмі праяўляе сваю ўладу, хоць чула, што з яго пасміхаюцца. Яе цешыў такі яго клопат, страх за яе. Але, перапоўненая шчасцем, яна набыла сваю даўно забытую дзявочую гарэзлівасць. Ён уступіў ёй: шчодра ўзнагародзіў дзяжурнага чаўночніка, аматара чаркі Юзіка, каб той плыў за імі на чаўне.

Ірына сказала:

— Хітруган ты, пан прафесар. Але мне прыемна твая хітрасць, — i пацалавала.

Ёй амаль усе з адпачываючых былі знаёмыя, i яна арганізавала вясёлую валейбольную кампанію, якая ўвечары ператваралася ў «шашлычную»: ішлі на паляну, смажылі шашлыкі, пілі віно.

Да Ірыны жанчыны адносіліся прыветліва, але раўніва: яна была каралевай баляў, заўсёды знаходзілася ў цэнтры ўвагі. Загарэлая, яна сапраўды стала падобная на крэолку. Пасол лацінаамерыканскай краіны, які прыехаў адпачываць, звярнуўся да яе па-іспанску. З гэтага весела смяяліся, расказвалі, як анекдот.

Аксён пашкадаваў, што так хутка праляцеў тэрмін пуцёўкі — залатыя тры тыдні. Сапраўды залатыя, незабыўныя, як ні адзін адпачынак за яго жыццё — на Каўказе, у Крыме, у Балгарыі...

Ірына не шкадавала курорта, бо імкнулася ў новае падарожжа, якое хвалявала шмат мацней.

Паехалі ў вёску, да яе бацькоў. У аўтобусе Ірына сказала:

— Я хвалююся, Сеня. У мяне грубаваты бацька... не крыўдуй, калі ён скажа штось не так.

— Пра што ты кажаш, Іра! У мяне тоўстая скура, яе не прабіць словамі. I я не з паноў — з той жа вёскі, знаю я нашых людзей. У ix, бывае, вырываюцца крутыя словы, але ў ix добрая душа.

— Ты ўсё знаеш.

— Усяго не знаю. I людзей не знаю, інакш раскусіў бы...

— Не трэба, Сеня, — Ірына сціснула яго рукі — так кожны раз, калі ён з якой нагоды ўспамінаў былую жонку. — Не забывай: мы, бабы, хітрыя. Мы такое племя...

— Сябе не далучай да гэтага племя.

Яна засмяялася.

— Ты ідэалізуеш мяне. Глядзі, расчаруешся...

— О не! Ніколі!

— Які ты ўпэўнены!

— Я ўпэўнены? Ды я ў задачах сваіх сумняваюся. Толькі ў табе я ўпэўнены.

Бабуля, якая сядзела наперадзе, павярнула галаву, з добрай усмешкай сказала:

— Вы — як галубкі. А немаладыя ўжо. Ты татарка, бабанька?

Ірына засмяялася i сказала:

— Можа, i татарка. Да Любані даходзілі татары. Крымскія. Можа, які i ўпадабаў маю пра-пра-прабабулю. Але я беларуска. I прозвішча маё бацькоўскае беларускае — Шаплыка.

— Ва ўсіх нашых татар беларускія прозвішчы, — сказаў інтэлігентны мужчына цераз праход.

Паўсалона ўцягнулася ў размову: дакуль даходзілі татары, якія, дзе ix білі, дзе яны нашых білі. Дасведчана спрачаліся інтэлігент i хлапчына ў паношаным спартыўным касцюме, мабыць, студэнт, што ехаў памагчы капаць бульбу. Ix слухалі — гісторыкі! вучоныя!

— А я гэтага не ведаў, — прызнаўся жонцы Аксён Пракопавіч. — Які я невук! Вернемся — праштудзірую гісторыю. Не адзін падручнік...

— На ўсё не хопіць часу. Займайся сваёй матэматыкай.

— Не, ты не знаеш, які я зацяты. Калі чаго не ведаю — не засну. Пасярод ночы чытаю.

Ірына горача дыхнула мужу ў вуха, прашаптала:

— Не бойся, са мной ты будзеш спаць, — i зноў засмяялася, ажно інтэлігент цераз праход коса зірнуў на яе: не цікавіцца дамачка гісторыяй, пэўна падумаў: «Хіба такой красуні да гісторыі».

A Ірына сапраўды першая адключылася ад гісторыі i яго адарвала:

— Паглядзі, які бярозавы гай! Цуд! Як гарыць...

Паабапал шашы стаялі бялюткія бярозы — як нявесты. Ix кроны восень ужо пазалаціла, але яшчэ засталося i зялёнае лісце.

Ад захаплення ў Аксёна заняло дыханне: даўно яго не краналі гэтак родныя краявіды. Ірына дала яму адчуванне прыгажосці прыроды — там, на Нарачы, i тут, на яе зямлі. На яе... Недалёка i яго зямля: колькі засталося да Хойнікаў! Веска яго не выселена, але калі наведваў бацькоў, борам не захапляўся, думаў аб небяспецы, побач з якой жылі блізкія: нельга збіраць ягады i грыбы, лавіць рыбу.

Праблемы з бацькамі не было. Уладзімір Іванавіч прыняў зяця як свайго аднавяскоўца, адразу на «ты»... I маці... Не, Любоў Андрэеўна ў першыя хвіліны пільна разглядала зяця.

— Што ты так любуешся ім, мама? — засмяялася Ірына.