Выбрать главу

— Вы праўда прафесар?

— Прафесар, прафесар, мама.

— А я спалохалася, калі ты напісала. Падумала: стары, з сівой барадой... Як у кіно. А вы такі малады. I прыгожы.

— Дзякуй.

Пасмяяліся.

Цяжэй ішло знаёмства з Ірыніным сынам Уладзікам.

Яго не было дома. Ірына пайшла шукаць. Доўга не прыходзіла. I Аксён адчуў, што хвалюецца. Не разумеў чаму. Перад сустрэчай з прэзідэнтам так не хваляваўся, як перад сустрэчай з дзіцем. Урэшце Ірына прывяла сына — светлавалосага хлопчыка, зусім не падобнага на яе. Праз акно ён бачыў, як яна абтрасала хлопчыка, прыхарошвала.

Сказала ў хаце:

— Уладзік, гэта твой тата.

Пяцігадовы чалавек набычыўся, глянуў з-пад ілба i рашуча адказаў:

— Ета не мой тата.

Ірына пачырванела, у бабулі на вачах з’явіліся слёзы. А дзядуля сказаў:

— Ды не мучце вы яго, дайце чалавеку асвоіцца.

Уладзік пацяплеў, калі атрымаў цацкі — цэлую торбу: паравозы, аўтамабілі, ракеты, пісталеты i сур'ёзныя звяры — мядзведзь, леў, слон.

Выказаў сваё захапленне:

— Ух ты! Віцька лопне... Мама, а можна ляльку даць Зінцы?

— Можна, сынок, можна. Ты добры хлопчык.

На другі дзень, у суботу, выбіралі бульбу: да сарака сотак гарода ўзялі яшчэ паўгектара зямлі далека ў полі. Трэба жыць! I дзецям памагаць, якія ў гарадах, на зарплаце; трое інстытуты кончылі — урач, інжынер, настаўніца, а без бацькоўскай бульбы бадай галадалі б.

A ў нядзелю — нават Ірына не высветліла, па чыёй ініцыятыве — сабралася чалавек дваццаць сваякоў, суседзяў. Вяселле. Калі маці нагатавала? А можа, ёй няцяжка было, бо сваякі прыносілі сваё — вяндліну, пірагі, масла, смятану. Пілі, елі. Спачатку стрымана, мабыць, саромеліся новага зяця: прафесар! А пад хмелем разышліся. Ірыніна сястра крычала:

— Ірка! А ты добрага мужыка сабе ўхапіла! Той, пляшывы, мне не прыглянуўся... Цалавацца лез, слюнявы. Я чуць яму не заехала. Казалі, што ён міністр. Праўда? А прафесар — лепш! Калі не барадаты. Не люблю барадатых. Мой Косцік у дваццаць бараду адрасціў. Дурная мода! Хацела яго, соннага, абстрыгчы.

А мужчына, дзядзька Васіль, лез з іншым:

— А што ён у цябе п'е, як певень? Такі дуб, а п'е напарсткамі. У нас так не п'юць. Глушаць яе, заразу, стаканамі.

Ірына сарамліва пасміхалася, як Аксён весела смяяўся — ён любіў сялянскую шчырасць. I выпіўшыя сяляне не здаваліся яму такімі брыдкімі, як гарадскія заўсёднікі піўных павільёнаў.

На трэці дзень шчырай працы, падчас пагрузкі мяшкоў на трактарны прычэп у Аксёна скруціла паясніцу.

Лячылі: цешча клала гарачыя цагліны, Ірына рабіла масаж i ездзіла ў Любань за лекамі. Прымусіла сядзець дома.

У час гэтага «вялікага сядзення» ён паразумеўся з Уладзікам. Сам не ведаў пра свой талент выхавацеля. Але прыгадаў сваё школьнае захапленне: майстраваў цацкі, лялькі з усяго, што было пад рукой: з дрэва, бяросты, шышак, з паклі, саломы, анучак.

Уладзік любаваўся з яго ўмення, весела выгукваючы:

— Ух ты! Майстра ты, Аксён!

Паясніцу вылечылі.

Канчаліся адпачынкі. Цягнула ў аўдыторыі. Ірына прызналася, што яе не вельмі цягне ў паліклініку.

— Я люблю сваю працу. Але мне так спадабалася на курорце i тут, дома. Ніколі не думала, што чалавек можа мець столькі шчасця, колькі мела я ў гэтым незабыўным месяцы. Ці паўторым мы яго?

— Паўторым, Іра, паўторым. Цяпер яно заўсёды будзе з намі, наша шчасце.

Хацела забраць з сабою сына. Але бабуля гатова была легчы на парозе.

— Пакуль у школу не пойдзе — не аддам!

I дзядуля ажно праслязіўся.

Хлопчык разрываўся паміж маці i бабуляй. Пра горад у яго не захавалася ўспамінаў. А тут, у вёсцы, — казка. Але — мама...

— Мамачка, а ты не забудзеш мяне?

— Сыночак мой маленькі, як жа я забуду цябе? Крывіначка мая!

У аўтобусе ў пачатку дарогі Ірына часта даставала насоўку.

— Іра, не хлюпай носам, а то высаджу, — пажартаваў Аксён.

Яна прытулілася да яго пляча, адчула яго сілу, яго цеплыню i ажыла. Асцерагалася, каб не перадаць смутак яму: ён павінен быць вясёлы, бо яго весялосць, якую назірала ў санаторыі, у бацькоў, — яе шчасце. У ix жа зусім іншае жыццё, чым было ў яе з тым... I яна павінна зрабіць усё магчымае, каб яно заўсёды заставалася такім.

Спытала ў Аксёна:

— Хто сказаў: «Свята, якое заўсёды з намі»?

— Хемінгуэй.

— Ты ўсё знаеш! — i пацалавала яго ў шчаку, не саромеючыся пасажыраў.

6...

У першы ж дзень працы Ірына прынесла навіну: у ix паліклініку сыходзяцца плёткі з усяго горада.

Яна прыйшла позна, калі Аксён працаваў пры святле настольнай лямпы. Заглянула ў пакой, уключыла люстру.